У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» працуюць дружнай камандай

Главное Сельская гаспадарка

Раннія яравыя збожжавыя ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа» зоймуць сёлета плошчу 366 гектараў. Першым у гаспадарцы пасеялі на 26 гектарах авёс і напрыканцы мінулага тыдня прыступілі да сяўбы ячменю.

– Пачакалі, пакуль пройдуць замаразкі, і вывелі на палеткі пасяўны камбінаваны агрэгат, – расказвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў. – Іх у нас два. Задзей-нічаем і новы, які купілі ў лютым. Калі надвор’е будзе спрыяльнае, то сяўбу ранніх яравых збожжавых мы завершым у першых чыслах красавіка.

Галоўны аграном Аляксей Чандакоў (злева) абмяркоўвае аб’ём работы з механізатарам Віталіем Ждановічам і брыгадзірам Сяргеем Сарокам

За Жыгалкамі на трактары «Атлес» з камбінаваным пасяўным агрэгатам шчыраваў механізатар Віталій Ждановіч. Віталій Вячаслававіч хоць і працуе ў таварыстве другі год, але сейбіт вопытны. Ён раней завіхаўся ў адной з гаспадарак суседняга, Нясвіжскага раёна. Галоўны аграном задаволены работай механізатара. Яшчэ некалькі кругоў – і 55-гектарнае поле тут будзе засеяна. Дарэчы, на 150 гектарах пасеюць піваварны ячмень сорту «дэспіна», які добра зарэкамендаваў сябе летась, а таксама сорт «магутны».

На загрузчыку насення ў бункер сеялкі заняты вадзіцель Эдуард Рымашэўскі. На працягу пятнаццаці гадоў ён прымае ўдзел у пасяўных кампаніях. Падчас жніва на даручаным яму МАЗе адвозіць збожжа ад камбайнаў і неаднаразова выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва.

Механізатары Марат Берташ і Уладзімір Калевіч заняты на падрыхтоўцы глебы

На палетках за Паласнёй рыхтавалася глеба пад сяўбу кукурузы. На культывацыі быў заняты Уладзімір Калевіч, стаж работы якога ў гаспадарцы налічвае тры дзесяцігоддзі, з іх дванаццаць гадоў ён  шчыруе на трактары. У пары з ім працаваў Марат Берташ, які ўносіў фосфарныя мінеральныя ўгнаенні. На ўнясенні арганічных угнаенняў – а іх у гаспадарцы нарыхтавана каля 50 тысяч тон – задзейнічаны механізаваны атрад, у складзе якога механізатары Міхаіл Ванагель, Алег Касцючэнка,Уладзімір Шахаў, якія ўносілі кампосты, а на пагрузчыку рупіўся Мікалай Ус. Да сяўбы прапашных культур у таварыстве мяркуюць прыступіць у канцы першай дэкады красавіка.

У складзе механізаванага атрада – Алег Касцючэнка, Уладзімір Шахаў, Міхаіл Ванагель і Мікалай Ус

Адначасова вядзецца ў гаспадарцы падкормка азімых збожжавых, якія размясціліся адпаведна на 980 гектарах. Пасевы рапсу падкормлены на 250 гектарах. Рупіцца Генадзій Янскі. Генадзій Гена-дзьевіч – перадавік вытворчасці, заўсёды добрасумленна выконвае даручаную работу.

Вядзецца сяўба збожжавых

Механізатары працуюць дружнай камандай. На вышыні і агранамічная служба. І, як вынік, у таварыстве з году ў год вырошчваюцца неблагія ўраджаі ўсіх сельскагаспадарчых культур. Каб атрымаць высокія паказчыкі, прыкладаюцца намаганні і сёлета.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *