На пытанні жыхароў раёна адказвае галоўны санітарны ўрач раёна

Главное Медыцына

Сітуацыя з каранавірусам у нашым раёне застаецца кантралюемай. Санітарная служба працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці. Праводзіцца інфармацыйна-растлумачальная работа сярод насельніцтва, а таксама рэалізуюцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы пры ўзнікненні ачагоў інфекцыі. Пацыентам аказваецца кваліфікаваная медыцынская дапамога з улікам іх стану, а на аб’ектах грамадскага карыстання працягвае ажыццяўляцца прафілактычная дэзынфекцыя, тут змешчаны памяткі і рэкамендацыі.

Разам з тым, сітуацыі ўзнікаюць розныя, і паступае нямала пытанняў адносна таго, як засцерагчыся ад інфекцыі. Адказы на іх мы папрасілі даць галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксея БОНДАРАВА.

– Як часта можна выходзіць на вуліцу?

– На даны момант кожнаму з нас неабходна максімальна зменшыць усе сацыяльныя кантакты і грамадскія актыўнасці.

У плане кантактаў няхай кожны ўстановіць для сябе разумныя абмежаванні. Пры выхадзе на вуліцу абавязкова выкананне мер асабістай прафілактыкі: нашэнне маскі, выкарыстанне антысептыкаў.

– Я пенсіянерка і раней хадзіла ў магазін кожны дзень па свежы хлеб, малако. Як быць цяпер?

–  Напэўна, зусім не абавязкова хадзіць у магазін кожны дзень. Можна набыць прадукты ў запас – на два, тры, чатыры дні. Раю скласці дома спіс неабходных пакупак, каб нічога не забыць і не затрымлівацца ў магазіне. Лепш за ўсё выбіраць бліжэйшы ад дома магазін, што таксама дазволіць мінімізаваць колькасць кантактаў. У магазіне не забывайце пра вытрымліванне бяспечнай дыстанцыі ў 1,5–2 метры, выкарыстанне маскі, разлікі не наяўнымі грашыма, а банкаўскай картачкай.

– У выхадныя мы меркавалі наведаць лазню. Можна гэта зрабіць?

– Ва ўмовах распаўсюджання каранавіруса ў лазню хадзіць не рэкамендуем, таму што гэта месца масавага знаходжання людзей. Каб не захварэць, лепш заставайцеся дома і мыйцеся ў дамашніх умовах, без рызыкі для здароўя.

– Кожны дзень мераю тэмпературу. Яна ў норме, але самаадчуванне не вельмі. З дому стараюся не выходзіць. Да якога ўрача звярнуцца?

– Пазваніце ў рэгістратуру паліклінікі. Ёсць магчымасць выкліку ўрача на дом, які ацэніць стан вашага здароўя і вырашыць з відам медыцынскай дапамогі. Індывідуальны падыход – тое, што гарантуе эфектыўнасць гэтай дапамогі.

– Звычайна ў другой палове месяца мы ходзім на пошту, каб аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі. Як быць цяпер, калі нельга выходзіць з дому лішні раз?

– Па магчымасці лепш зрабіць плацяжы праз інтэрнэт. Калі такі спосаб вам не падыходзіць, тады варта сумясціць паход на пошту і ў магазін, каб сапраўды лішні раз не выходзіць з дому. Пры гэтым абавязковае выкананне мер асабістай прафілактыкі: нашэнне маскі, апрацоўка рук антысептыкам. У памяшканнях, куды вы будзеце заходзіць, не падыходзьце да іншых бліжэй чым на 1,5–2 метры.

Адзінокія пажылыя людзі могуць звярнуцца са сваімі надзённымі пытаннямі ў тэрытарыяльны цэнтр.

– На Вялікдзень мы заўсёды збіраліся разам за адным сямейным сталом. Няўжо сёлета трэба парушыць традыцыю?

– Так. Чым менш кантактаў, тым лепш будзе для ўсіх вас. Свята вялікае, сямейнае, таму звязвайцеся з блізкімі людзьмі па тэлефоне, скайпу, і такім чынам умацоўвайце свой маральны дух, бо гэта важна для здароўя.

…З улікам таго, якая вялікая колькасць тэлефонных званкоў ад жыхароў раёна паступае апошнім часам у розныя службы, Аляксей Бондараў робіць выснову пра высокую сацыяльную адказнасць грамадзян. Гэта – сведчанне наладжанага ўзаемадзеяння і доказ таго, што разам мы зможам супрацьстаяць распаўсюджанню інфекцыі. Кантактны тэлефон раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – 5-13-06.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *