Пад міласцівы пакроў Заступніцы Багародзіцы

Важное Духовность

Кожны год ад Кафедральнага сабора святой праведнай Ганны арганізоўваецца паездка ў вёску Слабодка Літвенскага сельсавета, дзе стаіць старадаўні Свята-Георгіеўскі храм. У ім знаходзіцца цудатворная ікона Божай Маці. Настаяцель прыхода іерэй Мікалай Куранкоў і прыхаджане храма клапоцяцца аб гэтай святыні і заўсёды рады прыезду багамольцаў, якія прыбываюць памаліцца.

Праваслаўныя людзі перакананы, што захаванне гэтай цудатворнай іконы ў стагоддзях – цуд Божы. І расказваюць такую гісторыю. У летапісе Свята-Георгіеўскай царквы ёсць звесткі, што ў храме знаходзілася цудатворная Тонава-Слабодская ікона Божай Маці, датаваная 1565 годам. Гэты год і лічыцца датай яе напісання. Як і многія святыні на нашай зямлі, і гэтыя храм і ікона прынялі на сябе розныя абставіны часу. Царкоўнае паданне засвядчае, што ў 1730 годзе ў храме здарыўся пажар. Усё згарэла, а ікона была выхаплена з полымя вышэйшай сілай. На гэтым месцы ў 1736 годзе быў узведзены храм, які і існуе да цяперашняга часу.

Адзін мясцовы селянін на Сулу прывёў напаіць каня. Раптам жывёла пачала біць капытам, як быццам ёй нешта перашкаджала піць. Мужык нахіліўся і заўважыў дошку. Калі ён дастаў яе, то ўбачыў выяву Божай Маці. Ікона беражліва была змешчана ў новай пабудаванай царкве.

У 1958 годзе ў богаборчы час Свята-Георгіеўская царква была закрыта. Ключы былі адабраны ў старасты, усе царкоўныя рэчы вывезены. Царкву напаткаў такі лёс – у храме зрабілі збожжаток.

Перад смерцю царкоўнаму старасце прысніўся сон, што цудатворная ікона Божай Маці разам з царкоўнымі рэчамі ляжыць у гаспадарчай пабудове ў Івянцы. Іосіф Кісель са Слабодкі папрасіў родных выкупіць ікону. Яе схавалі на гарышчы свайго дома. Калі дачка Іосіфа Вера Бунчук пераязджала ў Дзяржынскі раён, яна ўзяла святыню з сабой і перадала ў Свята-Пакроўскую царкву г. Дзяржынска.Старадаўняя драўляная царква ў Слабодцы была адноўлена і асвечана ў 1995 годзе. Урачыстым хрэсным ходам у храм была вернута з Дзяржынска ікона Божай Маці. Традыцыя правядзення хрэснага ходу 21 ліпеня захавалася і па сённяшні дзень. Малодшая дачка Іосіфа Кісяля Вольга цяпер заказала і ахвяравала новы ківот для шаноўнай святой іконы.

Мясцовыя людзі небагатага сельскага прыхода імкнуцца сустрэць паломнікаў цёпла і гасцінна, у двары храма арганізоўваюць трапезу, паказваючы ўсім прыклад хрысціянскай дабрадушнасці і любові.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

1 комментарий по теме “Пад міласцівы пакроў Заступніцы Багародзіцы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *