Кіраўніцтва Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства падтрымлівае моладзь

Главное Эканомiка

Стаўбцоўскі філіял Мінскага аблспажыўтаварыства кожны год дае магчымасць выпускнікам школ раёна атрымаць мэтавыя накіраванні на вучобу ў кааператыўныя навучальныя ўстановы краіны. На сучасны момант 15 выпускнікоў школ раёна атрымліваюць адукацыю ў Мінскім філіяле Дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі і Баранавіцкім тэхналагічным каледжы.

Стала добрай практыкай у філіяле  праводзіць прафарыентацыйную работу ў школах. Намеснік дырэктара па кадрах і ідэалагічнай рабоце Галіна Душэўская прыняла ўдзел у вялікім прафарыентацыйным мерапрыемстве для старшакласнікаў, якое было арганізавана на базе сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы з прадстаўніцтвам 10 вышэйшых, чатырох сярэдніх спецыяльных і трох прафесіянальна-тэхнічных вучылішчаў краіны.

Якой жа прыемнай нечаканасцю для Галіны Іосіфаўны было ўбачыць у складзе агітацыйнай групы Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа Аляксея Навіцкага, які атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага па мэтавым накіраванні. Дарэчы, Аляксей – выпускнік СШ № 3 г. Стоўбцы.

Галіна Душэўская (справа) з аператарам ЭВМ VIII разраду Юліяй Клаўшун, якая атрымлівае спецыяльнасць эканаміста па мэтавым накіраванні ў Дзяржаўным гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі

Галіна Душэўская на гэтай сустрэчы расказала, які парадак выдачы мэтавых накіраванняў, пазнаёміла з цікавымі прафесіямі ў сферы гандлёвых паслуг і грамадскага  харчавання, перспектывамі працаўладкавання маладых, актыўных людзей, якія жадаюць будаваць кар’еру разам з гандлёвай сеткай, што імкліва развіваецца. 15 студэнтаў, якія атрымліваюць спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях, – гэта будучыя павары, афіцыянты, тэхнікі-тэхнолагі, таваразнаўцы, спецыялісты ў арганізацыі грамадскага харчавання, у тэхналогіі харчовых прадуктаў, камерцыйнай дзейнасці і іншых напрамках.

–       Кадравая палітыка – гэта не толькі прыём, звальненне і статыстыка, – рэзюміруе Галіна Іосіфаўна. – Гэта пастаянная паўсядзённая работа па фарміраванні зладжанага і працаздольнага калектыву. І прафарыентацыя – неад’емная частка кадравай работы. Сістэма адукацыі спажывецкай кааперацыі забяспечвае высокую якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і займае дастойнае месца на рынку адукацыйных паслуг. Звяртаем на гэта ўвагу выпускнікоў школ раёна і раім не ўпускаць магчымасцяў, якія ёсць сёння. Па пытаннях атрымання прафесій, запатрабаваных на рынку працы па мэтавых накіраваннях філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства, можна звяртацца ў аддзел кадраў.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *