У адным узводзе з братам

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

«Вайна. Перамога. Памяць.»

Аляксей Грамыка з вёскі Баханы быў прызваны на вайсковую службу ў ліпені 1944 года разам з братам Мікалаем. Служылі ў адным узводзе, у складзе Першага Беларускага фронту.

А пачаліся франтавыя дарогі з горада Бранска. На захад цягнік з салдатамі ішоў праз родныя Стоўб-цы. «Матуля, калі даведалася пра гэта, сабрала вузельчык, – прыгадвае Аляксей Пятровіч. – Аднак сустрэцца ў нас не атрымалася, таму што састаў хутка адправіўся».

Аляксей Пятровіч служыў у стралковым палку памочнікам наводчыка. У складзе дзеючай арміі прайшоў з баямі Польшчу, змагаўся на рацэ Одэр, вызваляў Варшаву. Дайшоў да Берліна, дзе і сустрэў Дзень Перамогі.

За мужнасць і гераізм Аляксей Грамыка ўзнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 –1945 гг. «.

Пасля заканчэння вайны Аляксей Грамыка нёс службу на мяжы Усходняй і Заходняй Германіі. Дэмабілізаваўся ў 1949 годзе. Больш за чатыры дзясяткі гадоў працаваў вольнанаёмным ва Узброеных Сілах, а завяршыў працоўную дзейнасць у вайсковай часці ў пасёлку Наваколасава.

Аляксей Пятровіч часта выступаў з успамінамі пра Вялікую Айчынную вайну перад моладдзю, у працоўных калектывах раёна. Ён і цяпер актыўны, бадзёры. Любіць чытаць. Сваімі рукамі зрабіў трактар. Аляксею Пятровічу дапамагае дачка Тамара, мінчанка, якая даглядае дом, агарод. Клопаты па дамашняй гаспадарцы выконвае сацыяльны работнік.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *