Ці патрэбен Стоўбцам парк-магазін

Інвестпраект Нумары

image_pdfimage_print

Адказ на гэтае пытанне павінны даць жыхары раёна. Шукалі яго падчас дэбатаў і спрэчак і ўдзельнікі абмеркавання – прадстаўнікі органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, інвестыцыйных кампаній. 

Як вядома, генеральны план забудовы горада Стоўбцы распрацаваны, аднак зараз  узнікла патрэба ва ўнясенні ў яго змяненняў. Ад інвестара паступіла прапанова: пабудаваць гандлёвы цэнтр змешанай групы тавараў (сецявы магазін) плошчай 1,5 тысячы м2  з далейшым добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Пад добраўпарадкаваннем падразумяваецца не толькі стаянка на 80 машынамесцаў, а і, фактычна, стварэнне паўнавартаснай паркавай зоны – з тэніснымі кортамі, велалыжаролернай трасай, спартыўнымі і культурнымі зонамі. Тэрмін будаўніцтва – канец 2015 года.

Аптымальным месцам для ўзвядзення аб’екта інвестару бачыцца тэрыторыя саду былога садавіна-агародніннага завода, дзе ў свой час былі зроблены ўсе неабходныя раскарчоўкі. Размова ішла пра стварэнне на гэтым месцы парку для жыхароў горада, але ўжо не першы год тут проста высяваюцца сельгаскультуры.

Відавочна, што менавіта гэта месца прыглянулася інвестару. Ён прапануе свой варыянт: сумясціць парк з магазінам. Каб зняць розныя інсінуацыі на гэты конт, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака адразу папярэдзіў:

– Зямля, дзе быў некалі сад і павінен быць парк, прадастаўляецца не пад канкрэтны інвестыцыйны праект. Яна будзе выстаўлена з аўкцыёну. Паўдзельнічаць у ім можа любы інвестар. Хацелася б, каб гэта ўсё спрыяла дабрабыту людзей, упрыгожванню  нашага горада.

І па праекце, і па сумленні

Са своеасаблівай перадгісторыяй пытання пазнаёміў начальнік аддзела па абароне дзяржаўных сакрэтаў і арганізацыі мабілізацыйнай работы ІгарЗвярынскі: 

– Па сумленні і доўгу я абавязаны прыняць удзел у гэтым абмеркаванні. Год таму назад прайшло абмеркаванне генеральнага плана забудовы горада Стоўбцы. На гэтыя працэдуры было выдаткавана каля 300 мільёнаў рублёў з бюджэту. Пры ўнясенні змяненняў спатрэбіцца яшчэ дзесьці 14 мільёнаў. Фактычна  ставіцца пытанне аб змяненні плошчы парку і пераводзе ўчастка зямлі пад іншую тэрыторыю – пад універсальны магазін. Справа ў тым, што дзевяць гадоў таму я быў прызначаны старшым па высечцы і карчаванні пладовага саду, які належаў садавіна-агародніннаму заводу. Для гэтых работ на працягу месяца прыцягвалася тэхніка прадпрыемстваў раёна, выходзілі на суботнікі працоўныя калектывы. Атрымалася ўсенародная будоўля. Плануецца, што на будаўніцтва магазіна спатрэбіцца 0,9 га. Што застаецца парку з 11-ці гектараў? Крыху больш за 7 га.  Гэта ўжо будзе не парк, а сквер. Пры будаўніцтве тут вялікага магазіна з аўтастаянкай неабходна думаць і над экалагічнымі пытаннямі. 

Ігар Звярынскі прапанаваў, каб прыняцце рашэння аб рэалізацыі інвестпраекта  не залежала ад волі двух-трох чыноўнікаў. Варта стварыць грамадскі савет па развіцці інфраструктуры і добраўпарадкаванні горада, прыцягнуць да гэтай работы дэпутатаў. Самае галоўнае апасенне – што ў першую чаргу можа быць пабудаваны магазін, а на ўсё астатняе – гэта значыць на парк – у інвестара «не знойдзецца» грошай.         

Падобную думку развіў і старшыня райспажыўтаварыства Віктар Галаўко:

– Парк патрэбен гораду.  Наша арганізацыя, як і  іншыя, калісьці бясплатна раскарчоўвала, чысціла гэты сад у імя будучага парку. Інвестар верне нам, раёну гэтыя сродкі? І дзе гарантыі будаўніцтва ўсіх пералічаных аб’ектаў – культурных, спартыўных? Безумоўна, яны павінны ўзводзіцца паралельна з магазінам.

 – А чаму б райспажыўтаварыству (арганізацыі, якая займае вядучую ролю ў тавараабароце раёна) самому не паўдзельнічаць у аўкцыёне і не рэалізаваць уласны інвестпраект? – было зададзена Аляксандрам Цывакам слушнае пытанне.

– У гэтым годзе райспажыўтаварыства не мае фінансавай магчымасці ўдзельнічаць у аўкцыёне. Мы прыступаем да рэканструкцыі магазіна «Забота», куды і накіруем напрацаваныя фінансавыя рэсурсы, – адказаў Віктар Галаўко.       

Пазіцыю «Церкви «Возрождение», якой выдзелены аблвыканкамам на тэрыторыі былога саду адзін гектар зямлі, агучыў пастар Уладзімір Бірук:

– Падтрымліваю ідэю з  паркам-магазінам. У раёне «царскага сяла» няма ніводнага магазіна. Адзінае пажаданне – каб было гарманічнае размяшчэнне аб’ектаў, імі не закрываўся будынак царквы.   

АРГУМЕНТЫ ДРУГОГА БОКУ

Іх агучыў дырэктар СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрый Звыцэвіч, прадстаўнік той кампаніі, якая мае дачыненне да ідэі пабудаваць у Стоўбцах парк-магазін:

– Як кампанія-вытворца мы сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады – раённага выканаўчага камітэта, аблвыканкама. На адной з такіх сустрэч была выказана думка аб тым, як прадстаўнікі бізнесу могуць дапамагчы ў развіцці інфраструктуры свайго раёна. У нас нарадзілася ідэя з паркам. Лічу, гэта здаровая ідэя. Кошт парку – не менш за 5-6 мільярдаў рублёў па сённяшніх мерках, калі стварыць мінімальную інфраструктуру і дастойныя ўмовы для адпачынку. Мы заняліся пошукамі інвестара, які змог бы пайсці на пэўную дабрачыннасць, калі будзе мець акупляльнасць гэтых выдаткаў і спонсарскай дапамогі. Па дамоўленасці, гэта ідэя трансфарміравалася ў сумяшчэнне парку для адпачынку з карысным правядзеннем часу, такім, як наведванне магазіна змешанай групы тавараў. Такога ў Стоўбцах няма. Падобны магазін дазволіць набыць тавар па мінімальным кошце і, што немалаважна для паркавай зоны, –  прадаставіць паслугі грамадскага харчавання. Аўтастаянка размесціцца на разумным удаленні. Што датычыць шкодных выкідаў і іх канцэнтрацыі, то на гэта ёсць кампетэнтныя органы, якія будуць праводзіць экспертызы і выдаваць заключэнне. Вуліца Магістральная, дзе мяркуецца пабудаваць магазін, – гэта вароты нашага горада, скрыжаванне асноўных вуліц, якое хацелася б зрабіць тэматычна асэнсаваным, а не проста засадзіць кустамі і дрэвамі. Тут можна зрабіць амфітэатр, сцэну і праводзіць шмат якія культурныя мерапрыемствы. Такім чынам, горад можа атрымаць дастойнае месца для адпачынку людзей, упрыгожыць сябе гэтым аб’ектам. Магазін зойме толькі 0,15 га, уся астатняя тэрыторыя – сумеснага з паркам карыстання. Парк будзе належаць гораду, яго інфраструктура – таксама.

З юрыдычнага пункту гледжання, як падкрэсліў Юрый Звыцэвіч, ёсць мноства рычагоў і інструментаў, здольных забяспечыць першачарговую рэалізацыю грамадскага інтарэсу, а не асабістага, камерцыйнага. Трэба шукаць варыянты, каб не хадзіць па пустым полі.

І самы галоўны аргумент , выказаны прадстаўніком кампаніі «за» гэты інвестпраект, – мы таксама жыхары Стоўбцаў, тут нарадзіліся і гадуем дзяцей, і нам неабыякавы і далейшы лёс нашага горада.        

ДУМКА ДЭПУТАТА

Дэпутат абласнога і раённага Савета дэпутатаў, рэдактар газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка адназначна выказалася ў падтрымку прапануемага інвестпраекта:

– І як мама, і як бабуля, і як патрыёт Стаўбцоўшчыны падтрымліваю ініцыятыву, якая рухае наш горад наперад. Упершыню паступіла такая добрая  і слушная  прапанова. Мы жывём у 21 стагоддзі, і нам патрэбен вялікі сучасны магазін. Вельмі прыемна, што побач з ім будуць створаны спартыўныя, культурныя зоны, зоны адпачынку. Пры тым, плануемы аб’ект «Колас» інвестары абяцаюць звязаць з іменем нашага земляка Якуба Коласа і з героямі яго твораў. І калі ўсё гэта яны  рэалізуюць, то, думаю, мы будзем ганарыцца такім  куточкам Стоўбцаў і з прыемнасцю яго наведваць.

Пры гэтым варта звярнуць увагу і на парк Дружбы народаў, навесці там парадак. Не зусім там і стыхійныя насаджэнні, як было сказана выступоўцамі. Да мяне звярнулася стаўбчанка В. Б. Кожыч. У яе  ёсць поўная інфармацыя, якія пісьменнікі садзілі гэтыя дрэвы і памятныя алеі. У парку Дружбы народаў патрэбна найперш якасна правесці абрэзку кустоў і дрэў, устанавіць сучасныя лавачкі і засадзіць клумбу. У парку і зараз шмат адпачываючых. 

У падтрымку будаўніцтва парку-магазіна выказаўся і яшчэ адзін дэпутат – Генадзь Сей, а таксама жыхар Стоўбцаў Сяргей Падалянчык.   

ВЫСНОВЫ

Парк, як і гандлёвы цэнтр, у Стоўбцах павінны быць. Іх нам не хапае, калі мы з такім болем, нераўнадушна гаворым аб гэтай праблеме, калі мы едзем за пакупкамі ў іншыя гарады – Нясвіж, Мінск і т.п. Але ў якім месцы быць гандлёваму цэнтру?

Першы варыянт развіцця падзей – сумясціць парк і ўніверсальны магазін. Пра добрасумленнасць будучага інвестара павінны паклапаціцца раённыя ўлады і дабіцца, каб спартыўныя і культурныя зоны будаваліся паралельна з магазінам.

Магчымы і другі варыянт:  абустройваць парк, без магазіна і без інвестараў, з надзеяй на бюджэтныя сродкі, або – на прыцягненне спонсара, які  прапануе свой праект развіцця паркавай зоны.

На даным этапе важна вывучыць і ўлічыць на гэты конт грамадскую думку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: панарама горада праз плошчу былога саду, цяпер засеянага поля; вуліца Казлова, насупраць – згаданая тэрыторыя для мяркуемай будоўлі і закладкі парку.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

2 комментария по теме “Ці патрэбен Стоўбцам парк-магазін

  1. В Столбцах полно других мест для строительства магазина! Почему свет клином сошёлся именно на землях планируемых под парк? Там и так площадь не слишком большая, а если построить там магазин, сколько того парка останется?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Cогласна с Александром-парк должен быть, а не сквер с магазином в котором будут горы мусора и бутылок от пива после посещения магазина.Ни в одном городе нет рядом с крупным торговым центром с большой стоянкой для машин парка для отдыха. Торговый центр нужен, но в другом месте.И еще хотелось бы, чтобы был хотя бы небольшой магазин продуктовый в районе жилой застройки около д.Задворье. Большой частный сектор, а ближайший магазин только в районе вокзала.В районе Магистральной и Центральной достаточно торговых точек с товарами повседневного спроса, а в районе от привокзальной площади плюс Задворье ни одного магазина.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *