Бяспечныя канікулы на Стаўбцоўшчыне

Ахова правапарадку Важное

На дарогах Міншчыны з пачатку 2020 года зафіксавана 19 ДТЗ з удзелам дзяцей. У іх 20 дзяцей атрымалі траўмы. Пераважная большасць сярод пацярпелых – дзеці-пешаходы.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму не губляе актуальнасці. У бягучым годзе назіраецца рост аварый з непаўналетнімі, у сувязі з чым з 16 сакавіка па 5 красавіка (напярэдадні і ў перыяд вясенніх школьных канікулаў) ДАІ Мінскай вобласці аб’явіла комплекс прафілактычных мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы. Вясна-2020».

У адносінах да вадзіцеляў, якія не выконваюць патрабаванні дарожных знакаў або разметкі і не даюць перавагу ў руху пешаходам, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да пяці базавых велічынь.

Аднак пешаход, які мае перавагу на нерэгуляваным пешаходным пераходзе, абавязаны пераканацца ў адсутнасці транспартных сродкаў, паглядзець па баках і ўпэўніцца, што вадзіцель яго прапускае. Практыка паказвае, што знаходзяцца няўважлівыя вадзіцелі, якія могуць у любы момант пераключыць сваю ўвагу і не прыкмеціць пешахода. Небяспеку ствараюць прыпаркаваныя аўтамабілі, з-за якіх, як і з-за любой іншай перашкоды, можа выбегчы малалетні пешаход.

У ДТЗ церпяць і дзеці-пасажыры, таму важна памятаць пра правілы іх перавозкі ва ўзросце да 12 гадоў, а менавіта з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці.

Рэкамендуем бацькам дабіцца таго, каб дзіця, знаходзячыся паблізу або на праезджай часці, не размаўляла па тэлефоне і не слухала музыку ў навушніках, таму што гэта адцягвае ўвагу ад дарогі. Трэба часцей нагадваць дзецям, як паводзіць сябе на дарозе і ў транспарце, што выходзіць з машыны бяспечна толькі з боку тратуара (абочыны).

Паважаныя дарослыя! Вам неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі. Будзьце ім прыкладам на дарозе. Не пакідайце іх без нагляду.

Віктар САЧУК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *