Самабытныя стаўбцоўскія «Жавароначкі»

Культура Нумары

На якіх толькі конкурсах ні прызнавалі самабытнасць, высокі прафесійны ўзровень, унікальнасць узорнага дзіцячага ансамбля народнай песні “Жавароначкі” Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Выдатны рэпертуар, чыстыя галасы, высокі  ўзровень падрыхтоўкі дзяцей, якія выходзяць на сцэну ў прыгожых нацыянальных касцюмах, краналі і захаплялі і журы, і гледачоў. І на ХІV Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, які адбыўся ў г. Клімавічы Магілёўскай вобласці, выступленне калектыву адзначана высокай узнагародай – лаўрэацкім дыпломам І ступені. Стаўбцоўскія юныя спевакі сумелі пакінуць пасля сябе і творчыя калектывы з 11 краін, якія прыехалі паўдзельнічаць у конкурсе.  Дыплом лаўрэата “Жавароначкі” атрымалі ў старэйшай узроставай групе ў намінацыі “Вакальна-ансамблевае выканальніцтва (народныя песні)”.

Стварыла гэты ўнікальны дзіцячы ансамбль, які аб’яднаў ужо не адно пакаленне вучняў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, таленавіты педагог Людміла Канаплянікава-Доўнар. Ці трэба гаварыць, колькі сіл, часу патрэбна аддаць выкладчыку на падрыхтоўку рэпертуару, на рэпетыцыі, на работу з кожным членам песеннага калектыву, каб атрымаўся адзінагалосы ансамбль з адметным творчым стылем, высокім узроўнем выканаўчай культуры. Выступленне “Жавароначкаў” заўсёды знаходзіць водгук у гледачоў. Народная песня ў выкананні дзяцей гучыць па-асобаму. Вось яны, юныя захавальнікі скарбніцы нацыянальнай культуры, іх вы бачыце на здымку.

Журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі, прафесара Беларускай акадэміі музыкі, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Міхаіла Дрынеўскага адзначыла не толькі выдатнае выканаўчае майстэрства песеннага калектыву, але і таленавітую работу кіраўніка Людмілы  Канаплянікавай-Доўнар і канцэртмайстра Ягора Дырды.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *