Канікулы юных

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Нашы актыўныя аўтары – члены гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай сярэдняй школы – «закідалі» рэдакцыю сваімі пісьмамі. І такая актыўнасць пахвальная.

Кацярына Сай апавядае пра завочнае падарожжа ў свет космасу. Віялеце Шульгевіч удалося цікава расказаць пра сваё захапленне ружамі: «Гэтымі велічнымі і цудоўнымі кветкамі ўпрыгожваюць храмы, высцілаюць дарожкі ў час набажэнстваў, прыбіраюць пакоі. Вянкамі з руж, пераплеценых з міртам, упрыгожваюць нявесту. Букеты з гэтых чароўных кветак дораць закаханым».

Аб тым, як цікава працуе з вучнямі школьны бібіліятэкар В. Г. Даўгапол, расказвае ў сваёй заметцы Лізавета Грыгарцэвіч: «Вакол Ванды Генадзьеўны аб’ядналіся тыя, хто любіць кнігу, хто вывучае сусвет, пазнае новае, абагачаецца гісторыяй».

Сваёй актыўнасцю юныя карэспандэнты Дзераўнянскай СШ вызначаюцца і ў час летніх канікул. У школе працуюць лагеры дзённага прабывання. Гэта стала тэмай для іх заметак. Ангеліна Жырневіч піша: «Лагер называецца «Сонейка», таму што ў тых, каго ён аб’яднаў, радасны настрой, на тварах – усмешкі. Мы правялі спартландыю, свята «Здаровы я – здаровая сям’я», шоу свавольнікаў. Здзейснілі экскурсію ў горад-герой Мінск, у Тэатры юнага гледача паглядзелі спектакль «Беласнежка і сем гномаў».

«Пацалункі гарачага лета» – так назвала заметку ў газету Вераніка Бурдукевіч. Вобразна напісаць  дапамаглі ёй вершаваныя радкі.

Дзмітрый Машлікевіч расказвае, як цікава праходзяць дні ў лагеры «Руплівец»: «На працягу ўсёй лагернай змены вучні працавалі на палетках ААТ «Дзераўное». Мы садзілі і палівалі капусту, палолі буракі, працавалі на зерняскладзе. А потым усёй лагернай зменай адпачывалі на возеры Кромань».

Дзякуем нашым няштатным аўтарам за такую актыўную пошту. І чакаем новых допісаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *