«Турбот у мяне  шмат, але я да іх прывык». 26-гадовы бацька з Заямнага адзін гадуе дачку

Соцыум

Аляксей Якубоўскі адзін гадуе дачку

За некалькі кіламетраў ад райцэнтра, у аграгарадку Заямнае, жыве нетыповы тата. Ён адзін гадуе дачушку Яўгенію.

Чатырохгадовая непаседа з коскамі, падскокваючы на адной назе, бярэ тату за руку і гатова весці на вуліцу. Яна просіцца ў парк-атракцыён: так хочацца пакатацца на горках, пагушкацца на арэлях. «Абавязкова паедзем, калі пацяплее», – дае абяцанне сваёй Жэньцы тата. Ён тлумачыць, што з дамашняй пясочніцы дачка «вырасла» і хоча нечага новага.

У свае 26 Аляксей Якубоўскі ўжо перажыў і пераасэнсаваў значна больш, чым яго равеснікі. Зробленыя ў жыцці памылкі засталіся ў мінулым… Яму, як і большасці бацькоў, хочацца быць прыкладам для сваёй дачкі. У 2018 годзе, пасля таго як быў скасаваны шлюб, гэтае жаданне падштурхнула маладога чалавека на даволі смелы крок – забраць жыць Жэньку да сябе. Былая жонка і матуля дзяўчынкі не была супраць такой прапановы (сёння яна замужам і мае ў новым шлюбе дзвюх дачок), ды і Аляксей не стаў чыніць перашкод для яе сустрэч з дачкой, для падтрымання адносін паміж зводнымі сястрычкамі.

Як бы пацвярджаючы гэтыя словы, Жэнька шчабеча сваё: «Мама прыедзе і прывязе мне паравозік».

На ёй прыгожая, у белыя гарохі, сукеначка. У валасах – заколка-матылёк. «Тата мне гэта купляе. Ён умее плесці вялікія коскі і маленькія», – хваліцца дзяўчынка.

Плесці косы Аляксея навучыла матуля Ірына Мікалаеўна. Яна першая падтрымала рашэнне сына быць з дачкой. Паколькі ў Аляксея няма ўласнага жылля, то жывуць яны ўсе разам у бацькоўскім доме. Бацькі і дзве сястры Аляксея (адна – школьніца, другая – студэнтка) прыязна прынялі яго з дачкой. Жэнька адразу стала агульнай любіміцай.

Дзяўчынка наведвае ў Заямным дзіцячы сад. Але гэтымі днямі яна засталася дома, каб пабыць з татам, які ўзяў водпуск. Аляксей працуе ў Стаўбцоўскім АКС маляром. Стараецца, таму заслужыў добрыя водгукі ад кіраўніцтва. Яго будзённая раніца звычайна пачынаецца з дзіцячага сада, куды ён заводзіць Жэньку.

Жэнька ж спяшаецца паведаміць, як яны ўчора правялі з татам дзень: «Я гуляла на вуліцы, а ён размаўляў па тэлефоне з выхавальніцай». Наконт гэтага Аляксей удакладняе: «Заўсёды папярэджваю работнікаў дзіцячага сада, калі дачка застаецца дома».

Вясною шмат работы на падворку. Аляксей рупіцца з малатком, нажоўкай, а дачка гуляе ля яго на свежым паветры. Цяпер яна з татавай дапамогай вучыцца катацца на новым веласіпедзе. Раней у яе быў дзіцячы, з трыма коламі. Гэты – таксама з коламі па баках, але большы. «Я ўжо вялікая і буду катацца на вялікім веласіпедзе», – рэагуе Жэнька на нашу размову.

Высвятляецца, што ў іх з татам шмат агульных заняткаў: яны разам глядзяць мультфільмы, чытаюць кніжкі, малююць… Балазе нядаўна бабуля Іра купіла ўнучцы новую кніжку і фламастары – і пра гэта мы таксама даведваемся ад маленькай гаварухі. Звычайна яна прачынаецца рана, таму ў доме яе ласкава называюць «наш будзільнік». Як і ўсе дзеці, Жэнька любіць салодкае, аднак для таты раніца пачынаецца з прыгатавання кашы. Нярэдка дачка далучаецца да яго дамашніх клопатаў, просіць: «Тата, а можна я посуд памыю?»

– Турбот у мяне  шмат, але я да іх прывык. Мне няцяжка, – з усмешкай разважае Аляксей, якому прыходзіцца выконваць абавязкі і за тату, і за матулю.

Зразумела, яму па магчымасці дапамагаюць блізкія. Але ў кожнага свае справы, праца, вучоба, таму адказнасць за ўласную сям’ю, забеспячэнне дачцэ належных умоў Аляксей поўнасцю нясе сам. Галоўнае для яго ў даным выпадку – маральная падтрымка, атмасфера ўзаемаразумення ў доме.

Аляксей Якубоўскі прызнаецца, што любіць дзяцей і не баіцца цяжкасцяў. Адна з задач – хутчэй пазбавіцца ад шкоднай звычкі – курэння. Пра стварэнне новай сям’і ён пакуль не думае. «Няхай Жэнька падрасце…» – адыходзіць ад прамога адказу малады тата. Але яго адзіная дачушка і, між іншым, першынец знаходліва падхоплівае тэму: «У мяне няма браціка!»

Калі Жэнькіных сяброў і сябровак забіраюць з дзіцячага сада пераважна матулі, то яе – тата. Ён, за дзень засумаваўшы па дачцэ, бярэ яе на рукі і так нясе дамоў. Пабачыўшы падобную ідылію, наўрад ці ўзнікне думка шкадаваць дзяўчынку: маўляў, побач з ёю няма мамы. Затое тата вунь які ў яе, нікому не дасць у крыўду!

Аднак нельга не сказаць пра тое, што Жэнька чакае чарговага прыезду матулі. Такія прыезды здараюцца рэдка. І гэта, на жаль, праўда. «У мяне няма мамы», – пажалілася дзяўчынка тату, на што той знайшоў цалкам зразумелы для яе адказ: «Мама ёсць, проста яна ўдзяляе табе мала ўвагі».

Дзецям аднолькава патрэбныя і тата, і матуля. Памятайце пра гэта, бацькі!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *