Цімохаў хутар

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

«Вайна. Перамога. Памяць»

Калі пад’язджаеш да хутара, то адразу позірк падае на чырвоную зорку, якая ззяе на галоўнай сцяне ўжо старэнькай хаты, дзе жыў мой прадзед Шкут Цімафей Сцяпанавіч, ветэран Вялікай Айчынай вайны. Працаўнік, музыкант і проста добры і шчыры чалавек, душа любой кампаніі, які ў пасляваенны час працаваў на чыгунцы. Таварнымі саставамі дастаўляў грузы ў розныя гарады Беларусі.

Мая бабуля шмат апавядала пра яго. Мяне ўразілі многія рэчы з яе ўспамінаў. Праз іх я адчувала і пражывала гісторыю не толькі свайго прадзеда, але і гісторыю роднага краю. Бабуля расказала пра сустрэчу прадзеда Цімафея з Янкам Брылём, вядомым пісьменнікам, з якім яны разам ваявалі ў партызанскім атрадзе імя Жукава. Пасля прадзядуля атрымаў пасведчанне партызана Беларусі. Гэтая гісторыя мяне ўразіла больш за ўсё.

Кожны раз я гляджу на дакументы прадзядулі і ўдзячная яму за зорнае неба, за квітнеючую паляну блакітных пралесак,  што красуюць ля прадзядулінага хутара. Дзякую за нас, маладых і шчаслівых. Адчуваю, як дакранаюся да гісторыі і чагосьці патаемнага.

У кнізе «Памяць» ёсць таксама звесткі пра Шкута Цімафея Сцяпанавіча. А мы, праўнукі, чытаем творы Янкі Брыля, якія ён падарыў маёй бабулі пасля вайны пры сустрэчы на хутары, у якіх вечна будзе жыць гісторыя сям’і і краіны.

Вікторыя Скорбеж, студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *