Вялік святы нам дзень настаў

Духовность

У коле маіх зносін шмат людзей таго ўзросту, аб якіх гавораць, што ў часы ганенняў белыя хусцінкі выратавалі Царкву, альбо тых, хто памятае гэтыя гадзіны. У святыя дні падрыхтоўкі да Пасхі нам цікава было паслухаць, якія традыцыі святкавання гэтага вялікага хрысціянскага свята ў сем’ях. Прыхаджанка Кафедральнага сабора святой праведнай Ганны г. Стоўбцы Софія Марцінкевіч з ахвотай успомніла сваё дзяцінства, падзялілася пачуццямі аб сваім жыцці ў лоне Праваслаўнай Царквы ў свае сталыя гады. Софія Іванаўна вядзе актыўную работу ў сястрыцтве міласэрнасці Кафедральнага сабора. І якія ўспаміны звязваюць яе са святкаваннем Вялікадня?

Софія Марцінкевіч (справа) з Яўгеніяй Горбач і Сяргеем Мураўёвым

– Я нарадзілася ў вёсцы Гавязна, цяпер гэта Навапольцы. Светлым непазбыўным успамінам для мяне з’яўляюцца падзеі, як мае родныя збіраліся на вынас Плашчаніцы, а затым – на Усяночную. У гэтым было нешта незямное і таемнае. Я, дзесяцігадовая дзяўчынка, стала прасіцца, каб і мяне ўзялі на начную Пасхальную літургію. І вось мы ідзём усёй сям’ёй у Вішнявецкі храм Нараджэння Іаана Прадцечы. Перад урачыстым доўгачаканым момантам, калі ў поўнач разнясецца радасны вокліч свяшчэнніка: «Хрыстос Уваскрэсе!», чытаецца Апостал. Электрычнасці тады яшчэ не было, у храме гарэлі толькі свечкі. І я стала засынаць, не пратэставала ўжо, калі тата павёў мяне да сваёй сястры, дом якой быў побач з храмам. Так я ўсю святую ноч праспала. І вось з асвечанымі пасхальнымі яйкамі, кулічамі бацькі забіраюць мяне дамоў. У сям’і ўсе пасціліся, таму святочнае застолле было асаблівым. Сям’я наша была бедная. Акрамя траіх сваіх дзяцей з намі ў маленькай хаце жылі дзве малодшыя сястры таты, якія засталіся сіротамі пасля смерці бацькоў. Адна з іх была інвалідам. Мы рады былі пафарбаванаму яйку, таму што ўдосталь не было прадуктаў. Пасля разгавення, святочнага сняданку кармілі жывёлу і адпраўляліся на вячэрнюю службу ў храм. Збіраліся ўсе жыхары навакольных вёсак. У двары біліся ў біткі. Яркім успамінам з’яўляюцца валачобнікі, іх чакалі ў кожнай хаце. Былі такія галасы, што звінела ўся вёска ад песнапення: «Вялік святы нам дзень настаў, Хрыстос Гасподзь із мёртвых устаў…» Гэтыя ўспаміны мяне кранаюць да слёз, і саграваюць, і жывяць, і прыкладваюць веры. З 1997 года я з’яўляюся прыхаджанкай Свята-Аннінскага храма. Для мяне гэта самая прыгожая царква ў свеце. Я люблю тут усё, гэта вялікая святыня, намоленая вякамі, тут агортвае такая благадаць. Бацюшкі такія добрыя, служаць, аддаючы сябе Богу і духоўным дзецям. Маліцца нам за іх трэба ўсім сэрцам, усёй моцай, каб Гасподзь збярог іх у самаахвярным служэнні. Гэта вялікая міласць Божая – быць на службах у храме, жыць царкоўным жыццём – поўным, прыгожым, святым. Я па-ранейшаму люблю і Вішнявецкую царкву, дзе мяне хрысцілі. Як былі сілы, паехала прыбрацца на могілках. Зайшла ў царкву – і не пазнала. Усё адрамантавана, столькі святла незямнога, прастору, благадаці. Дай Бог сіл і здароўя цяперашняму настаяцелю гэтага храма свяшчэнніку Генадзію Кійко, які так паклапаціўся адрамантаваць старадаўні храм. Вішнявецкая царква, як і стаўбцоўская Свята-Аннінская, ніколі не закрывалася. Я памятаю з дзяцінства, як мясцовыя вернікі ратавалі храм, каб з яго не паглуміліся бязбожнікі, ішлі на ўсе меры, былі гатовыя легчы пад колы тэхнікі, каб не дапусціць нікога да святыні.

Цяжкі час мы перажываем у гэтыя дні, бяда па ўсім свеце. Усе церпім абмежаванні, пакутуем цяжка. Аднак надыходзіць святы дзень. Уваскрасенне Хрыстова прыдасць нам сілы, умацуе. Над ваколіцамі разнясецца пасхальны дабравест. Родныя мае людцы, землякі – «Хрыстос Уваскрэсе!»

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *