Успаміны майго прадзядулі

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

«Вайна. Перамога. Памяць»

Набліжаецца знамянальная дата ў гісторыі нашай краіны – 75-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтую дату з нецярпеннем чакае і мой прадзядуля – Сямён Мікалаевіч Стома, удзельнік вайны, інвалід І групы. Сёлета яму споўніцца 95 гадоў. Але ён добра памятае ўсе падзеі тых часоў, часта дзеліцца ўспамінамі  пра свае дарогі вайны і жыццё падчас нямецкай акупацыі.

Пра баявыя подзвігі свайго прадзядулі я напісала аповед у газеце «Прамень» за мінулы год. А цяпер вырашыла расказаць пра выпадак, які здарыўся з ім, калі на нашай зямлі гаспадарыў вораг.

Калі гітлераўцы прыйшлі ў вёску Мікалаеўшчына, майму прадзядулю было ўжо каля 16 гадоў. Таму ён добра арыентаваўся ў падзеях, аналізаваў сітуацыю і прымаў адпаведныя рашэнні. Прадзядуля ведаў, што большасць жыхароў вёскі варожа адносілася да акупантаў. Многія мужчыны пайшлі ў партызанскі атрад і змагаліся са злом. Сярод іх быў і старэйшы брат прадзядулі – Мікалай. Мой прадзядуля з сябрам таксама прыйшлі да партызанаў з намерам удзельнічаць у баях з фашыстамі. Але камандзір партызанскага атрада палічыў, што ад падлеткаў будзе больш карысці, калі яны застануцца ў вёсцы ў якасці сувязных.

Мой прадзядуля перадаваў партызанам звесткі пра ворага, збіраў для іх прадукты, адзенне і абутак. Некалькі разоў падвозіў партызанаў на кані да месца баявых дзеянняў.

На жаль, сярод землякоў знайшліся і тыя, хто пайшоў служыць ворагу. Аднойчы гэтыя здраднікі прыехалі ў Мікалаеўшчыну і сталі пагражаць, што хутка прыбудзе карны атрад гітлераўцаў, які разам з паліцаямі расстраляе тых жыхароў вёскі, чые родныя знаходзяцца ў партызанах. У той час тут пражывалі 32 партызанскія сям’і.

Калі партызаны даведаліся пра гэта, яны папярэдзілі паліцаяў, што жорстка адпомсцяць, а сем’і здраднікаў напаткае такі ж самы лёс. Спалохаўшыся, паліцаі ўгаварылі немцаў не расстрэльваць партызанскія сем’і. Акупанты вырашылі ў вёсцы  правесці толькі вобыскі.

І вось у Мікалаеўшчыну на матацыклах і браневіках прыехаў карны атрад. У хату да прадзядулі зайшлі чатыры немцы. Сям’ю вывялі на вуліцу, пачаўся вобыск. Затым два варожыя салдаты зайшлі ў хлеў. Адзін з іх вынес туфлі прадзядулі і кінуў іх аб зямлю. Ён западозрыў, што вясковы хлопец – гэта партызан, які хавае свой абутак. Фашыст схапіў падлетка за грудзі і павалок да сцяны хлява. Затым ускінуў вінтоўку, клацнуў затворам. Прадзядуля ўспамінае: «Прама ў вочы глядзела руля вінтоўкі, немец злосна крычаў: «Партызанен!» Вялікага страху не было, але я ўвесь напружыўся. І тут з карнікам загаварыла мая маці. Яна добра ведала яўрэйскую мову (доўгі час служыла ў яўрэйскай сям’і), якая падобная на нямецкую. Маці здолела пераканаць немцаў, што яе сын не партызан».

Прадзядулю адпусцілі. Ён працягнуў дапамагаць партызанам. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў ваяваў на фронце, быў двойчы цяжка паранены. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені і медалём «За адвагу».

Валерыя Стома, вучаніца 5 «А» класа

СШ № 2 г. Стоўбцы

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *