Баец стралковай дывізіі

Важное Вялікай Перамозе прысвячаецца

«Вайна. Перамога. Памяць.»

28 красавіка інваліду Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Кузьмічу Мацюніну споўніцца 92. Нарадзіўся ён у Калужскай вобласці, а ўсё яго вялікае і багатае на падзеі жыццё звязана са Стоўбцамі.

У снежні 1943 года Мікалая Мацюніна прызвалі ў Чырвоную армію. Пад Уралам ён прайшоў навучанне і атрымаў накіраванне на 1-ы Беларускі фронт, у 236-ы гвардзейскі стралковы полк 74-й гвардзейскай Ніжнедняпроўскай стралковай дывізіі. Радавы стралок самааддана змагаўся за вызваленне роднай краіны.

У адным з баёў з акружанай групоўкай праціўніка ў г. Познані 18 лютага 1945 года Мікалай Кузьміч першым пайшоў на штурм і быў цяжка паранены. Са скразным кулявым раненнем трапіў у шпіталь у г. Сызрань, дзе і сустрэў вестку пра перамогу над фашысцкай Германіяй.

Пасля выздараўлення працягваў служыць у батальёне па дастаўцы ваеннапалонных. Затым аднаўляў разбураны Мінск, у тым ліку сувораўскае вучылішча, будаваў жылыя дамы ў раёне Старажоўкі.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, Мікалай Кузьміч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і двума медалямі «За адвагу».

У мірны час Мікалай Кузьміч прайшоў вялікі працоўны шлях. У Стаўбцоўскі раён ён прыехаў у службовую камандзіроўку і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй. Працаваў у Стаўбцоўскай рамбудканторы, загадваў піларамай міжкалгасбуда, быў майстрам-будаўніком. Амаль 13 гадоў узначальваў ДРБУ № 135. Агульны працоўны стаж Мікалая Мацюніна – 47 гадоў. Ветэрана неаднаразова адзначалі за шматгадовую і добрасумленную працу граматамі і падзякамі. Поўны аптымізму, ён дзеліцца сваімі ваеннымі і працоўнымі ўспамінамі, усім жадае любіць і берагчы адзін аднаго.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *