Пасля службы – у «Свет пчол»

Нумары Паездкі, экскурсіі

image_pdfimage_print

Аддзел перавозак аўтапарка № 17 і прафсаюзны камітэт воінскай часці, што ў Коласаве, звязваюць даўнія і цесныя стасункі.

Плёнам гэтага партнёрства становяцца новыя і цікавыя турысцкія маршруты і экскурсіі, якія з’ядноўваюць ваенных, даюць ім магчымасць з карысцю праводзіць вольны ад службы час. У цэнтры праводзімай у калектыве  работы знаходзіцца старшыня прафкама Тамара Сакалова. Яе намаганнямі нядаўна была арганізавана паездка па новым маршруце: мемарыяльная сядзіба “Дзяржынава” – Івянец – аграсядзіба “Свет пчол”. Каб задаволіць усіх жадаючых, аўтапаркам быў выдзелены вялікі камфартабельны аўтобус умяшчальнасцю 46 чалавек. Абслугоўваў іх вадзіцель-прафесіянал Юрый Баршчоў. 

“Дзяржынава” – гэта кавалачак гісторыі нашага раёна, які кожнаму варта адкрыць для сябе. Івянец – гэта, у першую чаргу, знаёмства з такімі старажытнымі рамёствамі, як ганчарства і ткацтва, а вось аграсядзіба “Свет пчол” – абсалютна новы напрамак, спалучэнне гісторыі і сучаснага падыходу да бортніцтва. У гэты незвычайны свет прадстаўнікі нашага раёна трапілі ўпершыню.

– Гаспадар аграсядзібы, патомны пчаляр, змог нас зацікавіць сваёй справай так, што мы ішлі за ім, як пчолы за мёдам. Былі і цікавыя аповеды, і кіно, і гульня, і чаяпіцце з мёдам. Набылі сувеніры на памяць, а для здароўя – гаючыя прадукты пчалярства, – падзялілася ўражаннямі Тамара Сакалова.

– Новая экскурсія на аграсядзібу “Свет пчол” выдатна падыходзіць як для дзяцей, так і для дарослых, прывабная для ўсёй сям’і. Пры жаданні, тут можна заказаць абед з дамашняй кухні, – зазначыла вядучы спецыяліст службы аддзела перавозак Леаніда Высоцкая.

Невыпадкова зазірнуць у “Свет пчол” ужо выказалі жаданне іншыя калектывы раёна.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *