Чацвёртакласнік са Стоўбцаў выступіў на краязнаўчым форуме

Адукацыя Главное

Чацвёртакласнік СШ № 3 г. Стоўбцы Мацвей Макарэвіч – самы юны ўдзельнік І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі

Чацвёртакласнік СШ № 3 г. Стоўбцы Мацвей Макарэвіч атрымаў падзяку ад арганізатараў І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі, які ў сакавіку праходзіў у Мінску, у рамках Года малой радзімы. Мацвей стаў самым малодшым удзельнікам форуму.

Пра гэта расказала яго матуля Таццяна Вацлаваўна, якая працуе настаўнікам пачатковых класаў у гэтай жа школе і з’яўляецца кіраўніком даследчай працы Мацвея. Работа называецца «Векавыя дрэвы Стаўбцоўшчыны» і прысвечана старадаўняму парку ў п. Школьны. Раней Мацвей выступаў са сваім даследаваннем на раённым этапе адкрытага фестывалю «Я – даследчык».

– У рамках даследавання праведзена вялікая работа, у тым ліку наладжаны кантакт з вучонымі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі для ўдакладнення ўзросту векавых дрэў, – адзначае Таццяна Макарэвіч.

Згодна з праграмай форуму (яго арганізатарамі выступілі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» пры падтрымцы трох міністэрстваў – культуры, інфармацыі і адукацыі), працавалі розныя секцыі. Адметнасцю форуму стаў удзел у ім школьнікаў і студэнтаў. Мацвей Макарэвіч прэзентаваў свой даклад на канферэнцыі школьнікаў «Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгіёнаў».

– Мне спадабалася атмасфера форуму, уразіла цікавасць да Стаўбцоўшчыны. Некаторыя з удзельнікаў выказалі жаданне наведаць парк, пра які ідзе размова ў даследаванні, – расказаў Мацвей. Для яго запамінальнымі сталі шматлікія экскурсіі, арганізаваныя для ўдзельнікаў форуму: у Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Дом-музей І з’езда РСДРП, Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь.

Варта сказаць, што ў праграме краязнаўчага форуму былі таксама заяўлены яшчэ дзве работы, якія датычаць вывучэння гісторыі Стаўбцоўшчыны: аб актуалізацыі гістарычнага цэнтра Стоўбцаў (Ігар Іваноў, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту) і пра стваральніка Старасвержанскага гісторыка-краязнаўчага музея І. А. Шавеля (краязнавец – Сяргей Галоўка).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *