Пакінуць свой след на малой радзіме

Соцыум

Генадзь Пяткевіч – ці не адзіны на Стаўбцоўшчыне прадстаўнік энергетыкі, хто за сваю прафесійную дзейнасць мае ўсе існуючыя ўзнагароды Беларусі і СНД. Ёсць у яго і адзнакі ад кіраўніцтва некалі магутнай краіны – СССР.

У свой час Генадзь Аляксандравіч сустракаўся з міністрам энергетыкі, іншымі аўтарытэтнымі ў гэтай галіне людзьмі. І, між іншым, у яго, уладальніка звання «Ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь», не так даўно папрасіла інтэрв’ю вядучае выданне энергетычнай супольнасці нашай краіны – газета «Энергетыка Беларусі».

Сёння галоўныя ўзнагароды для заслужанага энергетыка – ад дзяцей. Два сыны падаравалі Генадзю Аляксандравічу і Ніне Мікалаеўне чацвёра ўнукаў. Самы маленькі з’явіўся на свет напрыканцы 2019 года.

Сям’я

Сям’я – крыніца энергіі, духоўнасці і даўгалецця. У ёй – нашыя штодзённыя радасць і мудрасць. Генадзь Аляксандравіч разважае пра гэта, гартаючы фота ўнукаў у сваім смартфоне. Пачуцці ў яго такія, нібыта вярнуўся ў маладосць. А яшчэ ў яго жыццё трывала ўвайшлі заняткі фізкультурай, скандынаўская хадзьба, экалагічнае агародніцтва… Усё новае і перадавое ён укараняе, эксперыментуе, прымярае да сябе, не задумваючыся пра тое, што ўзрост не той або навошта ўсё гэта, калі дзеці самі сябе забяспечваюць.

На пенсіі жыццё набыло іншыя фарбы, свой тэмп, але яго сэнс застаўся тым жа – самааддача, запатрабаванасць.

Калектыў – шахматная дошка

Генадзь Пяткевіч стаў дырэктарам Стаўбцоўскіх электрасетак у 1994 годзе, прайшоўшы сур’ёзную школу прафесійнага станаўлення і росту ў Слуцкіх электрасетках. Прадпрыемства ўяўляе вялікую і складаную гаспадарку (абслугоўвае, да прыкладу, падстанцыі Салігорскага калійнага камбіната), а тое, што яно з’яўляецца своеасаблівай кузняй кадраў для айчыннай энергетыкі, пацвярджае і прыклад Генадзя Аляксандравіча. Для яго вярнуцца са Слуцка на Стаўбцоўшчыну, сваю малую радзіму, было гонарам.

У Стаўбцоўскіх электрасетках ён стварыў уласную сістэму работы з кадрамі. Яе сутнасць – падрыхтоўка персаналу і рух яго па службовай лесвіцы, такая расстаноўка і меры стымулявання, якія дазволяць узяць ад калектыву ўсё лепшае. «Калектыў – нібыта шахматная дошка», – паўтарае мой суразмоўнік.

У 2010 годзе, калі ён сыходзіў на заслужаны адпачынак, колькасць работнікаў на прадпрыемстве вырасла да 630 чалавек (з 480 у самым пачатку)!

– Да выніку ішлі паступова, затое якім ён быў! Стаўбцоўскія электрасеткі выйшлі на ўзровень аднаго з лепшых сеткавых прадпрыемстваў рэспублікі, – прыгадвае Генадзь Пяткевіч.

Працаваў ён у тандэме з галоўным інжынерам М. М. Гайко (Міхаіл Міхайлавіч – таксама ганаровы энергетык Беларусі, нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе – заўв. рэд.), а таксама з намеснікам галоўнага інжынера Э. Б. Войнічам, начальнікам Стаўбцоўскага РЭС А. А. Крупцом, галоўным інжынерам РЭС Л. У. Кожычам, начальнікам дзераўнянскага ўчастка М. Я. Скорбежам і іншымі прафесіяналамі сваёй справы.

Укладанні ў надзейнасць

Зробленыя ў той час укладанні  вызначылі на многія гады стратэгію развіцця прадпрыемства.

– Былі пабудаваны база Нясвіжскага РЭС і база з палігонам у Стоўбцах. У адміністрацыйным будынку праведзены грунтоўны рамонт, у ім з’явілася актавая зала, камп’ютарны клас. Гаспадарчым спосабам будавалі склады. Добраўпарадкавалі тэрыторыю. Для работнікаў былі ўзведзены ў райцэнтры 12 блакіраваных катэджаў, што дазволіла вырашыць на 100 працэнтаў жыллёвую праблему, – заўважае Генадзь Пяткевіч.

Сёння стаўбцоўскія энергетыкі гарантуюць высокі ўзровень надзейнасці электразабеспячэння дзякуючы таму, што ў свой час прадпрыемства масава ўкараняла на падстанцыях сучаснае абсталяванне (замест старога выбухова- і пажаранебяспечнага). На падстанцыі «Нёман» у Стоўбцах увогуле прайшла маштабная рэканструкцыя, і ў 2000 годзе гэтая падстанцыя была названа лепшай у канцэрне «Белэнерга».

На пачатку 2000-х Стаўбцоўскія электрасеткі выйшлі ў лідары канцэрна не толькі па надзейнасці абсталявання, вытворча-гаспадарчай дзейнасці, але і па ахове працы. «У энергетыцы не павінна быць няшчасных выпадкаў – тут усё можна прадугледзець», – упэўнены мой суразмоўнік. Ён аўтарытэтна заяўляе: «У рэспубліцы не было такога сеткавага прадпрыемства, якое параўналася б з намі ў прафесійным майстэрстве».

І сапраўды, каманды з ліку работнікаў розных службаў прадпрыемства шмат разоў змагаліся за першыя месцы на спаборніцтвах сярод энергетыкаў СНД і – ніводнага разу не вярнуліся без прызавога месца.

«Аднак, – перакананы Генадзь Пяткевіч, – самая высокая ацэнка працы энергетыкаў – калі пра іх найменш згадваюць».

Кіраваць – гэта мастацтва 

Відавочна, што Генадзь Пяткевіч займеў свой стыль кіраўніцтва, стварыў сістэму, дзякуючы якой вялікі калектыў, адказны за электразабеспячэнне пяці раёнаў Мінскай вобласці, працаваў без збояў.

Асабліва яскрава гэта бачна на прыкладзе аператыўна-дыспетчарскай службы, пераўтворанай у самую перадавую ў маштабах вобласці. Варта сказаць, што ў кожнай АДС пяці РЭС ужо тады з’явіліся новыя аўтамабілі, укамплектаваныя неабходнымі інструментамі і сродкамі аховы, яны былі аснашчаны такой навінкай, як GPS.  У аператыўна-дыспетчарскую службу былі вылучаны самыя лепшыя маладыя кадры. «Шырока практыкавалася сумяшчэнне прафесій. Усе ў аператыўна-дзяжурным звяне атрымалі прафесію электраманцёра. Персанал накіроўвалі на курсы. Праводзілі атэстацыі», – удакладняе Генадзь Аляксандравіч.

На атэстацыі нярэдка яму прыходзілася абыходзіць інструкцыю, каб «перавярнуць» свядомасць работніка. Да прыкладу, ён прасіў: «Дакажы, што ў тваёй службе не здарыцца няшчасны выпадак!»

Генадзь Аляксандравіч упэўнены, што добры інжынер-энергетык – той, які ведае матэматыку. Выпускнік колішняга інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці «электразабеспячэнне», ён атрымаў за дыпломны праект «выдатна». Пры гэтым выкладчык пацікавіўся: «Табе пяцёркі дастаткова?» Энергетык з 45-гадовым стажам і сёння «цытуе» на памяць формулы і прызнаецца, што за свае веды ніколі не адчуваў сораму.  Яго патрабавальнасць нельга блытаць з жорсткасцю. «Як можна менш караць работнікаў за дробязі. Калі пакараў, то чалавек павінен разумець, што гэта заслужана», – такі быў яго прынцып.

Ветэран Стаўбцоўскіх электрасетак

Жыццё імкліва рухаецца наперад. Сёлета спаўняецца ўжо 25 гадоў, як біяграфія ветэрана энергетыкі Генадзя Пяткевіча цесна знітавана са Стаўбцоўскімі электрасеткамі. Пры тым, што патрабаванні да энергетыкаў змяняюцца, сістэма, якую ён стварыў на прадпрыемстве, працягвае функцыянаваць і даваць плён. У калектыў уліваецца моладзь, а марку трымае загартаваны касцяк. «Бываючы на ўчастках, аб’ектах, заўсёды гутарыў з людзьмі. Цешыла ў першую чаргу іх тэхнічная пісьменнасць, падрыхтаванасць», – прыгадвае суразмоўнік свае дырэктарскія будні.

Несумненна, Генадзь Пяткевіч – асоба, лідар, які ўлоўлівае тэндэнцыі, жыве заўтрашнім днём, не падае духам. Яго заслуга, што ў вялікім калектыве Стоўбцоўскіх электрасетак кожны атрымаў работу згодна са сваімі здольнасцямі, дастойны заробак, належныя ўмовы працы і жыцця.

Што можа быць важней за гэта?..

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *