Свята і будні медыкаў

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Сёлетні Дзень медыцынскіх работнікаў супаў з 75-гадовым юбілеем цэнтральнай раённай бальніцы.  З такой нагоды мы запрасілі на інтэрв’ю галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Віктара Пярхальскага.

–          Віктар Станіслававіч, чым адметны гэты адрэзак часу, які стаў гісторыяй медыцынскай установы?

–          Гісторыя цэнтральнай раённай бальніцы пачынаецца з далёкага 1939 года, калі функцыянавала толькі 30 ложкаў, працавалі чатыры ўрачы і 10 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. На сучасны момант раённая бальніца з’яўляецца шматпрофільнай лячэбна-аздараўленчай установай са стацыянарам на 294 ложкі, паліклінікай на 600 наведванняў у змену. Паліклініка абслугоўвае 16283 жыхароў райцэнтра і 3422 чалавекі на сельскім прыпісным участку. У структуру яе ўваходзяць 7 тэрапеўтычных участкаў, жаночая кансультацыя, аддзяленне прафілактыкі, стацыянар дзённага прабывання, дзіцячае аддзяленне на 6 тэрапеўтычных участкаў. Вядзецца прыём па 24 спецыялізацыях. У складзе цэнтральнай раённай бальніцы працуюць Дзераўнянская ўчастковая бальніца на 50 ложкаў і Рубяжэвіцкая ўчастковая бальніца на 25 ложкаў. Працуюць 10 амбулаторый па прынцыпе ўрача агульнай практыкі на 200 наведванняў у змену, 14 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, якія з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі амбулаторый. Стаўбцоўская раённая бальніца ўключае ў сябе міжраённае скура-венералагічнае аддзяленне і міжраённую лабараторыю серадыягностыкі і інфекцыйных захворванняў, аддзяленне пералівання крыві.

–          Каго б вам хацелася адзначыць з тых, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё аховы здароўя рэгіёна?

–          Удзячнае слова хочацца сказаць у адрас галоўных урачоў Ю. А. Селязенева, які быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», С. І. Лашука, А. М. Ярмоленкі, Ю. З. Астахновіча, І. А. Юнцэвіча, Г. Т. Барсамяна. Іх добрыя пачынанні развіваюцца і захоўваюцца. Многія ўрачы, спецыялісты сярэдняга медыцынскага персаналу і іншыя работнікі за свой прафесіяналізм, адданасць і вернасць прафесіі залатым радком упісаны ў гісторыю раённай бальніцы. На сучасны момант у медыцынскай установе працуюць 846 чалавек, з іх 115 урачоў, 381 спецыяліст сярэдняга медыцынскага персаналу. За апошні год у раён прыбылі 12 урачоў і 7 урачоў-інтэрнаў. У мінулым годзе на курсах павышэння кваліфікацыі прайшоў падрыхтоўку 51 урач і адзін урач – перападрыхтоўку, а таксама 83 сярэднія медработнікі прайшлі падрыхтоўку і восем чалавек – перападрыхтоўку. Абучэнне і атэстацыя з’яўляюцца важным складаемым у рабоце з кадрамі. Хуткае развіццё тэхналогій і абсталявання ў медыцыне патрабуе не менш аператыўнай падрыхтоўкі ўрачоў для паспяховай дыягностыкі і лячэння  пацыентаў. Пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база райбальніцы для ўкаранення сучасных метадаў дыягностыкі і лячэння. Аднак самым галоўным багаццем  застаюцца кадры, людзі, якія ўзялі на сябе вялікую місію захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва. З нагоды прафесійнага свята і юбілею цэнтральнай раённай бальніцы хачу пажадаць кожнаму з членаў нашага калектыву, ветэранам аховы здароўя  фізічнай і душэўнай сілы, поспехаў у высакароднай справе, шчасця і дабрабыту ў сем’ях.

 

ПАЛОВА ШТАТУ – З 30-ГАДОВЫМ СТАЖАМ

Яшчэ з мінулага стагоддзя бярэ пачатак гісторыя Дзераўнянскай участковай бальніцы, якая летась адзначыла 70-годдзе.

Амбулаторная дапамога сельскім жыхарам аказаваецца ў паліклініцы на 50 наведванняў у змену і стацыянарная –  у тэрапеўтычным аддзяленні на 50 ложкаў. Бальніца мае пост хуткай дапамогі. Медыцынская ўстанова абслугоўвае 2747 жыхароў Дзераўнянскага сельсавета, трэцюю частку якіх складаюць людзі пенсійнага ўзросту.

Гэта адзіная бальніца ў раёне, якая ўзяла на сябе клопат па функцыянаванні 10 сацыяльных ложкаў, дзе атрымліваюць лячэнне і догляд адзінокія пажылыя людзі, інваліды з усёй Стаўбцоўшчыны.

Медыцынскае абслугоўванне ўскладзена на траіх урачоў і на 19 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу, палова з якіх адпрацавалі ва ўстанове больш за 30 гадоў. Узначальвае калектыў вопытны спецыяліст, умелы адміністратар і кваліфікаваны ўрач Алена Буржымская, стаж работы якой у бальніцы складае больш за 25 гадоў. Сярод такіх жа «старажылаў» – Е. Г. Шпілеўская, А. М. Карневіч, Л. А. Гасюк, Л. І. Сакова, Т. В. Свекатун, А. В. Даўнаровіч, А. І. Шабуня, А. М. Макась.

Участковая бальніца мае добрыя вынікі работы па правядзенні ўсеагульнай дыспансерызацыі, прафілактыцы захворванняў, зніжэнні смяротнасці і інваліднасці.

Гэта адзін з тых калектываў медыкаў, які мае найбольшую колькасць падзяк ад пацыентаў, што з’яўляецца найлепшаяй ацэнкай работы.

 

СА СПЕЦЫЯЛІЗАЦЫЯЙ –  ХІРУРГ

med1Не многа знойдзецца людзей, каго перад хірургічным кабінетам стаматолага не апаноўваюць непрыемныя адчуванні. І вялікую важнасць набывае тут роля доктара, які павінен быць тонкім псіхолагам, чулым чалавекам і галоўнае –  высокім прафесіяналам. Хто ў нас у горадзе не ведае Святлану Кучур. Многія гады яна выконвае няпростую работу хірурга-стаматолага. Каб стаць урачом высокай кваліфікацыі (такую рэпутацыю яна мае), Святлана Уладзіміраўна пастаянна займаецца самаадукацыяй як на курсах, так і знаёмячыся з усімі навінкамі літаратуры па спецыяльнасці. І, канешне ж, сваю справу зрабіў вялікі вопыт работы.

Урачэбны стаж Святланы Кучур складае 38 гадоў. Дастаткова працяглы час яна працавала ў Мінску, а з 1996 года – у стаматалагічным аддзяленні Стаўбцоўскай раённай бальніцы. Да гэтага яна практыкавалася як тэрапеўт. Таму Святлане Уладзіміраўне  патрэбна было падрыхтаваць сябе ўнутрана, каб заняць прапануемую ёй вакансію амбулаторнага хірурга. Гэта вельмі адказны ўчастак работы, дзе прымяняецца анэстэзія. Заступіўшы на гэту працу аднойчы, для яе ўжо не было дарогі назад. Умеючы адносіцца да справы з вялікай адказнасцю, Святлана Уладзіміраўна стала ўдасканальваць сябе ў спецыялізацыі хірурга, ды і ў калектыве разумелі, што лепш за яе ніхто гэту работу не выканае.

Святлана Уладзіміраўна адчувае радасць ад таго, што яна працуе з двума маладымі ўрачамі, якія зацікавіліся спецыялізацыяй стаматолага-хірурга. Вопытны ўрач шчодра аддае ім свой вопыт, уменні. І спадзяецца, што ўрач-інтэрн Наталля Панамарова і Таццяна Грыцкевіч стануць дастойнай зменай старэйшаму пакаленню ўрачоў.

А Святлане Кучур пажадаем сіл, настрою, Божай дапамогі, заставацца такім добрым доктарам, якім яна ёсць.

 

КАЛІ ЗНОЎ ПАЧАЦЬ –  ВЫБРАЛІ Б ТОЕ Ж

Адметнасцюраённага калектыву медыкаў з’яўляюцца сямейныя дынастыі. У ліку іх – дынастыя Яцэвічаў. Аб сваёй рабоце, пачуццях расказвае Алена Яўгенаўна.

–     2014  год  для мяне юбілейны – 45 гадоў маёй працоўнай біяграфіі. Час урачэбнай дзейнасці ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы праляцеў як адзін дзень, з адным запісам у працоўнай кніжцы. Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута я прыбыла ў Стоўбцы па месцы працы майго мужа Генадзя Аляксандравіча, які пасля заканчэння Мінскага медінстытута два гады адпрацаваў ваенным урачом, а ўсе астатнія гады – урачом-рэнтгенолагам Стаўбцоўскай раённай бальніцы. Мы з ім  землякі, абодва з-пад Міра. Пачынала я сваю працу ўрачом-педыятрам. 15 гадоў адпрацавала пад кіраўніцтвам выдатных спецыялістаў: галоўнага ўрача Ю. А. Селязенева, намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Б. Л. Самахвалава, загадчыцы педыятрычнага аддзялення Н. Я.Самахвалавай. Затым стала ўзначальваць інфекцыйнае аддзяленне і была на гэтай пасадзе 28 гадоў. Калі аналізаваць, то гэта лепшыя гады ў маёй працоўнай біяграфіі. Я працавала з выдатным калектывам, які і цяпер застаецца адным з лепшых пад кіраўніцтвам В. В. Ярмоленка. За мае працоўныя гады даводзілася шмат вучыцца, быць на курсах павышэння кваліфікацыі па інфекцыйных хваробах. Калі я праходзіла падрыхтоўку ў Маскве ў Боткінскай клініцы, адна прафесар мне сказала: «Аднолькавых пацыентаў не бывае, у кожнага – новы дыягназ, тыповых няма. Кожны раз адкрывай кнігу – і чытай». Гэта для мяне стала ўрачэбным крэда. Для таго, каб працаваць добра, патрэбна любіць сваю прафесію.  Мы маем зносіны  з людзьмі, кожны з якіх – індывідуальны. Мне радасна, што тры пакаленні стаўбчан прайшлі праз мяне – маладыя мамы сталі ўжо бабулямі, якія маюць унукаў. У мяне дзве дачкі, таксама медыкі. Старэйшая, Ірына, закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Адразу працавала педыятрам у Стаўбцоўскай бальніцы, а апошнія 10 гадоў – у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця». Малодшая Алена працуе медыцынскай сястрой ў інфекцыйным кабінеце паліклінікі. Яна не стала працягваць вучобу ў вышэйшай медыцынскай навучальнай установе, выйшла замуж, у яе склалася добрая, дружная сям’я.  Я вельмі рада за сваю старэйшую ўнучку Дар’ю, студэнтку пятага курса Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Сярэдняя ўнучка Аліна – выпускніца з залатым медалём гэтага года. Унука Іллю, вучня чацвёртага класа, я вельмі хачу бачыць у будучым хірургам.

Прайшлі гады. Я адпрацавала з сямю галоўнымі ўрачамі, кожны з якіх па-свойму ўносіў добры ўклад у развіццё нашай бальніцы. Так склалася, што мяне па жыцці суправаджалі вельмі добрыя людзі, я ўдзячная ўсім сваім калегам за ўзаемаразуменне і ўзаемападтрымку. А як мы любілі і ўмелі разам адпачываць, асабліва ў нашы маладыя гады! Мы падарожнічалі сем’ямі. Аўтобусам праехалі Каўказ, Прыбалтыку, Падмаскоўе, тыднямі жылі ў палатках. І ўсё больш і больш пазнавалі адзін аднаго. Цяпер я таксама падарожнічаю, толькі ў паломніцкіх паездках.

Многіх маіх калег  ужо з намі няма, многія не працуюць.

 Не магу не назваць з удзячнасцю Г. Ф. Сяліцкага, Л. Я. Някрылаву, Ю. З. Астахновіча. Добры рабочы мікраклімат у нас цяпер пад кіраўніцтвам галоўнага ўрача В. С. Пярхальскага. Урачы маюць выдатную магчымасць павышаць свой узровень кваліфікацыі, камп’ютарызуюцца кабінеты, бальніца аснашчаецца сучасным абсталяваннем. Я ўдзячная, што Бог дае мне сілы і я  яшчэ працую. Вельмі люблю сваю прафесію і рада, што мае дзеці і ўнукі працягваюць гэтую справу.

 

ДАВЕРАНА САМАЕ ДАРАГОЕ – ДЗЕЦІ

У рэдакцыйнай пошце самыя прыемныя пісьмы – удзячнасць людзей. Найбольш слоў прызнання атрымліваюць медыцынскія работнікі. Напярэдадні іх прафесійнага свята да нас у рэдакцыю звярнуліся дзве шматдзетныя мамы – стаўбчанкі Святлана Жыбуль і Марына Ланкевіч і папрасілі напісаць пра педыятра цэнтральнай раённай бальніцы Алену Падалянчык. Чытаем іх падзякі і думаем: дай Бог кожнаму ўрачу мець такую ўдзячную бацькоўскую аўдыторыю: «Нізкі паклон Алене Іванаўне за нашых дзетак. Мы звяртаемся да яе ў любы час. Яна заўсёды здыме трубку і дасць параду, пракансультуе. Яна ведае нашых дзяцей па імёнах. І нават калі ўбачыць на вуліцы, не пройдзе міма, парадуецца, што мы даўно ўжо не наведвалі паліклініку. Для нас была такая вялікая радасць, што  Алена Іванаўна не пакінула свой педыятрычны ўчастак тады, калі была назначана загадчыцай раённай паліклінікі. У яе вучацца інтэрны, і мы спадзяёмся, што і з іх атрымаюцца  добрыя ўрачы, як Алена Іванаўна. Відаць, што яна вельмі любіць сваю прафесію. Мы рады, што ў нас у Стоўбцах ёсць такі доктар, яму можна даверыць самае дарагое – сваіх дзяцей».

Мы нясём у кабінет Алены Падалянчык гэту падзяку пацыентаў. Пранікаемся яе прамяністым позіркам, яе знешняй і ўнутранай прыгажосцю і задаём пытанне: «Што для Вас  значыць Ваша  прафесія?»

Выпускніца Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Алена Іванаўна гаворыць, што яна колькі сябе памятае, заўсёды хацела быць дзіцячым доктарам. Са Слуцка, дзе яна пачынала ўрачэбную практыку, у Стоўбцы яна пераехала ў 2007 годзе – па месцы службы мужа ваенным камісарам. За гэты невялікі час Алена Іванаўна сумела заваяваць павагу кіраўніцтва, калег, а самае галоўнае – яепрафесіяналізм і цудоўныя чалавечыя якасці прызналі пацыенты. З 2012 года Алена Падалянчык сумяшчае адміністрацыйную работу загадчыцы раённай паліклінікі з урачэбнай – застаецца практыкуючым педыятрам.

–     Прафесія медыка – асаблівая. Прыходзіш на працу, апранаеш белы халат – і пра сябе забываеш. Для мяне мая работа – гэта маё жыццё. У педыятраў асобыя пацыенты – маленькія чалавечкі. Яны самыя ўдзячныя, паслухмяна выконваюць назначэнні, такія непасрэдныя, чыстыя, адкрытыя, што не дазваляюць нам ачарствець. Зносіны з імі здымаюць стомленасць, не дапускаюць да раздражнёнасці. З імі хочацца быць добрай, ласкавай, уважлівай. Работа медыка патрабуе шмат душэўных і фізічных сіл. Усе нашы ўрачы – энтузіясты. Гэта прафесія – прызванне, інакш урача не адбудзецца. Мне, як участковаму педыятру, радасна, што на маім участку павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. Гэта  прыгожыя, дастойныя людзі. Мы падтрымліваем нараджальнасць, аказваем сем’ям  медыцынскую дапамогу, а таксама праводзім   вялікую асветніцкую работу. Як вынік яе – з пачатку года на нашым участку ў два разы знізілася колькасць дзяцей, якія пакутуюць на алергію. І гэта сумесная праца ўрача і бацькоў. У сваю чаргу я хачу падзякаваць бацькам, што яны прыслухоўваюцца да парад, і, такім чынам, дамагаюць нам захоўваць здароўе дзяцей.

 

З ПРАПІСКАЙ У СТОЎБЦАХ

Упрыгажэннемкалектыву медыкаў цэнтральнай раённай бальніцы, яго надзеяй і перспектывай з’яўляюцца маладыя хірургі Націк Гусейнаў і Андрэй Дудзінскі. Як і многія маладыя людзі, яны сябруюць з гумарам, камунікабельныя, і адразу ж заваёўваюць сімпатыю ў працэсе размовы. Аднак мы ведаем, што гэта сур’ёзныя маладыя людзі, за плячыма ў якіх  – нямала праведзеных аперацый агульнахірургічнага профілю. Хоць з кожным разам набываецца ўрачэбны вопыт, але выпадкаў, якія паўтараюцца, не бывае, таму для хірургаў кожная новая аперацыя – як у першы раз.

Прыехалі маладыя спецыялісты ў стаўбцоўскую бальніцу па размеркаванні. Для Націка Гусейнава на выбар прафесіі паўплываў прыклад брата. Ён таксама хірург, ужо з 10-гадовым стажам. Працаваў у беларускім Дуброўна, а потым вярнуўся ў  Баку. Па нацыянальнасці Гусейнавы – азербайджанцы.

Націку Гусейнаву падабаецца ў Стоўбцах, у яго вельмі добрыя водгукі пра хірургічны калектыў, пра загадчыка Ігара Яхнаўца, які стымулюе памкненні маладых хірургаў павышаць сваю кваліфікацыю, ездзіць на курсы. І сам  шмат дапамагае ім у паўсядзённых буднях парадай, кансультацыяй у складаных сітуацыях. Такое ж задавальненне ўмовамі работы, узаемаадносінамі з кіраўніцтвам выказаў і калега Націка Гусейнава Андрэй Дудзінскі. Андрэй Казіміравіч прайшоў падрыхтоўку па спецыяльнасці траўматолаг. Ён  удзячны адміністрацыі бальніцы, што арганізавала для яго такое абучэнне.

На гэты клопат маладыя хірургі адказваюць сваёй сумленнай працай, самаўдасканаленнем для прафесійнага росту.

Адметна, што, прыняўшы сардэчна ў свой калектыў тры гады назад Андрэя Дудзінскага, выпускніка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, які ўключаны ў банк даных адоранай моладзі, райбальніца набыла адразу двух дактароў. Жонка Андрэя Казіміравіча, Юлія Валер’еўна, – урач па спецыяльнасці ЛОР. Цяпер яна знаходзіцца ў  адпачынку па доглядзе за дзіцем. Маладая сям’я будуе ў Стоўбцах дом, так што наш райцэнтр становіцца месцам пастаяннай прапіскі для Дудзінскіх. Дай Бог, каб Дудзінскім і іншым маладым урачам было ў нас камфортна працаваць і жыць.

 

Як роднае дзіця

«Дачушка», «дзіцятка наша», «родная» – як толькі ласкава ні называюць Яну Нарановіч яе пацыенты, якія ідуць у сельскі ФАП «па здароўе». Ціхая і сціплая Яна Юр’еўна сарамліва ўсміхаецца. Чым жа можна было заслужыць такую павагу, такую любоў сваіх аднавяскоўцаў? Безадказнасцю на просьбы, бездакорным выкананнем сваіх абавязкаў, уменнем прыняць чалавека і дапамагчы яму, а па вялікім рахунку –  любоўю.

 Яна Нарановіч памятае, як моцна хварэла яе бабуля. Тады яна вырашыла стаць медыкам, таму што бачыла, якую неацэнную дапамогу аказваюць людзі гэтай прафесіі іншым. Гэта не толькі паўплывала на выбар спецыяльнасці, але і заклала фундамент хрысціянскіх адносін да іншага. Яна ўмее так сустрэць пажылога чалавека, столькі даць цеплыні свайго сэрца, што людзі ад такой увагі часам не могуць стрымаць слёз удзячнасці. І гэта таксама лечыць. Маладому медыку настолькі давяраюць, што тэлефануюць не толькі на работу, але і дамоў. Прычым,  у любы час сутак. І гэты давер Яна Юр’еўна сумела заслужыць за вельмі кароткі час работы  – яна яшчэ ў статусе маладога спецыяліста.

Хоць ёсць моманты ў яе прафесійнай дзейнасці, калі Яна Нарановіч непарушная, каб пайсці  супраць патрабаванняў. У час важных сельскагаспадарчых кампаній мясцовы фельчар праводзіць абследаванне механізатараў і вадзіцеляў на алкатэстары. Ні ў кога няма прывілегій. Штамп на выезд будзе стаяць толькі тады, калі няма ніякіх парушэнняў. І за гэта таксама паважаюць у вёсцы мясцовую дзяўчыну. Яна Нарановіч праводзіць раніцай абследаванне і вадзіцеляў Стаўбцоўскага цагельнага завода.

А наогул фельчар-акушэр абслугоўвае жыхароў Жукава Барка, Хутар-Барка, Жаўнеркавіч і Аталезі. У вёсках вялікая колькасць насельніцтва пажылога ўзросту, хоць жывуць тут і маладыя сем’і. Ёсць нараджэнні. Пад наглядам медыка мясцовыя школа і дзіцячы сад. Так што работы ў фельчара штодзень нямала. Яна яе выконвае настолькі сумленна, што Аталезскі ФАП лічыцца ў цэнтральнай раённай бальніцы ў ліку лепшых.

Матэрыял падрыхтавала Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *