«Мне тады было 22 гады…» Марыя Ціцянок падзялілася ўспамінамі пра Чарнобыльскую трагедыю

Главное Соцыум

Сёлета спаўняецца роўна 30 гадоў, як Марыя Ціцянок разам з мужам і дваімі дзецьмі вымушана была пакінуць Нараўлянскі раён, які пацярпеў ад радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За гэты час Марыя Іванаўна не проста прыжылася на Стаўбцоўшчыне – яна пабудавала ледзьве не ўвесь шматпавярховы мікрараён райцэнтра! Тынкоўшчык-маляр ПМК-233 працягвае займацца гэтым і цяпер.

Мы сустрэліся з Марыяй Ціцянок на будаўнічай пляцоўцы, акурат побач з дзіцячым садам № 8. Гэты сацыяльны аб’ект яна ўзводзіла разам з калегамі, а цяпер сюды ходзяць яе ўнукі. «Трое наведваюць гэты сад – Стэфані, Сцяпан і Марыяна. Софія – трэцякласніца СШ № 2 г. Стоўбцы. А самай малодшай унучцы, Дзіяне, – год і два месяцы, яна дома з мамай. У мяне амаль адны дзяўчынкі», – з прыемнасцю заўважае жанчына.

З яе вуснаў не сыходзіць усмешка, пакуль расказвае, як унукі пацяшаюць бабулю. Наперабой дэкламуюць вершы, танцуюць для яе. Усе гатовы дапамагаць, калі бабуля выпякае пясочнае пячэнне. Тое ж назіраецца, калі яна працуе ў агародзе. Бабуліны памочнікі бягуць услед: хто з матыкай, хто – з палівачкай. «Субота – гэта мой, бабулін, дзень», – жартуе Марыя Іванаўна.

– Здаецца, жыццё ваша склалася нядрэнна, хоць у свой час і вымушаны былі пакінуць малую радзіму на Гомельшчыне?цікаўлюся ў Марыі Ціцянок.

Жанчына згаджаецца:

– Сапраўды. Асаблівых цяжкасцяў не ўзнікла. На Стаўбцоўшчыне прайшла большая частка майго жыцця. Двое сыноў тут выраслі. Пажаніліся.  Родам я з Брагінскага раёна. Замуж выйшла ў Нараўлянскі. Абодва гэтыя раёны пацярпелі ад радыяцыі. Хацелася засцерагчы дзяцей, таму прынялі рашэнне перасяляцца. У 1990 годзе прыехалі на Стаўбцоўшчыну, у мікрараён Акінчыцы. Ехалі не паасобку, а ўсёй сваёй брыгадай Нараўлянскай ПМК, сем сем’яў. І тут, на Стаўбцоўшчыне, таксама ўладкаваліся ў ПМК. З той маёй брыгады ўсе ўжо на пенсіі, адна я, самая маладая, працягваю працаваць. У Акінчыцах мы ўсе пабудаваліся і жывём па суседстве.

– Чым запомнілася трагедыя 1986 года?

– Мне тады было 22 гады, і разам з сынам (яму быў год) нас адразу вывезлі ў санаторый «Парэчча». Усё лета прабылі там, а восенню, калі вярнуліся, убачылі жудасную карціну. Райцэнтр быў непадобны на горад: бязлюдны, злавесна-ціхі… Потым у нас нарадзіўся другі сын, і пытанне перасялення паўстала яшчэ больш востра.

– Як прынялі вас на Стаўбцоўшчыне?

– Добра. Памятаю, што дапамаглі з уладкаваннем дзяцей у сад. Адразу мы, перасяленцы, кантактавалі пераважна паміж сабою, потым нашы кантакты сталі расшырацца.

– На радзіме бываеце часта?

– Даўно не была, гады два… Мая мама пераехала да мяне, і яна тут, на Стаўбцоўшчыне, пахавана. Адразу вельмі цягнула ў родныя мясціны…

– Як жывецца вам у «чарнобыльскім» пасёлку?

– Пасёлак добраўпарадкаваны. Разбудоўваецца. На суседняй вуліцы цяпер кладуць асфальт. З праблем – не хапае вады летам, у спёку… Хацелася б больш аўтобусных рэйсаў…

Жыву адна. Муж памёр у 2007 годзе. Старэйшы сын жыве з сям’ёй у вёсцы Дразды, малодшы – пабудаваўся ў Стоўбцах, у мікрараёне Паўночны. Ён не будаўнік, але ўсё зрабіў уласнымі рукамі. Яму перадаліся мае гены…

– Чым будзеце займацца, калі пойдзеце на пенсію?

–  Яшчэ не думала над гэтым пытаннем. Як мінімум два гады ў мяне ёсць у запасе…  У маладосці я вязала. Але калі тое было?.. Летам праводжу вольны час у агародзе. У выхадныя дні чакаю ўнукаў. У будні хочацца пасля работы проста адпачыць.

– Для жанчыны ўсё жыццё на будоўлі – вельмі няпростая справа…   

– Работа тынкоўшчыка-маляра цяжкая, але я прывычная да яе. Мужчынам, якія працуюць мулярамі, яшчэ складаней. А ўвогуле на будоўлі прыходзіцца выконваць розную работу. Цяпер, да прыкладу, пачалі ўзводзіць 40-кватэрны дом, знаходзімся ў катлаване, таму ўсе дапамагаем закладваць фундамент. Раней аб’ектаў было шмат, і працавалі ў падоўжаным рэжыме, выходзілі на работу ў выхадныя дні. На даны момант аб’ектаў мала, таму радуемся, калі ёсць загружанасць. Жывём з аптымізмам, надзеяй, што ўсё будзе добра.

…Развітваючыся, прашу Марыю Ціцянок усміхнуцца для фотаздымка і падзяліцца з чытачамі газеты сваім пазітыўным настроем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *