Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 11 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Смольнікава, Яўгеній Нагібовіч, Паліна Філіповіч, Аляксандра Шакель, Софія Васількова, Андрэй Гурневіч, Аляксандра Шумчык, Мікіта Гярлоўскі, Давід Курыла, Цімафей Маляўка і Арцём Дзям’янка.

Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека. 

 У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў вёсцы Падзернае (Рубяжэвіцкі сельсавет). З-за свавольства  васьмігадовага хлопчыка з агнём знішчаны дом, яго сям’я засталася без даху над галавой.

Міліцыяй зарэгістравана 130 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджаны чатыры крымінальныя справы, у адной з іх устаноўлены падазраваемы. Ноччу з двара дома ў Скамарошках знік веласіпед. Веласіпед, закрыты на веласіпедны замок, прапаў і ад уваходу ў раённую бальніцу. У Мікалаеўшчыне рабаўнік адкрыта забраў з дома электрачайнік.

Пракуратурай раёна праведзена праверка па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі і дысцыпліны», правілаў па ахове працы, заканадаўства ў сферах пажарнай бяспекі і санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва на філіяле «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат». У ходзе яе ўстаноўлена, што службовымі асобамі філіяла дапускаюцца пэўныя парушэнні. Да прыкладу, уязныя вароты ў цэхі дрэваапрацоўкі, дэзінфекцыі, рамонту аўтатранспарту і трактароў не аснашчаны бяспечным устройствам супраць самазакрывання, лесвіцы на вытворчых аб’ектах выраблены з грубымі парушэннямі, у памяшканнях вагавой і ў калідоры халадзільнага памяшкання дапускаецца эксплуатацыя адкрытых размеркавальных каробак, на падлозе памяшканняў ёсць няроўнасці і т.п. Па выніках праверкі дырэктару філіяла ўнесена прадстаўленне.

   Суд аштрафаваў на 1 500 000 рублёў 44-гадовага жыхара Старыны – за захоўванне дома 200 л самагоннай брагі. 58-гадовы жыхар Дзераўной, які пагражаў жонцы расправай і траўміраваў яе, пакараны выпраўленчымі работамі на два месяцы з утрыманнем з заробку 20 працэнтаў. На два гады абмежаваны ў волі 22-гадовы стаўбчанін, які неправамерна завалодаў аўтамабілем  і ўчыніў на ім паездку.

ДАІ выявіла 182 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 14 бяспраўных і восем нецвярозых вадзіцеляў. З утрыманнем у крыві 1,4 праміле была затрымана і 27-гадовая жыхарка раёна, а таксама двое вадзіцеляў-«паўторнікаў», за што абодвум пагражаюць крымінальная справа і канфіскацыя аўто. Зарэгістравана 14 дарожна-транспартных здарэнняў. У адным з іх ледзьве не пацярпеў 22-гадовы веласіпедыст з Навапольцаў: малады чалавек ехаў па вуліцы з сумкай на рулі, якая пры павароце пераважыла, і адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Опель». Іншамарка, на шчасце, рухалася з невялікай хуткасцю. За парушэнне правілаў дарожнага руху веласіпедыст прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

  «Хуткая» атрымала 258 выклікаў да хворых, у тым ліку 12 сігналаў паступіла наконт асоб з алкагольным ап’яненнем. Да медыкаў працягваюць паступаць звароты ад жыхароў раёна, якія пры наведванні лесу пацярпелі ад укусаў змей.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *