Ізноў пра забруджанасць Паўночнага-2

Соцыум

У адным гэтым мікрараёне смецця больш, чым ва ўсім райцэнтры.

З 1 красавіка, калі быў аб’яўлены месячнік, у Стоўбцах працягваюцца работы па навядзенні парадку. Большасць вуліц ужо выглядае годным чынам. Прадпрыемствы і арганізацыі вядуць уборку змёту пасля зімы, і жыхары горада таксама не стаяць убаку. Яны прыбіраюць у сваіх дварах і каля сядзібаў, не чакаючы дапамогі ад камунальнікаў або напамінкаў ад санітарнай службы.

Сляды вогнішча, раскладзенага ў пажаранебяспечны перыяд, на вуліцы Фестывальнай

На жаль, мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2, які мы крытыкавалі ў мінулую суботу, пакуль не далучыўся да навядзення парадку. У гэтым мы пераканаліся, праехаўшы ў чарговы раз па яго вуліцах разам з галоўным спецыялістам райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірынай Высоцкай.

Міні-звалка не дзе-небудзь, а на вуліцы Пераможцаў

Так і не прыбрана поліэтыленавая плёнка, якая застаецца пасля распакоўвання будаўнічых і аддзелачных матэрыялаў. Мікрараён разбудоўваецца, агароджы вакол дамоў адсутнічаюць, таму фактычна плёнка знаходзіцца ў вольным палёце. Кавалкамі поліэтылену вецер абкруціў бетонныя апоры ліній электраперадачы, дрэвы, загнаўшы адходы ў бліжэйшы лясны масіў.

Смецце выкінута на поле

– У мікрараёне на вуліцы Белавежскай устаноўлены кантэйнеры. У забудоўшчыкаў ёсць магчымасць выносіць туды свае адходы. Работа па стварэнні кантэйнерных пляцовак працягваецца, – тлумачыць Ірына Высоцкая.

Будматэрыялы на 3-м завулку Сасновым складзіраваны ў тым ліку і на агульнай тэрыторыі

Паколькі большасць забудоўшчыкаў не прытрымліваецца элементарных правіл і  культуры ў абыходжанні з адходамі, то ад гэтых адходаў пакутуюць і суседнія з мікрараёнам сельскагаспадарчыя ўгоддзі. На іх уборку вымушаны выходзіць двойчы ў месяц камунальнікі.

Адходы гэтага забудоўшчыка выходзяць за межы зямельнага ўчастка (вуліца Пераможцаў)

Забудоўшчыкі Паўночнага-2 не хочуць звяртаць увагу на смеццевую праблему, таму што гэта патрабуе ад іх асабістых намаганняў і, немалаважна, заключэння дагавора на вываз адходаў з камунальным прадпрыемствам.

На вуліцы Заводскай свой перформанс: апоры ліній электраперадачы «ўхутаны» ў адходы поліэтылену

Каментарый адносна данай сітуацыі даў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока:

– Забудоўшчыкі мікрараёна Паўночны-2 забруджваюць прылеглыя ўчасткі лесу, поле, што сведчыць пра невыкананне імі патрабаванняў заканадаўства, у прыватнасці правіл абарачэння з будаўнічымі адходамі. У большасці не заключаны дагаворы з РУП «Стаўбцоўскае АКС» на вываз адходаў. Не вядзецца, адпаведна, і сарціроўка другасных матэрыяльных рэсурсаў. Пры ўводзе дамоў у эксплуатацыю будзем патрабаваць ад забудоўшчыкаў дакументы, якія пацвярджаюць перадачу будаўнічых адходаў камунальнаму прадпрыемству. У выпадку адсутнасці дакументаў, як і дагавора на вываз адходаў, забудоўшчыкаў чакаюць меры адміністрацыйнага характару.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *