Пошта арганізавала прэс-тур для журналістаў раённых сродкаў масавай інфармацыі

Соцыум

Пазнаёміцца з навінкамі паштовай сувязі, якія выходзяць за рамкі традыцыйных рашэнняў, змаглі ўдзельнікі прэс-тура, арганізаванага Мінскім філіялам РУП «Белпошта» для журналістаў раённых сродкаў масавай інфармацыі.

Мерапрыемства праходзіла на базе Барысаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі. У праграме была і эксклюзіўная частка, звязаная з падвядзеннем вынікаў конкурсу «Лепшы матэрыял аб пошце».

Падобны конкурс праводзіцца ўжо  шосты раз, у два этапы – абласны і рэспубліканскі, таму за ўвагу да нашай, журналісцкай, працы нельга не выказаць паштавікам асаблівую ўдзячнасць. У складзе журы гэтага конкурсу была і намеснік начальніка аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Кісель. Святлана Анатольеўна асабіста прыехала ў Барысаў, каб прывітаць удзельнікаў прэс-тура і падкрэсліць значнасць сумеснай работы. Дырэктар Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Ішчук нагадала пра партнёрскія адносіны, якія склаліся паміж поштай і рэдакцыямі газет.

Прэс-тур праходзіў пад эгідай намесніка дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алены Ішчук (злева) і намесніка начальніка аддзела па рабоце са СМІ Мінаблвыканкама Святланы Кісель

Сярод навінак, якія былі прадэманстраваны ўдзельнікам прэс-тура, – спецыяльная ўпакоўка для адпраўленняў з аплачанай перасылкай, паштамат, ці аўтаматызаваны сэрвіс, які здольны выдаць адпраўленне па прынцыпе самаабслугоўвання ў кругласутачным рэжыме, паслуга E-commerce па дастаўцы заказаў у любую кропку Беларусі і інш.

Цікавую прэзентацыю прадставіла УА «Барысаўскі дзяржаўны каледж», дзе рыхтуюць спецыялістаў па 30 спецыяльнасцях, у тым ліку і аператараў паштовай сувязі.

Варта сказаць, што горад Барысаў выбраны месцам правядзення прэс-тура невыпадкова. Летась тут прайшло свята «Абласныя дажынкі – 2019», да якога пошта, як і іншыя арганізацыі, старанна рыхтавалася. Ёсць што паказаць гасцям, і ў першую чаргу гэта адрамантаваныя аддзяленні паштовай сувязі (іх у горадзе 13, і пабудавана 14-е, у новым мікрараёне, якое неўзабаве будзе здадзена ў эксплуатацыю). Сімвалам горада стала скульптура паштальёна, выкананая з металу.

Металічны паштальён стаў сімвалам горада Барысава

Алена Ішчук расказала журналістам аб найбольш актуальных напрамках развіцця паштовай сувязі на Міншчыне:

– У гэтым годзе запланавана ўстанавіць паштамат у Мінскім раёне. Паштаматы функцыянуюць і ў іншых раённых цэнтрах у фармаце 24 гадзіны ў суткі, сем дзён на тыдзень. У бягучым годзе ў буйных гарадах вобласці, якія названы кропкамі эканамічнага росту, запланавана выдача паштальёнам мабільных устройстваў для аказання паслуг непасрэдна дома. Гэты праект так і называецца – «Мабільны паштальён». У выдзеленых аб’ектах паштовай сувязі з’явілася магчымасць адправіць пасылку максімальнай вагой 50 кг (раней – да 30 кг). У другім квартале 2020 года чакаецца адкрыццё новага паштовага аддзялення ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», які такім чынам стане першым сацыяльным аб’ектам на тэрыторыі парка. Яго адметнасць: усе інфармацыйныя табло аб паслугах і сэрвісах будуць у электронным выглядзе. Разглядаецца праект арганізацыі пункта самаабслугоўвання з рабочай назвай «Смартпост», які будзе прапаноўваць базавы пакет паслуг, аплату плацяжоў праз тэрмінал і г. д. У перспектыве такія пункты заменяць аддзяленні паштовай сувязі.

Акрамя таго, Алена Ішчук звярнула ўвагу на работу па напаўненні Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы ў сувязі з унясеннем змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь аб паштовай сувязі. І гэта – курс на інфарматызацыю, лічбавізацыю ўсіх працэсаў у РУП «Белпошта».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *