Валянціна Зубкова і Ганна Клімаш — партызанскія сёстры

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

«Вайна. Перамога. Памяць»

У вайну, калі тэрыторыя Беларусі была акупіравана фашыстамі і ішоў прымусовы вываз моладзі ў Германію, Валянціна Зубкова пайшла ў партызанскі атрад. Іх на Віцебшчыне (яна – ураджэнка Ушацкага раёна) было многа. У партызанскім атрадзе змагаліся яе брат, муж сястры ды іншыя аднавяскоўцы.

Валянціна Міхайлаўна капала акопы і зараджала снарады, а потым даглядала параненых у ваенным шпіталі ў Паставах. З войскамі Чырвонай арміі яна дайшла да мяжы з Польшчай.

Самым шчаслівым момантам свайго жыцця ветэран вайны лічыць вестку аб вызваленні Беларусі. Пазней прыйшла доўгачаканая Перамога. «Усе мы плакалі ад шчасця, абдымалі адзін аднаго», – прыгадвае Валянціна Зубкова.

Цяпер Валянціна Міхайлаўна, акружаная ўвагай грамадскасці і клопатам блізкіх, жыве на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Атцэда. Прыемна, што і ў свае 94 гады яна захоўвае актыўны лад жыцця, не губляе аптымізму. Дома перад вачыма ў жанчыны абярэг – вялікая, як у царкве, ікона. Яна моліцца перад ёй і просіць Бога захаваць мір і спакой на зямлі. Вярэдзіць душу памяць пра вайну…

«Вайна. Перамога. Памяць»

Лёс гэтай жанчыны мог бы скласціся зусім па-іншаму, таму што да фашысцкай акупацыі Ганна Андрэеўна жыла з сям’ёй у г. Мінску і вучылася ў тэатральным вучылішчы. Яна марыла стаць артысткай…

У маі 1943 года Ганна Клімаш прыйшла ў партызанскі атрад «1-ы Камсамольскі» брыгады «Камсамолец», які дыслацыраваўся ў лясах Карэліцкага раёна. Брала ўдзел у рэйкавай вайне. Дапамагала выходжваць параненых, рыхтавала партызанам ежу і сцірала вопратку. У партызанскім атрадзе яна была да вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені».

Менавіта ў партызанскім атрадзе Ганна Андрэеўна пазнаёмілася з будучым мужам Клімашам Іванам Яраслававічам, камандзірам узвода, палітруком роты атрада «1-ы Камсамольскі». Напрыканцы вайны яны пажаніліся. Разам пражылі 63 гады. Выгадавалі траіх дзяцей.

У мірны час Ганна Клімаш працавала ў Стоўбцах медсястрой. І цяпер яна прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: з’яўляецца членам прэзідыума раённай арганізацыі ветэранаў, выступае ў хоры ветэранаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *