Бяду лягчэй перанесці разам. Рэха Чарнобыля

Важное Соцыум

Калі здарылася чарнобыльская трагедыя 26 красавіка 1986 года, у сям’і Аляксандра і Софіі Калыхан у Хойніках было трое малых дзяцей. Бяда адна не ходзіць: урачы выявілі сур’ёзную паталогію ў малодшай дзяўчынкі, і Софію Іванаўну з дзіцем паклалі ў абласную бальніцу ў Гомелі. Дзяцей з Хойнікаў сталі вывозіць. Мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было. Софіі Іванаўне ўдалося патэлефанаваць ва Украіну да сястры і папрасіць, каб яна прыехала забраць дзяцей. Тая не зразумела да канца: было столькі нейкай панікі, неразбярыхі. Прыехала ў Хойнікі з траімі сваімі дзецьмі, назад яна вярталася з пяццю. А Софію Іванаўну з дачкой направілі ў сталічную клініку.

Далей падзеі разгортваліся так, што паўстала пытанне аб адсяленні. Сям’я Калыханаў сваімі рукамі пабудавала дом, абжыліся, завялі гаспадарку – карову і іншую дамашнюю жывёлу. Усё давялося збыць, пакінуць дом і родныя мясціны. Яны пераехалі ў Стаўбцоўскі раён. Адразу знялі дом у Аталезі. Пазней тых, хто з Нароўлі, пачалі перасяляць у мікрараён Акінчыцы. У Стоўбцах, у адным са шматпавярховых дамоў, такім чынам вызвалілася кватэра, і сям’і Калыханаў яе выдзелілі. Софія Іванаўна клапацілася тады яшчэ і пра бацьку, пажылога чалавека, інваліда. Для сям’і былі цяжкія часы: здаралася, што грошай не хапала нават на хлеб. Было лета, пайшлі грыбы. І Софія Іванаўна на веласіпедзе ездзіла ў лес. Спускаецца яна з лесвіцы і …раптам бачыць Валянціну Рудзько. Іх дзяцінства прайшло ў адной вёсцы Ліскевічы, а потым разам жылі ў адным горадзе – у Хойніках. Аказалася, яна таксама атрымала кватэру ў гэтым жа доме, толькі на паверх ніжэй. А потым высветлілася, што на верхнім паверсе жыве Вольга Паўлянок – таксама з Хойнікаў. Яны ўсе зблізіліся, парадніліся, як сёстры, прынялі гэта як вялікую міласць Божую. У іх і дачы ў Арцюхах па суседстве, разам дабіраюцца на свае агароды.

У райцэнтры Калыханы ўладкаваліся на працу ў філіял Мінскага маторнага завода. Аляксандр Антонавіч працаваў трактарыстам, затым па стане здароўя пасля перанесенай аперацыі на сэрцы атрымаў лягчэйшую работу. Софія Іванаўна была станочніцай, працавала ў паўтары змены – лішніх грошай дома ніколі не было, а ў 2003 годзе не стала мужа. Софія Іванаўна была ў ліку лепшых працаўніц філіяла, яе фотаздымак заносілі на Дошку гонару прадпрыемства.

Стоўбцы для Софіі Калыхан сталі не толькі другой радзімай, але і месцам, дзе яна прыйшла да Бога, што ёй асабліва дорага. Прыхаджанка Свята-Аннінскага храма, яна разам з іншымі вернікамі шмат прыкладвае сіл і старанняў па ўтрыманні святыні ў належным парадку, як і павінна быць у доме Божым.

– Ніколі не думала, што іншы горад мне стане такім родным, жывём тут з 1992 года, хутка тры дзесяцігоддзі, бяжыць час, – гаворыць Софія Іванаўна. – Тут нарадзіліся мае ўнукі і праўнучка. На Радаўніцу езджу ў Хойнікі на могілкі. І столькі людзей мне незнаёмых. А я ж працавала фатографам у Доме быту, многіх ведала, і мяне ўсе ведалі. А цяпер мне стаўбцоўскія людзі сталі роднымі, блізкімі. Мы абжыліся тут, любім горад. Стаўбцоўскі раён працягнуў руку дапамогі і маім родным з Украіны. Калі пачаліся ваенныя дзеянні ў Данецкай вобласці, мае пляменнікі са сваімі малымі дзецьмі пераехалі ў Стоўбцы і таксама абжываюцца тут, дапамагаем адзін аднаму. Нам усім неабходна аб’яднацца, маліцца, падтрымліваць, шанаваць адзін аднаго.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *