Наваселле з перспектывай

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Сёлета  хатаўскіх лесаводаў чакае наваселле, а разам з ім  – і цікавая перспектыва.

Перспектыва нумар адзін сапраўды звязана з капітальным рамонтам адміністрацыйнага будынка лясніцтва. Завяршыць яго плануецца ў бягучым годзе, асвоіўшы на рамонтных работах каля аднаго мільярда рублёў. Ляснічы Анатоль Бычкевіч кожны дзень стараецца асабіста пабываць на аб’екце, бо ў яго хутчэйшым завяршэнні зацікаўлены ўвесь калектыў лясніцтва.

Радуецца душа бывалага лесавода, калі заўважае за падраднай арганізацыяй розныя перамены. На сцены будынка мацуецца блокхаўз, на дах –  металачарапіца. Унутры яго –  іншыя планіроўка і дызайн. Сучасныя матэрыялы павінны зрабіць будынак зручным і камфортным і, немалаважна, своеасаблівым архітэктурным упрыгажэннем тутэйшых маляўнічых ваколіц.

Падобную прывабную характарыстыку мае, дарэчы, і шматфункцыянальны паляўнічы комплекс, які з’явіўся на балансе лясніцтва больш за дзесяць гадоў таму. Сюды на адпачынак з ахвотай едуць літаральна ва ўсе поры года як беларускія турысты, так і расійскія. Мясцовыя жыхары ідуць у лясніцтва, каб дроў выпісаць, коніка папрасіць для пасадкі агарода і іншае.   

Сваім заведзеным парадкам, без лішняй мітусні ідуць у хатаўскіх лесаводаў вытворчыя справы. Іх не меншае ні вясною, ні летам.

–  Мінулы  год завяршылі з нядрэннымі паказчыкамі, – падводзіць вынікі памочнік ляснічага Мікалай Бурак. – Нарыхтавалі 14 664 м3 драўніны, ці 115 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. На месцы высечак (а гэта 11 гектараў угоддзяў) пасаджаны лясныя культуры. 

Уся плошча Хатаўскога лясніцтва складае 9 507 гектараў, на іх пераважаюць хваёвыя пароды дрэў. Шчыруюць у лясніцтве 30 чалавек. У адрозненне ад іншых арганізацый, праблемы з кадрамі  адсутнічаюць. Калектыў на чале з Анатолем Бычкевічам стабільны, працаздольны. Усе работнікі – жыхары навакольных населеных пунктаў. Яны ведаюць сваю работу, любяць лес і, як заўважае Мікалай Бурак, заўсёды гатовы падзяліцца ўласнай дасведчанасцю ў выглядзе слушнай падказкі або карыснай  парады.

Сярод такіх вопытных спецыялістаў нельга не адзначыць майстра лесу Мечыслава Ламаку, бухгалтара Ванду Ламака. Яны проста аднафамільцы, з выпадковым супадзеннем кораня ў прозвішчы, але вельмі роднасныя сваімі рысамі характару, такімі як надзейнасць, уніклівасць, сваімі адносінамі да людзей. Да ўсіх ім трэба знайсці падыход, растлумачыць, не пакрыўдзіць… Ванда Іванаўна ў мінулым годзе заслужыла права на адпачынак, але працягвае працаваць і… заставацца душой мужчынскага калектыву. Зразумела, яна і для сваёй сям’і апора.

– Дзецям хочацца дапамагчы, ды і гаспадаркі ў нас цяпер няма – адны куры засталіся пасля АЧС, – тлумачыць сваё рвенне да работы заўсёды іранічна-вясёлая  Ванда Іванаўна. – Дома ў нас, у Дзераўной, цяпер нібыта ў горадзе: прыродны газ! Прыйдзеш з работы, а ў пакоях цяпло, прыгажосць!..

Што можа быць лепш, калі ў чалавека хораша дома, ладзіцца на рабоце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *