У Стоўбцах пачалося будаўніцтва двух шматпавярховых жылых дамоў

Главное Эканомiка

На вуліцы Машынабудаўнікоў у Стоўбцах пачалося будаўніцтва двух шматпавярховых жылых дамоў, на 60 і 40 кватэр. На аб’екце працуюць будаўнікі Пухавіцкай МПМК-14 (генеральная падрадная арганізацыя) і ПМК-233.

Два новыя шматпавярховыя дамы пачалі ўзводзіць побач з дзіцячым садам № 8

– Тэрмін здачы дамоў у эксплуатацыю – снежань 2020 года. Цяпер закладваецца фундамент, у маі прыступім да ўзвядзення сцен, – зазначае Мікалай Мармузевіч, дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна», якое выступае заказчыкам новабудоўляў.

Над будаўнічай пляцоўкай, якая акурат суседнічае з новым дзіцячым садам № 8, узвышаюцца два краны. Рабочыя заняты ў катлаване, таму іх пакуль не відаць. «Фасад будзе змешанага тыпу – з блокаў і цэглы (у далейшым – атынкаваны і пафарбаваны), унутраныя перагародкі – з жалезабетонных панэляў», – тлумачыць прараб ПМК-233 Сяргей Булгак.

Частка рабочых задзейнічана праз дарогу ад будаўнічай пляцоўкі, дзе нішто не перашкаджае ствараць пешаходныя сувязі і аўтастаянку для жыльцоў будучых новабудоўляў.

Як вядома, у гэтых дамах 20 кватэр будуць камерцыйнага выкарыстання і 10 – сацыяльныя (іх будаўніцтва фінансуецца з абласнога бюджэту), а 70 – для тых, хто знаходзіцца на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Пераважную большасць сярод «чаргавікоў» складаюць шматдзетныя сем’і.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *