Працаўнікі ААТ «Каганец» спадзяюцца на высокі ўраджай

Главное Сельская гаспадарка

Па тэмпах веснавой сяўбы працаўнікі ААТ «Каганец» пастаянна ў ліку лідараў. І сёлета хлебаробы на вышыні, яны ўтрымліваюць другое месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Добры настрой у в. а. галоўнага агранома Дзмітрыя Мельнікава (злева), вадзіцеля Івана Рубіна і механізатара Дзмітрыя Трацяка

На палетках ля вёскі Бярозаўка шчыраваў на трактары «Беларус-3522» з камбінаваным пасяўным агрэгатам механізатар Дзмітрый Трацяк. Дзмітрый Аляксандравіч – вопытны сейбіт, з году ў год ён заняты на выкананні гэтай важнай тэхналагічнай аперацыі. Неаднаразовы пераможца і прызёр раённых спаборніцтваў. Загрузку насення ў бункер сеялкі ажыццяўляе вадзіцель Іван Рубін.

– На гэтым полі мы сеем ячмень сорту «добры», – расказвае в. а. галоўнага агранома гаспадаркі Дзмітрый Мельнікаў. – Усяго даная культура зойме ў севазвароце 200 гектараў. Папярэдне на 133 гектарах пасеялі авёс.

Раннія яравыя збожжавыя размесцяцца ў гаспадарцы на 385 гектарах, з якіх 22 запланавана заняць пад гарохава-аўсянай сумессю. Шпаркімі тэмпамі рыхтуецца глеба пад сяўбу. На гэтай аперацыі заняты два Аляксандры – Трацяк і Кавалёў. На ўнясенні мінеральных угнаенняў рупяцца Валерый Шахно і Аляксандр Бохан, а таксама Аляксандр Сідорык.

– Для своечасовага завяршэння сяўбы сёння задзейнічалі яшчэ адну сеялку і даручылі яе Сідорыку, – гаворыць Дзмітрый Мельнікаў. – Яго задача – пасеяць на кармавыя мэты аднагадовыя травы, якія размесцяцца на 246 гектарах. Сёлета купілі імпартнае насенне – сумесь высокаўраджайных сартоў райграса аднагадовага.

У таварыстве своечасова правялі першую падкормку азотам азімых збожжавых і рапсу, якія выйшлі з зімоўкі ў здавальняючым стане. Пачалі падкормліваць збожжавыя па другім разе. Парупіліся аграном-аграхімік Юрый Семяненка і механізатар Багдан Дзядовіч, якія працуюць на спецмашыне «Раса». Зараз яны заняты на ўнясенні азотнага ўгнаення пад яравую сяўбу. Падвозіць КАС (вадкае азотутрымліваючае ўгнаенне) механізатар Віктар Сапожнікаў.

У гаспадарцы закладваецца падмурак для атрымання высокіх ураджаяў не толькі збожжавых і рапсу, а і прапашных культур. Кукурузу і цукровыя буракі запланавана пасеяць адпаведна на 500 і 100 гектарах. Рыхтуецца глеба, уносяцца розныя віды ўгнаенняў. Галоўнае – каб хлебаробам у іх імкненні павялічыць ураджайнасць, а значыць і здабыткі таварыства, паспрыяла надвор’е.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *