Пра добрага гаспадара скажа яго двор

Важное Эканомiка

Вясной клопатаў у гаспадарлівых людзей мноства, але хто захоча, той заўсёды знойдзе час прыбрацца. Дбайныя гаспадары, падабраўшы спрыяльнае надвор’е, выходзяць з граблямі, мяцёлкамі. Праца ў двары, на прылеглай тэрыторыі прыносіць не толькі карысць, але і добры настрой.

Разам з памочнікам урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валерыяй Мартынавай мы выехалі на вуліцы горада, каб паглядзець, як вядзецца работа па навядзенні парадку ў прыватным сектары.

– Падваровыя абходы і растлумачальная работа з насельніцтвам з надыходам вясны набірае тэмп, – заўважае прадстаўнік раённай санслужбы. – Сітуацыя ў цэлым нядрэнная, аднак варта цяпер, падчас месячніка, актывізаваць намаганні па навядзенні парадку. Парушальнікам даем вусныя заўвагі, у асобных выпадках выдаем прадпісанні.

На вуліцы Першамайскай ужо прыбраны вулічны змёт (папрацаваў філіял маторнага завода), і яе жыхары таксама імкнуцца падтрымаць марку сваёй транзітнай вуліцы. Асабліва прыемна спыніць позірк там, дзе газон побач з  сядзібай мае насаджэнні шматгадовых кветак. Прыгадваецца, што кветкі раней раслі тут ці не ля кожнага дома. Во было прыгожа!

На вуліцы 17 Верасня звяртае ўвагу шматкватэрны дом на два паверхі. У першую чаргу ён вылучаецца сваёй акуратнай, на фундаменце з каменьчыкаў, агароджай. І ў двары парадак. Відавочна, што жыльцы тут – дружныя, арганізаваныя, якія любяць свой дом. Відавочна, што навучыліся жыць у згодзе з санітарнымі правіламі і жыльцы вуліцы Алега Кашавога, да якіх раней было шмат прэтэнзій за неналежнае ўтрыманне прылеглай тэрыторыі. Асобныя гаспадары, як, да прыкладу, дома № 84 на вуліцы Зялёнай, аздабляюць сваю прылеглую тэрыторыю лавачкамі, арэлямі і іншымі малымі архітэктурнымі формамі, прыдатнымі для адпачынку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *