Музейны наглядчык Анатоль Копач жыве з чарнобыльскім болем у душы

Важное Соцыум

Анатоль Копач працуе апошнім часам у філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына». Пасада яго максімальна набліжаная да экспанатаў і ўсяго таго, што калісьці акружала Якуба Коласа. Анатоль Іванавіч – музейны наглядчык. А яшчэ сваю місію ён бачыць у тым, каб захаваць для нашчадкаў славутыя дубы ў Альбуці.

– Прырода павінна радаваць, натхняць, – кажа неабыякавы работнік і прыгадвае прыроду чарнобыльскай зоны. У 1986 годзе яму ў складзе зводнага атрада міліцыі Мінскай вобласці давялося несці службу па ахове грамадскага парадку ў Нараўлянскім раёне, які пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Цудоўныя прыпяцкія краявіды і сёння адгукаюцца ў душы болем. Нябачны вораг, радыяцыя, зрабіў іх бязлюднымі, а самабытныя палескія вёскі на вачах зарасталі быллём…

– У кожным двары стаялі нікому не патрэбныя лодкі, вазы з вупражжу… А ў лесе ў тую жнівеньскую пару ўсё было ўсыпана белымі баравікамі, – дзеліцца ўспамінамі Анатоль Іванавіч. – Пасялілі нас у школе ў адселенай вёсцы Цешкава, якая знаходзілася паміж Нароўляй і Славуцічам. З яе быў бачны рэактар…

– З 30-кіламетровай зоны, найбольш забруджанай радыяцыяй, ішло высяленне людзей. Тут гаспадарылі ліквідатары. Цяжкая была ў вас праца?

– Цяжка было псіхалагічна. Чарнобыль – вялікая бяда. Мне тады было ўсяго 23. Людзей высялялі… Нічога нельга было забраць з сабою, акрамя дакументаў… Бабулі, якія жыццё пражылі ў сваёй вёсцы, плакалі, малілі: «Хоць рэжце мяне, нікуды адсюль не паеду…» Гэтага нельга забыць…

На адселенай тэрыторыі ў першую чаргу займаліся дэзактывацыяй транспарту, які выязджаў з закрытай зоны. Не дапускалі туды пабочных асоб. Забяспечвалі захаванасць маёмасці – у дамах, на прадпрыемствах, у магазінах… Дзяжурства неслі па 12 гадзін, разам з напарнікам. Дэзактывацыю праводзілі па чатыры чалавекі. Нараканняў на нашу работу не было.

З сабой на дзяжурства бралі дазіметр, рэспіратар, біклагу з вадой. Ходзячы ўздоўж Прыпяці, для параўнання замералі радыяцыю ў рачной вадзе і ў невялікіх ямінах-копанках, што былі каля хат. Дык у копанках, дзе стаячая вада, дазіметр зашкальваў, а ў праточнай вадзе было ўсё нармальна.

Бачылі, як пасля кожнага выкіду радыяцыі завісалі над рэактарам лётчыкі. Самі пры гэтым адчувалі, як у роце ў нас прападала сліна… Ніхто не ведаў, што будзе далей.

І яшчэ – стаяла жудасная спёка. Прыгадваецца такі вясёлы выпадак. Адзін са знаёмых, супрацоўнік ДАІ, любіў ратавацца, акунуўшыся ў бочку з вадой, якой злівалі вуліцы. Але толькі ён «нырнуў», як прыехала з праверкай міліцэйскае начальства. Ён так і замёр у той бочцы. А нехта з камісіі, чалавек не без пачуцця гумару, пастукваючы пальцамі па сценцы, загадаў: «Іхтыяндр, выходзь!»

– Жарты дапамагалі абстрагавацца, не думаць пра будучае?

– Шчыра кажучы, не спадзяваўся, што, як ажанюся, буду мець дзяцей. Але, на шчасце, у мяне двое дзяцей, дачка і сын. Маю траіх унукаў. Адна справа, што прыйшлося быць у чарнобыльскай зоне, і другая – тэрміновую ваенную службу я праходзіў ва ўнутраных войсках у закрытым горадзе. Думаю, што там радыяцыі было не менш, але хто яе тады, да аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мераў і гаварыў пра яе?!.

У мяне ёсць узнагароды як за тэрміновую ваенную службу, так і за ліквідацыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, за бездакорную службу ў міліцыі. У райаддзеле міліцыі  працаваў участковым інспектарам, начальнікам медвыцвярэзніка.

– Здароўе не падводзіць?

– Праблемы са здароўем пачаліся адразу пасля вяртання з чарнобыльскіх раёнаў. Адчуў пякотку. Дыябет падключыўся. Не так даўно перанёс аперацыю на сэрцы. Дарэчы, калі запісваўся на яе ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр, дапамагло пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: чарга для мяне скарацілася дзесьці на паўгода. Аперацыя прайшла паспяхова. Калі прыходзіў у свядомасць, нада мной дзяжурылі пяць рэаніматолагаў… Дзякуй ім!

…Апрануты ў беларускі нацыянальны строй, ды яшчэ з кнігай Якуба Коласа пад пахай, Анатоль Копач заахвочвае любіць і ведаць сваё, зберагаць яго для нашчадкаў. Ён нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Янкавічы, на радзіме беларускага пісьменніка Генрыха Далідовіча. А цяперашні экскурсавод філіяла музея Сямён Корсік у свой час быў яго класным кіраўніком у Дзераўнянскай школе. Цяпер вось працуюць разам.

«Неўзабаве ў Альбуці з’явяцца фазаны», – запэўнівае музейны наглядчык Анатоль Копач.

На сваёй дачы ў вёсцы Задвор’е Анатоль Іванавіч разводзіць гэтых яркіх птушак і гатовы падзяліцца імі і з музейнай сядзібай. Увогуле адносна яе аздаблення ёсць цікавыя планы. Дырэктар філіяла Яўген Шавель хоча стварыць у Альбуці магчымасці для адпачынку выхаднога дня, якія прыцягнуць у Коласавы мясціны дзяцей і дарослых. Экскурсавод Соф’я Міцкевіч распрацавала адпаведную праграму. Але пра гэта – у іншым матэрыяле.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара    



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *