На Стаўбцоўшчыне працягваецца дапамога адзінока пажылым грамадзянам

Соцыум

Тыдзень таму мы паведамлялі нумары тэлефонаў гарачых ліній, па якіх адзінокія пажылыя людзі могуць звярнуцца наконт дастаўкі прадуктаў харчавання, лекаў, а таксама атрымаць інфармацыйную дапамогу.

Мы пагутарылі з Наталляй Трафімчык, спецыялістам па сацыяльнай рабоце ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Наталля Міхайлаўна адзначыла, што цяпер на ўліку знаходзіцца 621 адзінокі пажылы грамадзянін, у т. л. 181 – на дамашнім абслугоўванні (іх на пастаяннай аснове наведвае сацыяльны работнік).

Што тычыцца зваротаў на гарачую тэлефонную лінію, то за гэты тыдзень у цэнтр іх паступіла тры: два з Атцэды і адзін — ад жыхаркі Стоўбцаў. Работнікі цэнтра сумесна з валанцёрамі хутка адрэагавалі на тэлефанаванні, і пажылыя людзі былі забяспечаны ўсім неабходным. Праца арганізавана зладжана. Наталля

Трафімчык адзначае: «Асноўная наша задача – дастаўка прадуктаў і лекавых сродкаў. У тых населеных пунктах, дзе ёсць нашы сацыяльныя работнікі, дастаўкай займаемся самі, у іншых – пры падтрымцы неабыякавых людзей. Мы працуем у цесным узаемадзеянні з цэнтральнай раённай бальніцай, Стаўбцоўскім участкам паштовай сувязі, раённым камітэтам ГА «БРСМ» і раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Звяртаем увагу, што асобае месца нададзена і «экіпіроўцы» работнікаў. Кіраўніцтва цэнтра закупіла дастатковую колькасць марлевых павязак, пальчатак, сродкаў для дэзынфекцыі. Дарэчы, некаторыя кіраўнікі гурткоў на базе цэнтра пачалі займацца вырабам масак самастойна. У кожнага сацыяльнага работніка ёсць спецыяльнае пасведчанне, якое яны павінны прад’яўляць пры выкананні сваіх абавязкаў.

РК ГА «БРСМ» – адна з арганізацый, у якой з цэнтрам наладжана цесная сувязь. Ягор Падольскі, першы сакратар раённага камітэта БРСМ, расказвае: «Да нас звяртаюцца людзі пажылога ўзросту, інваліды. Часцей за ўсё ім патрэбна дапамога ў дастаўцы лекаў, пакупцы прадуктаў харчавання. Нашы валанцёры прыязджаюць і без непасрэднага кантакту перадаюць заказаныя рэчы грамадзянам. Усю нашу работу курыруе тэрытарыяльны цэнтр. Мы інфармуем іх аб кожным тэлефонным звароце і вырашаем, хто на які ўчастак паедзе. Таксама ў залежнасці ад просьбы мы рэагуем на яе і паведамляем аб ёй у патрэбныя ўстановы. Большасць нашых валанцёраў – гэта працоўная моладзь, прадстаўнікі цэнтральнай раённай бальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі».

Мы нагадваем, што валанцёры могуць падказаць тэлефоны тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, устаноў аховы здароўя. Па вашым жаданні актывісты БРСМ і сацыяльныя работнікі тэрытарыяльнага цэнтра дапамогуць вам набыць тавары і даставіць іх дадому.

Гарачая лінія РК ГА «БРСМ» працуе з панядзелка па суботу, з 09.00 да 18.00, па нумары 5-16-20, а ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» – ва ўсе дні, з 09.00 да 18.00, па нумары 5-15-93. У Стаўбцоўскую раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа можна звярнуцца па тэл.: 8-029-144-40-92, 7-58-91.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *