Парушэнні вымяраюцца кубамі

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Большая частка парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, зафіксаваных на Стаўбцоўшчыне і ў суседніх раёнах у мінулым годзе, датычыць лесакарыстання.

Пра гэта паведамілі ў Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у зоне адказнасці якой знаходзяцца тры раёны – Стаўбцоўскі, Дзяржынскі і Уздзенскі.

– 13 парушэнняў з 150, выяўленых інспектарамі ў 2019 годзе, маюць прыкметы крымінальна-каральных дзеянняў. А ўвогуле па нашых матэрыялах накладзена штрафаў, у тым ліку судамі і іншымі органамі, на 34 тысячы рублёў, значная частка іх выплачана, – зазначыў начальнік Стаўбцоўскай міжрайінспекцыі Уладзімір Лойка.

– Уладзімір Аляксандравіч, кантрольныя мерапрыемствы адносна выканання прыродаахоўнага заканадаўства традыцыйна закранаюць лесакарыстанне, рыбалоўства, паляванне. Змяняецца характар парушэнняў?

– Што датычыць парушэнняў лесакарыстання (усяго выяўлена 86), то часцей за ўсё сустракаюцца факты вывазу драўніны з парушэннем устаноўленага парадку, незаконных высечак (была спроба вывезці з парушэннямі 1913 м3 драўніны і незаконна высекчы 107 м3 драўніны). Парушэнняў правілаў рыбалоўства і парушэнняў у сферы паляўнічай гаспадаркі і палявання выяўлена 42 і 19 адпаведна. Яны не зжыты, але, трэба сказаць, што з кожным годам правасвядомасць грамадзян расце. Кантроль з боку інспекцыі ажыццяўляецца комплексна, незалежна ад дня тыдня і часу сутак, з мэтай не дапусціць знішчэння і збяднення нашага асноўнага багацця ў выніку гаспадарчай і іншай дзейнасці чалавека.

Да гэтага вадзіцеля ў інспектараў узніклі пытанні

– Які «ўлоў» браканьерскага начыння?

–  На працягу года міжрайінспекцыяй канфіскавана 137 сетак агульнай даўжынёй 5 км і яшчэ больш за 50 іншых забароненых прылад рыбалоўства. Сярод іх – сеткі-экраны, пад’ёмнікі, венцеры і г. д. Плённым аказаўся год на адабранне агнястрэльнай зброі. Канфіскавана 19 адзінак паляўнічай зброі, чатыры з якіх былі не зарэгістраваны належным чынам у органах унутраных спраў, таму лічацца нелегальнымі.

У рамках крымінальных і адміністрацыйных спраў канфіскавана больш за 70 кг рыбы і 745 кг мяса дзікай жывёлы, здабытых незаконным шляхам.

– У мінулым годзе інспекцыя аб’яўляла акцыю па добраахвотнай здачы браканьерскіх сетак. Знайшліся добраахвотнікі?

– Такая акцыя была арганізавана ўпершыню, але ўжо можна казаць пра яе вынікі. Грамадзянамі былі добраахвотна здадзены 24 сеткі (іх агульная даўжыня –паўкіламетра), а таксама 17 іншых забароненых прылад рыбалоўства.

Акцыя працягваецца, у сувязі з чым заклікаем не толькі прыносіць забароненыя прылады аматарскага рыбалоўства і сеткаматэрыялы (пры добраахвотнай здачы адміністрацыйнай адказнасці не наступае), але і быць неабыякавымі, паведамляць пра факты браканьерства, негуманных або варварскіх адносін да аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *