«Панямонь». Стаўбцоўскі след на Варшаўскай вуліцы

Главное Спецвыпускі «Праменя»

Вуліца Мураноўская ў Варшаве, бадай, самая кароткая ва ўсім горадзе. Уціснутая ў квартал паміж дзвюма бойкімі жытлова-транспартнымі артэрыямі (імя генерала Уладыслава Андэрса і Баніфратэрскай), яна распасціраецца ў даўжыню не больш як на кіламетр. Аднак, акрамя гэтай адметнасці, ёсць у яе яшчэ і іншая, пра якую ведае, бадай, кожны паляк: тут знаходзіцца адзін з самых чуллівых варшаўскіх помнікаў. I яго проста нельга не заўважыць. Размешчаны ў сімвалічным скверы пасярод вуліцы, ён прыцягвае ўвагу сваім незвычайным абліччам – адлітай у метале грузавой чыгуначнай платформай, «загружанай» вялізнымі бронзавымі крыжамі. Варшавяне называюць гэты манумент «Галгофай Усходу». Між тым, яго афіцыйная назва – помнік загіблым на Усходзе.

Зазірнуўшы ў даведнікі пра славутасці Варшавы, можна дазнацца, што мемарыял на вуліцы Мураноўскай сімвалізуе «невылечны боль польскага народа» аб чатырох  дэпартацыях грамадзян Польшчы ў Казахстан, здзейсненых у 1940–1941 гадах. Вядома, у сябе дома палякі вольныя трактаваць гістарычныя падзеі верасня 1939 года са свайго пункта гледжання. Таму мы не станем удавацца ў палеміку на тэму іх «невылечнага болю», а толькі зазначым, што для нас, беларусаў, «усходнія польскія тэрыторыі» – нішто іншае, як колішняя Заходняя Беларусь, якая ў сакавіку 1921 года паводле Рыжскага мірнага дагавора была адабрана ад маладой беларускай рэспублікі якраз на карысць Польшчы. Аднак аб усім па парадку.

Помнік  з’явіўся ў Варшаве ў 1995 годзе. Яго аўтар – скульптар Максіміліян Біскупскі – уклаў вельмі глыбокі сэнс у сваё манументальнае тварэнне. Асабліва дэталі-сімвалы гэтага мемарыяла ўражваюць пры блізкім знаёмстве з ім. Лес крыжоў на чыгуначнай платформе – гэта нявольніцкі шлях дзясяткаў і соцень тысяч пакутнікаў у савецкую высылку, на «Галгофу Усходу». Большасць крыжоў – каталіцкія, бо, як лічыцца, сярод дэпартаваных пераважалі палякі. Ёсць там і з паўдзясятка праваслаўных крыжоў, якія атаясамліваюцца з беларусамі, а таксама – надмагільныя памінальныя помнікі іншых народаў, прадстаўнікі якіх жылі ў даваеннай Польшчы.

Ёсць у варшаўскага помніка і яшчэ адзін сэнсавы сімвал – шлях, перад асноўным манументам выкладзены з 41-й стылізаванай чыгуначнай шпалы, дзе пазначаны назвы былых савецкіх гарадоў і мясцовасцей, што маюць прамое дачыненне да «невылечнага болю польскага народа». Гэты пералік даволі ўнушальны: Якуцк, Калыма, Хабараўск, Іркуцк, Омск, Архангельск, Волагда, Казельск, Асташкаў, Меднае, Катынь, Вінніца, Сарны, Ковель, Старабельск, Харкаў,  Курапаты, Лунінец, Пінск, Мінск, Вілейка, Баранавічы, Гродна… Усяго – 81 найменне. Значацца там і Стоўбцы.

У гэты самотны спіс Стоўбцы трапілі невыпадкова. Справа ў тым, што ў 1940–1941 гадах яны сталі месцам, адкуль пачынаўся пакутніцкі шлях у высылку ў паўночныя рэгіёны СССР і Казахстан некалькіх тысяч  людзей – служачых былых польскіх дзяржаўных устаноў, вайскоўцаў, асаднікаў, леснікоў… і членаў іх сем’яў. Пераважная большасць прымусовых высяленцаў, асабліва з ліку работнікаў лясной аховы, былі мясцовымі жыхарамі, жылі ў вёсках і раскіданых па абшарах Налібоцкай пушчы леснічоўках. Іх прымушалі з’язджаць з абжытых месцаў, пакідаць нажытую цяжкай працай маёмасць і пад узмоцненай аховай накіроўвацца ў невядомасць. А месцам першапачатковай канцэнтрацыі выгнаннікаў з усяго Наднёманскага рэгіёна якраз і з’яўлялася чыгуначная станцыя Стоўбцы. Сюды звозілі людзей з усяго былога Стаўпецкага павета, тут іх саджалі ў спецыяльна падрыхтаваныя «вагоны-цялятнікі» і затым эшалонамі адпраўлялі ў казахстанскія стэпы і бязмежныя прасторы Поўначы.

Самай масавай была першая дэпартацыя, ажыццёўленая ў адначассі – 10 лютага 1940 года – па ўсёй Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Падчас яе правядзення высяленню падлягалі асаднікі – польскія каланісты, у тым ліку і былыя вайскоўцы, якім урад міжваеннай Польшчы паводле спецыяльнага закону 1920 года выдзяляў землі на «ўсходніх крэсах», і работнікі лясной аховы. У той дзень у Беларусі стаяў люты мароз, слупок тэрмометра апускаўся да мінус 37 градусаў, але нягледзечы на гэта, як сведчаць адпаведныя архіўныя дакументы, амаль 1200 чалавек, уключаючы малалетніх дзяцей і шаноўнага веку старых, былі дастаўлены на санях у Стоўбцы. Яшчэ каля 300 пакутнікаў з Нясвіжчыны падвезлі туды па «вузкай» чыгуначнай каляіне з Гарадзеі. А затым ужо ўсіх разам павезлі ў «вагонах-цялятніках» у розныя рэгіёны Валагодскай вобласці, дзе іх размяркоўвалі па шматлікіх пасёлках так званага прымусовага пасялення.

Шлях у нязведанасць займаў некалькі тыдняў. Але да месца прызначэння даязджалі не ўсе. Людзі паміралі ад холаду, хвароб, ад роспачы. Вагоны, у якіх яны ехалі па 30-40 чалавек, былі халоднымі, знаходзіліся ў антысанітарным стане. Нябожчыкаў пакідалі на станцыях па ходзе руху цягніка, а то і проста выкідвалі на абочыну чыгуначнай каляіны.

Увесь трагізм гэтай сітуацыі апісвае ў сваіх успамінах Уладзіслаў Вайткевіч – старэйшы сын лесніка Браніслава Вайткевіча, які з сям’ёй жыў у леснічоўцы Кромань каля аднайменнага возера. Яму ўдалося выжыць. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ён перабраўся ў Польшчу, дзе праз гады і падзяліўся сваімі ўспамінамі з супрацоўнікамі польскага Інстытута нацыянальнай памяці: «Мы дома з мамай. Ноч, усе спяць. Раптам страшэнны грукат у дзверы. Усе прачнуліся. Мільганула думка: можа, гэта бацька, якога арыштавалі ў 1939 годзе.

Мама пытае: «Хто там?» – «Адчыняйце». Мама дрыготкімі рукамі адчыняе дзверы, уваходзяць двое салдат у шэрых доўгіх да зямлі шынялях, з карабінамі і штыкамі. Афіцэр дастае са сваёй сумкі паперчыну і чытае прозвішчы і імёны бацькоў: Браніслаў, Эмілія, а потым і нас, дзяцей: Губерта, Уладзіслаў, Мечыслаў Вайткевічы. Стан маёмасці, інвентар, колькі коней, кароў і свіней. Прачытаўшы, аддае загад збірацца, дае на зборы паўгадзіны. Мама плача, рукі ў яе трасуцца. Яна не ведае, з чаго пачаць, апранае малодшага брата, якому было тры гады, потым нас, старэйшых. Пакуе ў карзіну крыху ежы, завязвае ў коўдру пасцельную бялізну і патрэбныя рэчы. Каля хаты стаяць сані, нас усаджваюць у іх. Пачынае віднець. Наперадзе і за намі таксама едуць сані, але пакуль невядома, хто ў іх і адкуль. Едзем у напрамку Налібак. Думаем, што, можа, сустрэнем там дзядзьку ці бабулю, якія жылі ў гэтай вёсцы. Яны ўжо ведаюць, што вывозяць леснікоў і асаднікаў, але не ведаюць куды. Праязджаем каля хаты дзядзькі. Бабуля хоча нам даць нешта гарачае, але салдат груба яе адштурхвае: няможна. Едзем далей. Школа… Перад ёй шмат саней, у школе – салдаты. Тыя, каго вывозяць, грэюцца, вышукваюць сваякоў і знаёмых, з якімі наканавана падзяліць лёс. Пасля кароткага адпачынку на зборным пункце едзем на станцыю Стоўбцы. Там ужо стаіць таварны цягнік, у які пачалася пагрузка людзей, па некалькі сем’яў у адзін вагон. Тапчаны ў два паверхі з двух бакоў, па сярэдзіне печка, так званая «гоза», у падлозе – дзірка, якая прызначана для прыбіральні, вокны зачынены і закратаваны, дзверы, абабітыя з двух бакоў дротам, і салдат – з карабінам і штыком. Пасля таго як людзей размясцілі, набралі вады і дроў для печкі – ад’езд у невядомасць. У вагоне цёмна, засталіся толькі шчыліны, хоць і праз іх нічога не бачна. Цягнік кранаецца. Плач, гора… Куды нас вязуць, што з намі будзе?.. Праз некалькі тыдняў дасягаем мэты. Мэта – Волагда. Страшэнны мароз пад 50 градусаў. Коні запрэжаны ў сані, на іх – фурман і салдат. Едзем праз лес, які здаецца бясконцым. Конь правальваецца ў снег па самае чэрава, некалькі разоў сані з намі пераварочваюцца. Пасля двух начлегаў і адпачынку мы дабраліся да месца. Гэта пасёлак Зялёны Бор. Нізкія баракі з маленькімі акенцамі… Нам выдзелілі барак № 6. У адной невялікай хатцы пасяліліся чатыры жанчыны з дзецьмі. Гэта мая мама, Вайткевіч, з трыма дзецьмі, пані Жэхула таксама з трыма, пані Холаева, у якой таксама было трое дзяцей, і пані Элінская з двума дзецьмі. Усяго – 15 чалавек. Тапчан поруч з тапчаном з вузкім праходам, каля сцяны – печка-мазанка. Тапчаны нам служылі не толькі для сну. Гэта быў і стол, і крэсла. На іх праходзіла ўсё сямейнае жыццё. Спалі валетам, каб было крыху цяплей і каб была магчымасць лепш накрыцца. На наступны дзень – збор на пляцы. Прачыталі распарадак дня і прызначэнне на працы. Большасць атрымала працу ў лесе на пілаванні векавых елак і хвояў, а таксама на абкорванні і вывазе драўніны на дарогу, адкуль яе ўжо забіралі цягачы…».

Улічваючы ўсе гэтыя «заслугі» наднёманскага мястэчка ў дэпартацыйных працэсах жыхароў былой Заходняй Беларусі 1940–1941 гадоў, аўтар варшаўскага помніка Максіміліян Біскупскі і ўвекавечыў назву Стоўбцаў на сваім мануменце. Сумная гісторыя, але што ёсць, тое ёсць.

Сяргей ГАЛОЎКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *