Скарбы пушчы

Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Аб’язджаючы лясныя ўгоддзі, цудоўную карціну давялося назіраць сёлета ляснічаму Старынскага лясніцтва Алегу Лукшу: сярод вялікага поля стаялі цыбатыя птушкі – дзве белыя чаплі і два чорныя буслы – і вялі свой, птушыны, дыялог, чымсьці далікатна дзяліліся… На жаль, не было з сабою фотаапарата, каб занатаваць гэты ўнікальны ў прыродзе кадр.

Прырода тут, адкуль пачынаюцца пушчанскія прасторы, водарыць асаблівым пахам, напоўнена непаўторнымі гукамі і з’явамі. Сёлетняй вясной у шпакоўнях, якія развесілі на дрэвах работнікі лясніцтва, былі заўважаны… вавёркі, самыя сапраўдныя пушыстыя прыгажуні. Ды і дзяцел аказаўся не промах, знайшоў выйсце: дзе-нідзе прадзёўб крыху дзірку-ўваход, расшырыў яе пад сябе і атрымаў гатовы домік. 

Лесаводы стараюцца падтрымаць, надаць увагу і таму жывому, што знаходзіцца ў нас пад нагамі. На тэрыторыі лясніцтва агароджаны 44 мурашнікі. Гэта, заўважце, толькі тыя, што найбольш значныя па памерах.

Старынскае лясніцтва аблюбавалі паляўнічыя. Яго ўгоддзі, якія раскінуліся больш чым на 8 тысячах гектараў, арандуюць дзве паляўнічыя гаспадаркі: «Мінскі парнікова-цяплічны камбінат» і – на вялікіх плошчах – наша мясцовая «Рудзьмянская гаспадарка». У гэтых лясах водзіцца багата жыўнасці – казулі, дзікі, ласі, алені. Ды і волаты-зубры сюды часцяком захаджваюць. Ва ўсякім выпадку,  бачаць іх тут ва ўсёй красе на працягу не аднаго года запар. А сёлета –  упершыню – знаўцы ідэнтыфікавалі сляды не каго-небудзь, а – мядзведзя!

Гэтыя лясы, над акультурваннем якіх працуюць лесаводы (за мінулы год імі пасаджана лясных культур на плошчы 33,4 гектара), ужо паклікалі аматараў грыбоў, ягад. Смачныя першыя суніцы. Чародкі лісічак, бравыя чырвонагаловікі вылазяць пасля дожджычкаў акурат пры лясных дарожках і сцежках. У «паляванне» за імі адпраўляюцца як вяскоўцы, так і гарадскія жыхары. На шчасце, апошні час у лясных масівах абыходзіцца без узгаранняў, аднак маршруты наведвальнікаў застаюцца там-сям памечанымі – тым жа злашчасным смеццем, бытавымі адходамі. Як заклікаць людзей любіць лес, берагчы яго для сябе і для нашчадкаў?!

Не першы раз тэрыторыю Старынскага лясніцтва выбралі месцам экспедыцыі геолагі. Спецыялісты займаліся пошукам у зямных нетрах золата. Сама пушча  здаецца скарбам, неспазнанай таямніцай, кладовай багацця.

Будзеце ў пушчы – слухайце яе голас. Бярозкі,  здаецца, шумяць аб леце, а кашлатыя елкі  помняць выпакутаванае, перажытае.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *