Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях інфармуе

На кантролі Нумары

ФЕРМА БЕЗ АДКРЫТАГА АГНЮ
На малочнатаварных фермах неабходна прымяняць групавы спосаб прывязі жывёлы, што забяспечыць у выпадку пажару яе хуткае выслабаненне і вывад.
Каб папярэдзіць пажар на аб’ектах сельскагаспадарчай вытворчасці, памяшканні для ўтрымання жывёлы павінны рэгулярна ачышчацца ад гаручых матэрыялаў. Вароты і дзверы могуць адкрывацца толькі вонкі, нічым не загрувашчвацца і не перакрывацца. Ля іх нельга ўстройваць парогі і прыступкі, падваротні. Закрываць іх дазволена толькі на засаўкі, якія лёгка адчыняюцца, кручкі. Зімою пляцоўкі перад варотамі неабходна пастаянна ачышчаць ад снегу.
Вакуум-помпы з рухавікамі ўнутранага згарання, цеплагенератары, воданагравальнікі і іншыя небяспечныя ў пажарных адносінах агрэгаты, а таксама склады з запасамі грубых кармоў павінны быць у прыбудовах, аддзеленых ад жывёлагадоўчых памяшканняў незгаральнымі сценамі, а лепш за ўсё, калі яны будуць размешчаны ў асобных будынках.
У памяшканнях для жывёлы забаронена наладжваць майстэрні, стаянкі аўтатранспарту. Не дапускаецца ўезд у іх трактароў і іншай сельгастэхнікі, выпускныя трубы якіх не абсталяваны іскрагасільнікамі.
Электраправады ў кароўніках, цялятніках, свінарніках і іншых жывёлагадоўчых памяшканнях павінны пракладвацца адкрыта на ізалятарах, тросах, у стальных трубах або з дапамогай кабеляў. Свяцільнікі павінны быць пылеводанепранікальнымі і абароненымі ад вільгаці. Размеркавальныя шчыты, выключальнікі, засцерагальнікі варта ўстанаўліваць у тамбурах або на знадворных сценах жывёлагадоўчых памяшканняў з агароджваннем іх незгаральнымі шафамі. Забаронена размяшчаць электраправады над жывёлай, пад электраправодкай складваць сена і салому, падвешваць свяцільнікі непасрэдна на правадах і т. п.
Абслуговаму персаналу фермы ў памяшканнях, дзе знаходзіцца жывёла, нельга карыстацца адкрытым агнём, курыць (акрамя спецыяльна адведзеных для гэтага месцах), прымяняць для распальвання ўстановак бензін, керасін і іншыя лёгказагаральныя вадкасці, пакідаць пад напружаннем электрасеткі пасля таго, як завершана работа.
У начны час памяшканні фермаў павінны знаходзіцца пад наглядам вартаўнікоў. У выпадку пажару неабходна званіць па тэл. 101.

ГАСПАДЫНЯ НЕ ВЫЙШЛА…
Трывожны званок паступіў напярэдадні новага года з Мікалаеўшчыны – вяскоўцы паведамілі ў міліцыю, што ўжо некалькі дзён не бачылі сваю пажылую суседку.
Бабуля 1948 года нараджэння пражывала ў доме адна. І суседзі затурбаваліся не без прычыны. Трапіўшы ў зачынены знутры дом, участковы інспектар знайшоў гаспадыню мёртвай. Жанчына ляжала на ложку, побач з якім была электраплітка і… паўтараметровы прагар падлогі. На пытанне – ці гэта быў пажар, у выніку якога адбылося атручэнне чадным газам, ці былі іншыя падставы, якія прывялі да смерці чалавека, – павінна адказаць следства.
Як адзначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч, у 2013 годзе ў нашым раёне здарылася 57 пажараў, у іх загінулі шэсць чалавек, у тым ліку – адно дзіця. У рэспубліцы ахвярамі агню сталі 20 дзяцей. Апошні трагічны выпадак быў зафіксаваны 29 снежня ў 11.43 у вёсцы Старыя Храковічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У выніку пажару ў жылым доме загінулі двое дзяцей – дзяўчынка-першакласніца і яе двухгадовая сястрычка. Іх бацькоў на момант пажару дома не было…



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *