Увесь час пракуратура стаяла на абароне законнасці і правапарадку, законных інтарэсаў грамадзян. З 1 красавіка 2014 года на пасаду пракурора раёна прызначаны Сяргей Грыцук, які ў органах пракуратуры працуе з 2005 года. У свой час пачынаў са стажора на пасадзе памочніка пракурора Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, а ў апошнія гады быў намеснікам пракурора Смалявіцкага раёна.
– Сяргей Валер’евіч, вы ўжо пазнаёміліся з новым для сябе калектывам, з раёнам у цэлым. Якія ўражанні?
– У пракуратуры раёна працуе малады кваліфікаваны калектыў. І Стаўбцоўшчына мне спадабалася. Багатая лясамі.
– Аптымізм – добры памочнік у вырашэнні тых задач, якія стаяць перад пракуратурай…
– Наша задача – выяўляць негатыўныя з’явы і тэндэнцыі ў розных галінах, умець своечасова зрэагаваць на іх. Для гэтага праводзім комплексны аналіз праблем, узаемадзейнічаем з іншымі структурамі і арганізацыямі, прызначаем праверкі там, дзе ёсць парушэнні.
– Якія з праблем або сфераў пракурорскага нагляду можна назваць першачарговымі?
– Кожны ў калектыве – пракурор, яго намеснік, два памочнікі – займаюцца наглядам у пэўнай галіне. Намеснік пракурора Ларыса Мядзведзь, якая працуе ў органах пракуратуры больш за 20 гадоў, ажыццяўляе нагляд за законнасцю ў дзейнасці райаддзела міліцыі, раённага аддзела Следчага камітэта і райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Маладыя памочнікі пракурора – Аляксей Кутас і Дар’я Анішчук. Аляксей вядзе нагляд за захаваннем заканадаўства ў дзяржорганах, на прадпрыемствах, ва ўстановах і грамадскіх арганізацыях як службовымі асобамі, так і грамадзянамі, за законнасцю прававых актаў. Дар’я падтрымлівае дзяржабвінавачванне па крымінальных справах, прымае ўдзел у разглядзе судом грамадзянскіх спраў. Выдзеліць якую-небудзь з названых галін нагляду – напэўна, не зусім правільна. Усе яны з’яўляюцца важнымі, таму што ўплываюць на абстаноўку ў раёне, на стан законнасці і правапарадку. У вядзенні справаводства дапамагае аператыўным работнікам загадчык канцылярыі Анастасія Біёнчык.
Працуем згодна з планам, бессістэмнасці ў нашай рабоце не дапускаецца. У бягучым годзе прайшлі дзве Каардынацыйныя нарады. Яны сталі рэагаваннем на негатыўныя і найбольш злабадзённыя ў раёне з’явы, у прыватнасці – на праблемы наўмысных забойстваў і нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рэцыдыўнай злачыннасці, паказчык па якой у нас перавысіў абласны. Пракуратура вывучае і аналізуе гэтыя і іншыя праблемы, пры неабходнасці выязджае на месца.
– Грамадзяне звязваюць з пракуратурай аднаўленне справядлівасці. З чым часцей за ўсё звяртаюцца да вас, прыходзяць на прыём?
– Асабіста мною прыняты 10 чалавек. Людзі звяртаюцца па розных пытаннях, часцей за ўсё, са скаргамі на незаконныя рашэнні і дзеянні супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, незаконнае прыцягненне да крымінальнай адказнасці, а таксама па пытаннях выканання дагаворных абавязацельстваў, законнасці прыгавору суда.
– Якія ўмовы створаны для работнікаў пракуратуры?
– Наш будынак абноўлены. У гэтым годзе пасля рамонту падпісаны акт яго прыёмкі. Усе службовыя кабінеты аснашчаны мэбляй, камп’ютарнай тэхнікай. Парадак у будынку і на прылеглай тэрыторыі падтрымлівае прыбіральшчыца Галіна Бохан. За пракуратурай замацаваны два гаражы, гаспадарыць у якіх вадзіцель Станіслаў Грыгарцэвіч.
Кіраўніцтва пракуратуры вобласці ацэньвае наш уклад і, як правіла, прымае меры заахвочвання. Мы не стаім убаку ад жыцця раёна, помнім сваіх калегаў, якія ўзначальвалі пракуратуру раёна: Г. П. Аляксандрава, В. Г. Дземідовіча, Н. М. Насечанку, А. А. Падвойскага, М. І. Пілінкевіча, С. В. Мяцельскага, У. І. Ягадзінскага, В. А. Іскрыцкага. Больш за 30 гадоў на пракурорскім попрышчы служыў памочнік пракурора С. І. Ціхановіч (светлай памяці).
– Акрамя прафесійных, якія яшчэ якасці неабходны для сучаснага работніка пракуратуры?
– Мабільнасці і мэтанакіраванасці спрыяе спорт, а таксама згуртоўваюць нашы сумесныя, можна сказаць сямейныя, мерапрыемствы. Так, да нашага прафесійнага свята пракуратурай Мінскай вобласці было арганізавана спартыўна-аздараўляльнае свята на базе ФАКа ААТ “БАТЭ” , што ў Барысаўскім раёне. На яго былі запрошаны нашы работнікі і члены іх сем’яў.
– Асабіста вы якімі відамі спорту цікавіцеся?
– У свой час займаўся лёгкай атлетыкай, рознымі відамі барацьбы і інш.
– Як цяпер падтрымліваеце форму?
– На заняткі спортам не заўсёды хапае часу, але ёсць вялікае жаданне займацца спортам і, думаю, з адкрыццём у Стоўбцах новага ФАКа, з’явяцца і магчымасці для гэтага.
– Якія вашы пажаданні ў сувязі з прафесійным святам?
– У Дзень работнікаў пракуратуры віншую супрацоўнікаў і ветэранаў беларускай пракуратуры. Асаблівую ўдзячнасць выказваю кіраўніцтву раёна, суддзям, кіраўніцтву райаддзела міліцыі і раённага аддзела Следчага камітэта, ва ўзаемадзеянні з якімі пракуратуры раёна ўдаецца дасягаць станоўчых вынікаў у дзейнасці па наглядзе за законнасцю і правапарадкам на карысць нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь. Здароўя вам, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця!
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ