Павел Якубовіч выбраў міліцыю

Ахова правапарадку Главное

Павел Якубовіч марыць стаць афіцэрам міліцыі

Напрыканцы мінулага года райаддзел міліцыі папоўніўся маладым супрацоўнікам – міліцыянерам-дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання Паўлам Якубовічам.

Павел закончыў авіяцыйны каледж, але, не знайшоўшы работу па спецыяльнасці, успомніў пра той факт сямейнай гісторыі, што яго дзядуля па бацькавай лініі служыў у міліцыі. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Павел прыступіў да выканання сваіх абавязкаў.

Работа ў ізалятары, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя або заключаныя пад варту, носіць спецыфічны характар. Гэтыя людзі парушылі закон, прадэманстравалі да яго непавагу… Пры нясенні дзяжурства міліцыянеру-дзяжурнаму неабходна захоўваць распарадак і дысцыпліну, дакладна выконваць службовыя інструкцыі. У іх асваенні маладому супрацоўніку дапамагаюць больш вопытныя калегі.

– Буду паступаць у акадэмію міліцыі, – кажа Павел, настроены атрымаць профільную вышэйшую адукацыю і стаць афіцэрам. – У будучым хачу працаваць у ДАІ.

Для ўвасаблення мары ў маладога чалавека ёсць усе шанцы. Ён спартыўны (выступаў за каледж у складзе каманды па футболе) і, акрамя таго, з дзяцінства прызвычаены да кардынальных перамен. Нарадзіўся Павел Якубовіч у Баранавічах, у сям’і ваеннага, таму разам з бацькамі паездзіў па розных воінскіх часцях Беларусі. На даны момант сям’я жыве на Стаўбцоўшчыне, у Наваколасаве.

Напрыканцы размовы цікаўлюся ў Паўла Якубовіча наконт падабенства яго прозвішча з прозвішчам вядомага расійскага шоўмена. Для Паўла гэтае пытанне не новае. «Нярэдка жартам мяне называюць унукам вядучага праграмы «Поле цудаў». Але да шоу-бізнесу я інтарэсу не маю. Работа ў міліцыі прэстыжная, хоць, зразумела, і не такая грашовая, як у артыстаў», – кажа ён.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *