Брыгадзе Стаўбцоўскага АКС даверана добраўпарадкаванне ўнікальнага аб’екта

Главное Эканомiка

Універсальная брыгада Стаўбцоўскага АКС: Аляксандр Ермаковіч (брыгадзір), Сяргей Паляшчук і Дзяніс Мацукевіч

Гэтай брыгадзе Стаўбцоўскага АКС, якую вы бачыце на здымку, даверана добраўпарадкаванне аб’екта, падобнага на які на Стаўбцоўшчыне яшчэ не было.

Даны аб’ект па-простаму называюць стадыёнам, а насамрэч гэта футбольна-валейбольная пляцоўка, за стварэнне якой выказалася моладзь Стоўбцаў. Напрыканцы 2019 года пляцоўка была адсыпана і агароджана за сродкі суботніка на вуліцы Ленінскай горада  (побач з інтэрнатам ПМК-233). Мы паведамлялі ў газеце, што для спартыўнай пляцоўкі набыта гумовае пакрыццё, і яго ўладкаванне адбудзецца вясной, з надыходам спрыяльных умоў надвор’я.

Вопытны вадзіцель Мікалай Жыбуль запатрабаваны на будаўнічых пляцоўках

Так званую гумовую, траўмабяспечную, плітку, у нашым раёне яшчэ ніхто не ўкладваў, таму на членаў брыгады Аляксандра Ермаковіча ўскладаецца асаблівая адказнасць. Усе гэта разумеюць, ад брыгадзіра да членаў брыгады Сяргея Палешчука і Дзяніса Мацукевіча. Дзяніс – самы малады ў брыгадзе і самы спартыўны, у складзе каманды Стаўбцоўскага АКС прымае ўдзел у турзлётах. Нядаўна больш вопытныя калегі па брыгадзе навучылі Дзяніса наносіць дарожную разметку, а ўвогуле яны разам умеюць шмат чаго. Нездарма ж брыгада лічыцца ўніверсальнай.

Адзін з апошніх аб’ектаў, на якім працавала брыгада, – добраўпарадкаванне тэрыторыі ад дома № 11 па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах да вуліцы Калініна.

– Устанавілі дарожны і тратуарны барты, выклалі пліткай тратуарную дарожку, зрабілі зялёныя зоны, на якіх будзе высеяна трава. Працуем згодна з планам, – зазначае брыгадзір Аляксандр Ермаковіч.

Своечасова дастаўляе матэрыялы на аб’екты машыністпагрузчыка Мікалай Дзюк

Каб устанавіць дарожны борт, які важыць 80-100 кг, яго падымаюць і ўкладваюць на месца двое членаў брыгады, трэці ў гэты час падкідвае туды бетон. І за дзень такіх аперацый прыходзіцца зрабіць шмат. Балазе неабходныя матэрыялы своечасова падвозіць вадзіцель Мікалай Жыбуль, а падае іх машыніст пагрузчыка Мікалай Дзюк. Мікалай Мікалаевіч працуе ў Стаўбцоўскім АКС больш за 20 гадоў, прычым апошнія пяць гадоў – на пенсіі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *