Абанентаў многа, але першы – адзін

Главное Эканомiка

На Стаўбцоўшчыне ў папулярнага пакета паслуг «Ясна» налічваецца ўжо 3452 абаненты. 

У Стаўбцоўскім занальным вузле электрасувязі вырашылі ўшанаваць таго, хто быў першым.

Вользе Шуцько (у цэнтры), першаму абаненту пакета паслуг «Ясна» на Стаўбцоўшчыне, уручаюць падарунак начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі і начальнік участка продажаў Таццяна Салавей

Гэта шматдзетная сям’я Шуцько з вуліцы Міру, 12, у Стоўбцах, якая 26 красавіка 2016 года падключылася да новага на той час пакета паслуг.

– Тады мы сумняваліся, ці варта адгукацца на прапанову, – шчыра прызнаецца Вольга. – Сёння нас усё задавальняе. У пакеце – хуткасны інтэрнэт, безлімітныя тэлефонныя размовы і 125 каналаў тэлебачання. Плануем устанавіць яшчэ адзін прыёмнік, каб была магчымасць гля-дзець адначасова два тэлевізары. У нашай сям’і тэлебачаннем захапляюцца муж, дзеці (асабліва самы малодшы – чатырохгадовы сын, які любіць глядзець мульцікі). Мне падабаецца функцыя перамоткі. Пакетам паслуг «Ясна» карыстаюцца і нашы суседзі па доме, – дадае Вольга.

Цікавімся ў Вольгі, матулі траіх дзяцей: «З інтэрнэтам і тэлевізіяй усё зразумела, а наколькі запатрабаваныя ў пакеце паслуг безлімітныя тэлефонныя размовы, калі цяпер век мабільных тэлефонаў?»

– Я магу размаўляць паўтары гадзіны па звычайным тэлефоне з сяброўкай, якая жыве ў Нясвіжскім раёне. Выгадна, таму што ў мяне на мабільным тэлефоне  нумар МТС, а ў яе –  нумар аператара А1. І я, і муж тэлефануем па «безліміце» Белтэлекама бацькам, – тлумачыць жанчына.

Карыстаючыся выпадкам, начальнік участка продажаў Таццяна САЛАВЕЙ расказала пра іншыя навінкі сувязі ў раёне.

Так, падключаны першыя абаненты паслугі «Дамафон» – гэта жыльцы шматпавярховага дома  №  103 па вуліцы Ленінскай у райцэнтры. Цяпер ім  можна праз тэлефон  (без устаноўкі дадатковага абсталявання) кіраваць функцыяй адкрывання дзвярэй. У шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў папулярнасць набывае паслуга «Відэакантроль». Па жаданні жыльцоў ёю ўжо карыстаюцца  ў шасці дамах па вуліцы Міру. Ахоп навакольнай тэрыторыі дазваляе трымаць у полі зроку аўтастаянку, дзіцячую пляцоўку ля дома. А паслугі  «Антывірус» і «Бацькоўскі кантроль» карыстаюцца попытам не толькі сярод жыхароў, але і сярод арганізацый раёна.

Знаёмячы з планамі на 2020 год, начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл КАСАБУЦКІ расказаў пра працяг праграмы будаўніцтва ў раёне оптавалаконных ліній сувязі. Сярод новых аб’ектаў – Новы Свержань, Заямнае, Сцяцкі, а таксама мікрараён прыватнай забудовы Стоўбцаў, уключаючы вуліцы Набярэжную, Камуністычную, М. Горкага, Маякоўскага і інш. Раней аналагічныя работы былі распачаты ў так званым Царскім сяле – па вуліцах Будаўнікоў, Багдановіча, Садовай, Сонечнай, Дружнай, Івянецкай. У планах на 2021 год значацца Коласава, Наваколасава і Дзераўная.

– Міхаіл Іванавіч, якія інвестыцыі былі ўкладзены ў развіццё сродкаў сувязі раёна ў 2019 годзе?

– Інвестыцыі немалыя – 2 мільёны 200 тысяч рублёў. І далей гэтая тэндэнцыя працягнецца. Ажыццяўляем маніторынг, каб забяспечыць населеныя пункты, дзе ёсць 50 двароў і больш, хуткасным інтэрнэтам.

Варта сказаць, што летась былі пераключаны на оптавалаконныя лініі сувязі новыя мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы «Паўночны-2» і «Паўднёвы», а таксама ўвесь шматпавярховы мікрараён райцэнтра.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *