У прыярытэце – кукуруза

Главное Сельская гаспадарка

Ажыўлена на палетках ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Працаўнікі прыватнага прадпрыемства прыкладаюць старанні для таго, каб своечасова і якасна правесці сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, якія размесцяцца сёлета на 300 гектарах, а таксама грунтоўна падрыхтавацца да сяўбы прапашных культур.

Галоўны аграном Яніна Цярэня расказвае, што работы вядуцца ў комплексе і будуць завершаны ў пазначаны тэрмін, з выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў. Ячмень пасеялі, на чарзе – зернебабовыя.

Для належнай апрацоўкі глебы і сяўбы сельскагаспадарчых культур выкарыстоўваецца новая сучасная тэхніка як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Падчас наведвання прадпрыемства на полі за вёскай Кучкуны перазалужаў сенажаці на тарфяніках механізатар Мікалай Ціцікша. У яго распараджэнні – новы магутны энерганасычаны трактар»Беларус-3522″ у счэпе з камбінаваным пасяўным агрэгатам VADERSTAD. Шматгадовыя травы размесцяцца сёлета ў гаспадарцы на 500 гектарах. На 200 гектарах будзе пасеяна люцэрна. На 150 гектарах закладваюцца высокапрадукцыйныя пашы інтэнсіўнага тыпу.

Механізатар Валерый Кісялевіч

На падрыхтоўцы глебы заняты механізатар Валерый Кісялевіч, які працуе на гусенічным трактары CHALLENGER замежнай вытворчасці. Варта адзначыць, што машынна-трактарны парк прадпрыемства аснашчаны і іншымі мадэлямі машын вышэйадзначанага амерыканскага брэнда. Гэта трактар на колах, які даручаны Дзмітрыю Лявончыку – працаўнік заняты на пракатванні пасеваў з дапамогаю кольчатых каткоў. На падкормцы азімых збожжавых і рапсу КАСам рупіцца на высокапрадукцыйным апырсквальніку Аляксандр Кацярнюк. Ён адзін спраўляецца з гэтай тэхналагічнай аперацыяй, бо штодзень падкормлівае да 200 гектараў пасеваў. Уносіў Аляксандр Іванавіч і мінеральныя ўгнаенні разам з Генадзіем Ефімовічам. На ўнясенні арганікі ў глебу заняты малады механізатар Дзмітрый Мацюнін.

Галоўны аграном падкрэслівае, што пад кукурузу ў гаспадарцы сёлета адведзена даволі вялікая плошча – 1400 гектараў.

– Механізатары стараюцца, працуюць з душой, каб атрымаць неблагі ўраджай, – дадае Яніна Анатольеўна. – Чакаем веснавых дажджоў, бо вільгаці ў глебе малавата, і настроены на высокі паказчык. Многае, безумоўна, будзе залежаць і ад таго, якім выдасца надвор’е.

Надзея БАТАЛКА, фота  аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *