Мелодыі на старце лета

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Навучэнцы дзіцячых мастацкіх школ раёна паспяхова паўдзельнічалі ў І Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці «ЛьВёнак» (Лідскі вянок). У самых розных намінацыях юныя таленты маглі паспрабаваць сябе і паказаць свае здольнасці журы.

Нямала дыпломаў з гэтага прадстаўнічага конкурсу прывезлі вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Гран-пры конкурсу заваяваў узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі» пад кіраўніцтвам Л. П. Канаплянікавай-Доўнар.  Канцэртмайстрам і кіраўніком інструментальнай групы ў складзе выкладчыкаў Анастасіі Бар’ясь, Артура Лапкоўскага, Наталлі Крывавай выступіў Ягор Дырда. Харэаграфічны ансамбль танца «Шчабятушкі» адзначаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі народны танец. Кіраўнік гэтага харэаграфічнага калектыву – Кацярына Жук. Выдатна заявіла аб сабе струннае аддзяленне. Скрыпачка Сабрына Пракаповіч адзначана дыпломам І ступені з прысваеннем звання дыпламанта. У перамогу дзяўчынкі ўклалі свой талент настаўніца Ала Імамутдзінава і канцэртмайстар Людміла Новікава.

Паспяхова выступілі і баяністы. Першае месца са званнем лаўрэата прысуджана Дзмітрыю Хвалею, вучню С. В. Крамко. Неаднаразовы пераможца розных музычных конкурсаў Лявон Несялоўскі атрымаў дыплом ІІ ступені са званнем лаўрэата.  Працуе з ім выкладчык Г. У. Несялоўскі. Яшчэ адна вучаніца Генадзя Несялоўскага, Паліна Міткевіч, стала дыпламантам конкурсу. Прымала ўдзел у конкурсе таленавітая юная баяністка, вучаніца другога класа, Ганна Абрамовіч, з якой працуе выкладчык Л. С. Крамко. Старшынёю журы ў гэтай намінацыі быў вядомы баяніст, прафесар Беларускай Акадэміі музыкі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, старшыня Асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў Мікалай Сеўрукоў.

Выдатна выступілі баяністы і ў намінацыі ансамблі. Паліна Міткевіч і Лявон Несялоўскі заваявалі дыплом ІІ ступені са званнем лаўрэатаў. Кіраўніком баяннага дуэта выступіў настаўнік Г. У. Несялоўскі. У гэтай конкурснай намінацыі прынялі ўдзел вучні Сяргея і Людмілы Крамко Ганна Абрамовіч і Дзмітрый Хвалей.

У сольным выступленні лаўрэацкі дыплом ІІ ступені атрымаў барытаніст Яўген Казацкі (выкладчык – Д. У. Вяршэня, канцэртмайстар – Л. М. Новікава).

Выдатна выступіла вакальная група хору «Верасень» пад кіраўніцтвам педагога С. М. Швечыкавай у суправаджэнні канцэртмайстра З. М. Драбышэўскай. Юныя вакалісты адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Такога ж дыплома ўдастоена цымбалістка Анастасія Доўнар (выкладчык  – А. В. Бар’ясь, канцэртмайстар – Н. П. Сінягуб). У намінацыі цымбалы ўдзел прыняла Таццяна Калкоўская (настаўнік – А. Г. Крамко,   канцэртмайстар  – Н. П. Сінягуб».

Лаўрэацкім дыпломам ІІ ступені адзначана выдатнае конкурснае выступленне ўзорнага ансамбля народнай музыкі «Каласкі» Коласаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Наталлі Нікалаевай.

 

ФАРБЫ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Вучні мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай школы мастацтваў ужо не першы раз прымаюць удзел у абласным конкурсе «Фарбы роднай зямлі» ў Чэрвені. Сёлета ён прайшоў 15-ты раз  і сабраў юныя таленты не толькі з Беларусі, але і з Расіі і Польшчы.

Канкурсанты працавалі на працягу трох дзён. Першы дзень яны наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь». Прадстаўнікі юнага пакалення на паперы фарбамі перадалі свае адчуванні і перажыванні, звязаныя са страшнай вайной. Работы атрымаліся вельмі адметныя, яны застануцца ў скарбніцы мемарыяльнага комплексу.

На другі дзень з эцюднікамі мастакі наведалі  дагледжаную, прыгожую і ціхую вёсачку Ведрыца. Атрымаліся яркія пейзажы. У трэці дзень юным талентам прапанавалі папрацаваць у азёрным пасёлку.

Сярод многіх удзельнікаў самую высокую ўзнагароду – гран-пры – журы прысудзіла Дзіяне Чарнец са Стоўбцаў. Пераможца атрымала ў падарунак эцюднік і наборы прафесійных фарбаў.

Для выкладчыкаў мастацкага аддзялення Андрэя і Ірэны Зянько такія гучныя перамогі іх выхаванцаў –  стымул для далейшай творчай, самаадданай работы з юнымі талентамі.

 

ПА ЎЗНАГАРОДЫ –У МУЗЕЙ БАНКА

Юныя мастакі народнай студыі выяўленчага мастацтва «Раніца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Калкоўскай паспяхова выступілі ў конкурсе, арганізаваным ААТ «АAБ Беларусбанк».

Юным мастакам прапаноўвалася стварыць дзіцячую банкаўскую картку. Журы зацікавілі аўтарскія праекты членаў народнай студыі «Раніца» Шашкоўскай школы мастацтваў. Самых лепшых дызайнераў плацёжнай карткі з усёй краіны запрасілі ў Мінск, на цырымонію ўзнагароджання, якая адбылася ў музеі Беларусбанка.  Лаўрэатам конкурсу стала студыя «Раніца». Адзначаны і аўтарскія дызайнерскія работы. Узнагароды атрымалі Улад Лукша і Маргарыта Буцько. У літаратурным конкурсе пераможцам стаў юны паэт Антон Мазуркевіч. Ён таксама атрымаў  узнагароду арганізатараў дзіцячага конкурсу.

Дзеці пазнаёміліся ў музеі з гісторыяй банка, змаглі павучыцца, як карыстацца банкаматамі.

 

СВЕТ – З МАРАЙ

Тэмай сёлетняга міжнароднага конкурсу «Свет – з марай» была «Гасціннасць у маёй сям’і». Для юных мастакоў спатрэбілася нямала фантазіі і творчасці, каб арыгінальна раскрыць гэту тэму ў сваіх конкурсных малюнках.

Лаўрэацкі дыплом ІІ ступені атрымала вучаніца Стаўбцоўскай школы мастацтваў Анастасія Маскаленчык. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Надзея Слесарчык.

Паспяховым быў  удзел у гэтым прадстаўнічым конкурсе дзіцячай творчасці  Дар’і Тулейка і Марыі Францкевіч.  Іх малюнкі ўвайшлі ў 40 лепшых работ, дзяўчынкі атрымалі памятныя дыпломы.  Пераможцаў узнагародзілі прафесіянальнымі фарбамі.

Вось так, на мажорнай ноце, пачынаюцца летнія канікулы для выхаванцаў мастацкага аддзялення. І фарбы лета, напэўна ж, будуць занатаваны ў іх творчых работах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *