Будні Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

З КЛОПАТАМ — ДА ВЕТЭРАНАЎ

У гэтыя чэрвеньскія дні паспяшаліся павіншаваць свайго шаноўнага ветэрана працы Уладзіміра Несялоўскага з 90-годдзем у яго родным калектыве, якому ён аддаў амаль паўвека.

Гэта калектыў  рамонтна-механічных майстэрняў г. Стоўбцы. Тут Уладзімір Лявонцьевіч працаваў усё свядомае жыццё слесарам. Таму вельмі важна, што яго, як і іншых ветэранаў-чыгуначнікаў, памятаюць калегі і не абдзяляюць увагай. У дні нараджэння, круглых дат і юбілеяў прыязджаюць да іх з грашовым падарункам члены прафсаюзнага камітэта.  

– Што датычыць ветэранаў працы, то на Беларускай чыгунцы гэта работа носіць сістэмны і рознабаковы характар. Дзейнічае  праграма «Клопат», – заўважыў кіраўнік майстэрняў Дзмітрый Федаровіч.

З пачатку бягучага года, акрамя самага старэйшага ветэрана-чыгуначніка Уладзіміра Несялоўскага, работнікі майстэрняў пабывалі з віншаваннямі ў такіх ветэранаў працы, як Леанід Мяжынскі, Ірына Уласік, Марыя Стахно, Марыя Светагор, Станіслаў Грывачэўскі (былы кіраўнік ДАРМа, старшыня ветэранскай арганізацыі майстэрняў), Анатоль Іваноў, Ірына Гарановіч, Іпаліт Шышко.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ СА СВЯЦІЛЬНІКАМІ

Тэрыторыя вакол раённага Цэнтра культуры стала чарговым аб’ектам добраўпарадкавання ў нашым горадзе.

У апошні тыдзень яна стала нагадваць будаўнічую пляцоўку, таму што менавіта тут працуе  брыгада работнікаў аб’яднання камунальных службаў пад кіраўніцтвам Анатоля Покі. Імі ажыццяўляецца цэлы комплекс работ. Яны ўкладваюць тратуарную плітку і ўстанаўліваюць дарожны борт, пракладваюць кабель, каб аздобіць тэрыторыю вакол асноўнага ачага культуры свяцільнікамі. Прыгожа будзе зроблены і выхад на вуліцу Вечаркевіча. Побач з камунальнікамі ўвіхаліся  і работнікі ПМК-233, якія ўмацоўвалі  сцяну ля стэлы ў гонар загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў – нашых землякоў.  

Яшчэ адна брыгада камунальнікаў – пад кіраўніцтвам Аляксандра Ермаковіча (з абедзвюма брыгадамі працуе адзін і той жа майстар – Віталь Хамічонак) – займаецца добраўпарадкаваннем такіх цэнтральных стаўбцоўскіх вуліц, як Танкістаў, Гайдука і інш.

 

ПРАЙШЛА «САЮЗНАЯ ЎБОРКА»

5 чэрвеня, у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, на Стаўбцоўшчыне прайшла акцыя па ўборцы тэрыторый і навядзенні парадку на зямлі – «Саюзная ўборка».   

Ініцыятарамі такой сімвалічнай акцыі ў рамках інтэграцыйных працэсаў паміж трыма саюзнымі дзяржавамі – Беларуссю, Расіяй і Казахстанам – сталі прыродаахоўныя ведамствы трох краін. У раёне шырокі ўдзел у ёй прынялі работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, аб’яднанне камунальных службаў і лясгас, дарожнікі, моладзь БРСМ, розныя грамадскія арганізацыі. Згодна з распараджэннем райвыканкама, былі вызначаны  канкрэтныя аб’екты работ.

Дзе давялося папрацаваць удзельнікам акцыі, расказаў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока:

– Удзельнікі акцыі займаліся добраўпарадкаваннем прыпыначных пунктаў на аўтадарогах, ачышчалі ад захламленасці лес вакол мікрараёна Акінчыцы і ў Рубяжэвіцкім лясніцтве, прыбярэжную паласу ракі Нёман у Стоўбцах і Новым Свержані, акультурвалі прылеглыя тэрыторыі да дзіцячых аздараўленчых лагераў, а таксама месцы масавага адпачынку на вадаёмах.

Акрамя таго, у гэты дзень у Стоўбцах прайшоў адзіны санітарны дзень на замацаваных за прадпрыемствамі вуліцах горада. Збор адходаў быў  арганізаваны па раздзельным  прынцыпе.

 

НАПЯРЭДАДНІ ЎБОРКІ ЎРАДЖАЮ

На Хатаўскім спіртовым заводзе з гэтага панядзелка распачынаецца планава-капітальны рамонт. 

Традыцыйна да таго, як пойдзе ўраджай новага года, заводцы на працягу месяца займаюцца падрыхтоўчымі работамі: рамантуюць абсталяванне, аглядаюць збожжасушыльную гаспадарку. З дапамогай падраднай арганізацыі будзе заменены дах на будынку кацельні. Немалаважна тое, што ў галоўным корпусе вядзецца мантаж новай пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння людзей аб пажары. Разам з надзейнасцю і бяспекай тут не забываюць і аб эканоміі рэсурсаў. Сёлета, як адзначыў галоўны інжынер прадпрыемства Іосіф Ракоўскі, для патрэбаў вытворчасці закуплены два цеплаабменнікі спіральныя, выкарыстанне якіх дазволіць эканоміць ваду. 

У новым сезоне спіртовым заводам плануецца закупіць 20 тысяч тон збожжа. Для гэтага заключаны дагаворы з гаспадаркамі Клецкага, Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў. Вытворцы імкнуцца забяспечыць сябе сыравінай з лішкам, каб заставаўся і пераходны фонд. На даны момант, напрыклад, на складзе прадпрыемства захоўваецца каля 7, 7 тысячы тон мінулагодняга збожжа. У сувязі з рамонтам створаны і запас на спіртасховішчы  – у памеры 38 тысяч дэкалітраў спірту-сырцу. Гэта больш за палову месячнага аб’ёму выпускаемай на заводзе прадукцыі.

Пр

 

  

ПЕРШАЕ ПЕРАСОЎНАЕ

Першае перасоўнае аддзяленне сувязі, якое працуе ў раённым вузле паштовай сувязі, – адно з самых рэнтабельных у Мінскай вобласці.

Перасоўнае аддзяленне, што адкрылася ў лістападзе мінулага года і фактычна ўяўляе сабою новы спосаб аказання паштовых паслуг, добра прыжылося і стала запатрабаваным у вяскоўцаў. Яно абслугоўвае жыхароў вёсак Мархачоўшчына, Хатава і Тонава, пасёлка Школьны. Адначасова поштай на колах ажыццяўляецца дастаўка карэспандэнцыі  ў тры аддзяленні сувязі – Новы Свержань, Шашкі і Дзераўное. 

У такіх маланаселеных аддаленых вёсках, як Малыя і Вялікія Навікі, Ціханава Слабада, работнікі перасоўнага аддзялення – а гэта сям’я Віктара і Надзеі Яўсейчыкаў – аказваюць цэлы комплекс паслуг: яны раскладваюць перыядычныя выданні, выплачваюць пенсіі, прымаюць плацяжы, аказваюць паштовыя паслугі і гандлююць таварамі народнага спажывання. У вёсках Русакі, Хатоўка і Лубень перасоўнае аддзяленне падвозіць пошту для паштальёнаў.

Самымі запатрабаванымі відамі паслуг, аказваемых перасоўным аддзяленнем, лічацца камунальныя і іншыя плацяжы, а таксама зняцце грашовых сродкаў, таму што аддзяленне аснашчана счытвальнікам. І водгукі, якія ідуць ад вяскоўцаў, – станоўчыя.

Як адзначыла намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух, на Стаўбцоўшчыну плануецца прыезд дэлегацыі з Масквы – для вывучэння вопыту работы першага перасоўнага аддзялення. У нас не так даўно запрацавала і другое мабільнае аддзяленне сувязі. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ       

 

ЧАМУ Ж НЕ ЛЮБА?

У спорце і сумныя падзеі паражэнняў пераносяцца па-рознаму. Зразумела, калі ўступае каманда ў барацьбе, калі не  шанцуе, у рэшце рэшт калі сапернік аб’ектыўна мацнейшы. А як каменціраваць такі факт? У Любані стаўбцоўская дружына «Нёман-Агра» церпіць сапраўдны разгром – 1:7. Адзіны светлы праменьчык: дзявяты ў ходзе першынства вобласці гол, які правёў Дзмітрый Даўбейка.

Трэнер нашага калектыву Андрэй Мікалаевіч на пытанне аб прычынах няўдачы быў лаканічным: «А што гаварыць? Не сабралі каманду…» Значыць, найперш трэба думаць, каб усіх сабраць. І спадзявацца, што гэта ўдасца.

Пакуль жа даводзіцца канстатаваць, што «Нёман-Агра» губляе пазіцыі. І зайздросціць суседзям. Уздзенская «Беліта-Вітэкс» ідзе ў групе лідараў першынства рэспублікі ў другой лізе. ФК «Гарадзея» зноў поўны намеру дабіцца права пераходу з першай лігі ў вышэйшы дывізіён чэмпіянату Беларусі. А яшчэ ж не так  даўно нашы з імі гулялі на роўных… А тут ужо не люба становіцца балельшчыкам нёманцаў ад вестак з  Любані.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *