Самаізаляцыя патрабуе самадысцыпліны

Ахова правапарадку Важное

Фото носит иллюстративный характер

Стаўбчан цікавіць, як ажыццяўляецца кантроль за тымі, хто знаходзіцца на самаізаляцыі. Ці ўсе з іх выконваюць патрабаванні, якія вызначаны законам?

Пра гэта мы пагутарылі з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Уладзімірам КУХАРЧЫКАМ.

– Райаддзелам унутраных спраў праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне асоб, якія парушаюць патрабаванні самаізаляцыі. У адносінах да двух грамадзян ужо  складзены адміністрацыйныя пратаколы.

– Яны выйшлі са свайго жылля без уважлівай прычыны і знаходзіліся на вуліцы?

– Так, самаізаляваным забаронена пакідаць месца жыхарства, наведваць месцы масавага знаходжання людзей. Да ліку апошніх адносяцца месцы работы або вучобы, магазіны, спартыўныя залы, вакзалы і інш.

Выхад з дому дазволены толькі ў выпадку крайняй неабходнасці: пры патрэбе схадзіць у прадуктовы магазін ці аптэку, вынесці бытавыя адходы. Прычым усё гэта дазволена рабіць ва ўстановах і месцах, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Пры выхадзе з дому абавязкова выкарыстанне сродкаў абароны – медыцынскай маскі і пальчатак, а таксама забаронена дапускаць якія-небудзь кантакты. Такія патрабаванні для самаізаляваных прапісаны ў Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 208 ад 8 красавіка 2020 года «Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства».

– Уладзімір Валянцінавіч, сёння нямала людзей, якія самі, па ўласным перакананні, абмежавалі сваю грамадскую актыўнасць аж да добраахвотнай самаізаляцыі (і да гэтага нас заклікаюць медыкі), а некага закон прымушае так рабіць, і прадугледжана, як бачна, адміністрацыйная адказнасць. 

– У адпаведнасці з названай вышэй пастановай урада, на самаізаляцыю адпраўляюцца асобы, якія інфіцыраваны COVID-2019, і тыя, хто меў з імі непасрэдныя кантакты пры наяўнасці некалькіх рэспіраторных сімптомаў (кашаль, высокая тэмпература, галаўны боль і інш.). Такім грамадзянам у паліклініцы ўручаюць патрабаванні адносна захавання правілаў паводзін у самаізаляцыі. Гэта дакумент, які яны павінны падпісаць і строга яго прытрымлівацца. У выпадку пагаршэння здароўя яны мусяць пазваніць па тэл. 103, пры гэтым трэба не забыць паведаміць факт таго, што знаходзяцца на самаізаляцыі.

– У работнікаў міліцыі ёсць спісы тых, хто знаходзіцца на самаізаляцыі?

– Так, мы працуем ва ўзаемадзеянні з раённымі цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і бальніцай. Кантроль за тымі, хто знаходзіцца на самаізаляцыі, ажыццяўляем штодзённа,  рознымі спосабамі. Да прыкладу, па мабільным ці дамашнім тэлефоне і выбываючы да месца жыхарства, але без прамога кантакту з гэтымі асобамі. На кожнага ёсць персанальныя даныя з фотаздымкам.

– Якія меры прадугледжаны ў адносінах да тых, хто парушае патрабаванні самаізаляцыі?

– Адказнасць наступае згодна з арт. 23.4 КоАП Рэспублікі Беларусь («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»), і гэта штраф у памеры ад дзвюх да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Парушэнне патрабаванняў самаізаляцыі таксама цягне змяншэнне дапамогі па часовай непрацаздольнасці на 50 працэнтаў.

Звяртаемся з просьбай да ўсіх грамадзян: калі ў вас ёсць здагадкі, што той ці іншы чалавек парушае патрабаванні самаізаляцыі, паведаміце пра гэта па тэл. 102.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *