Са стаўбчанкай Алай Мешыч, якой не раз выпадала стаяць перад сур’ёзным маральным выбарам, сутыкацца з жыццёвымі выпрабаваннямі,– я пазнаёмілася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Яна, адносна маладая жанчына, – валанцёр, якая дапамагае пажылым людзям. Першая яе сувязь з цэнтрам узнікла тады, калі ёй, прыёмнай маме, патэлефанаваў спецыяліст Сяргей Есіс і прапанаваў гуманітарную дапамогу. Яны прыйшлі разам з прыёмнай дачушкай Леначкай (цяпер яна – дзевяцікласніца). Гледзячы на маленькі клуначак з рэчаў, які тыя выбралі, не магло не вырвацца: «І гэта ўсё?..» «Так, дзякуй вялікі. Мы ўзялі самае неабходнае», – развіталася ўдзячная жанчына.
Сімвалічна тое, што іх развітанне аказалася кароткім. Неўзабаве жанчыну запрасілі ў цэнтр на сустрэчу членаў клуба «Гады – не бяда» . Была для гэтага святочная нагода – 8 Сакавіка. Потым, здаецца, – Дзень маці… Ала Мешыч – мама і жанчына – адразу стала сваёй сярод значна старэйшых за яе. Сваімі рукамі яна майструе для пажылых людзей, якія штомесяц збіраюцца на пасяджэнні клуба, карысныя і вельмі індывідуальныя падарункі. Узяла апеку над суседкай – бабуляй Валяй. І літаральна з першай сустрэчы яна асвоілася і сярод значна маладзейшых за яе – людзей са статусам дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, маладых інвалідаў, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў.
Падчас знаёмства Ала Мешыч звярнулася да гэтых маладых людзей, такіх розных і адкрытых, з вельмі шчырымі словамі:
– Дарагія мае, гляджу на вас і думаю, якое шчасце, што вы ёсць на зямлі, што побач з вамі блізкія, спецыялісты цэнтра. Усім нам дадзены дзве дарогі, на выбар: хочаш – ідзі да Бога, а хочаш – у цемру. Духоўна развіты чалавек выбірае, канешне, святло. Некалі бабуля расказвала мне пра збан і дзвюх жабак. Тая, што ўтапілася, жыць не хацела, а тая, якая ўзбіла лапкамі масла, разумела, што ёй трэба дзейнічаць. Давайце тварыць! Самае галоўнае – здароўе духоўнае, ад яго і розум у чалавека ясны, пранікнёны.
– Вы робіце сваімі рукамі прыгожыя рэчы ў падарунак пажылым людзям. Як вы «знайшліся» з тэрытарыяльным цэнтрам?
– Усё, што магу, раблю сваімі рукамі. Я закончыла тэхнічнае вучылішча, мая асноўная прафесія – закройшчык. Працавала ў сталічных атэлье (да пераезду ў Стоўбцы жыла ў Мінску). Аднойчы Сяргей Есіс прывёз матэрыялы і прапанаваў зрабіць з яго тое, што падкажа мая фантазія. Я падумала: «А што патрэбна пажылым жанчынам?» Першае, што прыйшло ў галаву, – футляр для акуляраў. Вар’іравала з тканінай – балазе, яна была мэблевая, у квадраты, вельмі прыгожая. Потым зрабіла міні-сумачкі – для мабільнага тэлефона і іншых неабходных рэчаў. Сурвэткі выразала. «Ухваты» для патэльняў, каструляў, пракладзеныя вацінам або сінтэпонам, рыхтавала… Нічога асаблівага… Самой было цікава.
– Паспявалі? Сям’я, гадавалая ўнучка знаходзіліся тады на вашых руках?..
– Кожны дзень – па пяць рэчаў. На працягу двух тыдняў усё было гатова.
– А калі ўручалі пажылым удзельніцам клуба гэтыя падарункі, вы асабіста прысутнічалі?
– Я адчула, што жанчыны вельмі былі ўдзячныя. Калі мяне прадставілі, усе павярнуліся ў мой бок – прыветна, з цёплай усмешкай. Гэта дарагога каштуе. На душы былі – не перадаць словамі – благадаць, ялей. Чым шчадрэй я аддаю сваё, тым больш атрымліваю. З чыстым сэрцам і добрымі думкамі раблю дабро і прымаю дабро. Стараюся абставіць гэта так, каб людзі не адчувалі сваёй залежнасці ад мяне.
– У вас вялікая сям’я?
– Пяць чалавек. Раней было больш. Так склалася, што з васьмі гадоў у нас выхоўваўся сын майго мужа. Цяпер яму 36. У яго свая сям’я. Радуюся, што ён жыве гарманічна. У нас з мужам чацвёра ўнукаў. Мама мая засталася адна. Наведваю яе, дапамагаю. Не хачу хваліцца, але мая радня мела талент дружыць адзін з адным і, такім чынам, ахоўвала ў сям’і мір, а я працягваю берагчы гэты мір далей.
– Разам тым, без цяжкасцяў, выпрабаванняў не бывае…
– Мы ўсё пераадолеем. Паверце, страшна не ўпасці. Страшна не захацець падняцца. Ведаеце, што я заўважыла? Самая вялікая раскоша – гэта не матэрыяльнае. Каштоўныя кантакты людзей, іх зносіны паміж сабою. Думаеце, бабуля Валя просіць пастрыгчы яе? Ёй пагаварыць хочацца… «У хату ніхто дзверы не адчыніць». Бабулі адзінока. Суседзі ў мяне – цудоўныя людзі. Калі дзверы майго дома на працягу дня не рыпнулі, бо я занятая, ужо хто-небудзь устрывожана тэлефануе: «Што з табою? Чаму не відаць?»
ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ