З кватэры ў кватэру ідзе аглядавая камісія

Важное Пожарная безопасность

Аглядавая камісія рэкамендуе і тлумачыць, а пытанні кшталту «Як устанавіць апавяшчальнік у кватэры пасля рамонту?» або «Як лепш прачысціць прыбор ад пылу?» – найбольш частыя ў жыльцоў шматпавярховага мікрараёна Стоўбцаў.

У членаў гарадской аглядавай камісіі – чарговы выхад у масы, а менавіта да жыльцоў дома  № 13 па вуліцы Міру. Перавага аддадзена, як звычайна, вячэрняму часу, калі заканчваецца рабочы дзень і ўсе вяртаюцца дамоў.

У адной з кватэр аглядавую камісію сустрэлі бацькі і двое дзяцей, васьмі і чатырох гадоў. Пасля двух-троххвіліннага агляду гучыць рэзюмэ: «Апавяшчальнікі ёсць ва ўсіх жылых пакоях, яны ў рабочым стане, таму развітваемся з вамі да наступнага года».

Недахопаў у пажарным стане кватэры не выяўлена, але пад актам абследавання трэба паставіць подпіс

І далей супрацьпажарны агляд, так бы мовіць, перамяшчаецца з кватэры ў кватэру. У некаторых жыльцоў аглядавая камісія была, здаецца, зусім нядаўна, нейкіх паўгода таму, але з надыходам 2020 года агляды пайшлі па новым крузе. Камусьці з жыльцоў гэта не зусім падабаецца, але неабходнасць падобных рэгулярных сустрэч відавочная. Пацвярджаецца гэта многімі фактамі, якія не даюць магчымасці вось так адразу і ўпэўнена, без агаворак, развітацца да наступнага года.

Рэч у тым, што асобныя жыльцы забываюць своечасова мяняць у прыборы батарэйку, якая за год садзіцца. І ў такім выпадку прыход аглядавай камісіі, яе рэкамендацыі выклікаюць рэагаванне. Як правіла, станоўчае. А бываюць выпадкі, калі жыльцы свядома дэманціруюць апавяшчальнікі.

– У кватэры быў рамонт і знялі прыборы, бо яны перашкаджалі нацяжной столі, – апраўдваліся жыльцы кватэры, дзе гадуецца трое непаўналетніх дзяцей. Паабяцалі ўсё выправіць у найбліжэйшы час. Супрацоўнік пажарнай службы патлумачыў, якім чынам выйсці з сітуацыі: апавяшчальнік можна прымацаваць да сцяны на адлегласці не больш за 10 см ад столевага перакрыцця.

Прыбор-засцерагальнік павінен быць устаноўлены ў кожным жылым пакоі

Нагадаем, што аглядавыя камісіі працуюць у горадзе і сельскіх населеных пунктах згодна з рашэннем райвыканкама. У іх склад уключаны прадстаўнікі сацыяльнай службы, сферы адукацыі і аховы здароўя, мясцовых органаў улады, выратавальнікі і інш.

Падводзячы вынік аглядавай работы, старшы інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Лісоўскі яшчэ раз акцэнтуе ўвагу на тым, што прыбор знаходзіцца ў рабочым стане, калі на ім свеціцца ці перыядычна міргае лямпачка. Калі прыбор беспрычынна падае піск, неабходна яго прачысціць ад пылу (лепш – прапыласосіць) ці, магчыма, замяніць батарэйку. Жыльцы таксама  цікавіліся, як праверыць працаздольнасць прыбора (трэба націснуць на кнопку і патрымаць – ён павінен запішчаць) і як замяніць у ім элемент сілкавання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *