Тэатральнае чарадзейства па-стаўбцоўскі

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Акцёрскае майстэрства – адна з самых эфектыўных методык развіцця асобы. У Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры існуе дзіцячы тэатральны гурток «Вытокі», кіраўніком якога з’яўляецца Марыя Манцывода. У ім я займаюся ўжо дзевяць гадоў. Наш гурток наведваюць дзеці рознага ўзросту. Самаму маленькаму ў сакавіку споўнілася чатыры гады. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень па паўтары гадзіны. За гэты час наш педагог спрабуе развіваць у нас сабранасць, натуральнасць паводзін на сцэне, фантазію, імправізацыю і іншае. Усе заняткі пачынаюцца з трэнінгу, які дапамагае разагрэць свой маўленчы апарат для далейшай працы. Асабіста мне вельмі падабаюцца заняткі па акцёрскіх эцюдах, беспрадметным дзеянні, якія дазваляюць развіваць лагічнае мысленне. Самым маленькім падабаюцца эцюды на пластыку жывёл. Наш педагог кажа: «Не ўсе ў дзяцінстве мараць быць артыстамі, але кожнаму важна быць пачутым і зразумелым, навучыцца выказваць свае думкі, пачуцці і прыняць удзел у цікавай справе. Таму тэатр заўсёды застанецца адным з лепшых метадаў выхавання і адукацыі».

Для мяне спектакль – гэта важны канчатковы вынік, але рэпетыцыйны стваральны працэс мае асаблівае магічнае дзеянне, якое дапамагае развіваць сваю фантазію. Поспех тут залежыць ад таго, наколькі добра мы ўмеем узаемадзейнічаць разам: чуць адзін аднаго, бачыць, адчуваць і разумець. Мы, юныя акцёры, заўсёды ўдзельнічаем у навагодніх спектаклях і народных гуляннях, выступаем у ролі вядучых на дзіцячых і падлеткавых мерапрыемствах. Цяпер мы рыхтуем новую пастаноўку, якую, спадзяёмся, нашыя гледачы ўбачаць у маі. Тэатральны гурток – гэта неад’емная частка майго жыцця.

Дзмітрый ЯНУШКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *