Дадатковая мера – штучная няроўнасць

Ахова правапарадку Главное

У вячэрні час у міліцыю паступае шмат паведамленняў аб пашкоджанні аўтамабіляў на паркоўцы, а вінаватыя – з’ехалі з месца здарэння. Асабліва часта такое фіксуецца ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Стоўбцах, дзе пасля рабочага дня бывае вялікая колькасць транспарту.

Інспектару ДАІ не складае цяжкасці аператыўна знайсці вінаватага вадзіцеля, таму што на гэтым, як і на іншых аб’ектах горада, устаноўлены  камеры відэафіксацыі. Пры праглядзе відавочна, што вадзіцель, рухаючыся заднім ходам, наехаў на іншы аўтамабіль, выйшаў паглядзець на ўдар, затым сеў і паехаў. У такім выпадку яму прыходзіцца несці адказнасць не толькі за наезд, але і за пакіданне месца ДТЗ.

А калі ў выніку наезду нехта пацярпеў?.. У раёне ў мінулым годзе былі зафіксаваны два ДТЗ, у якіх траўміраваны людзі, а вадзіцелі, не зважаючы на гэта, усё  роўна з’ехалі. Сваімі паводзінамі яны падпісалі сабе прыгавор…

Пра гэтыя і іншыя факты расказаў старшы інспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Віктар Сачук на сустрэчы ў калектыве Стаўбцоўскага лясгаса, якая праходзіла ў рамках Адзінага дня бяспекі дарожнага руху.

Старшы інспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Віктар Сачук абменьваецца інфармацыяй з галоўным механікам лясгаса Мікалаем Курылам

Віктар Сачук нагадаў пра абласны план дзеянняў ДАІ «Добрая дарога», накіраваны на зніжэнне ДТЗ і гібелі людзей. У ім прадугледжаны і два аб’екты на дарогах раёна (стварэнне развязкі ў Наваколасаве і Коласаве, а таксама ўстаноўка турнікетна-тросавай агароджы на ўчастку аўтадарогі М1, які з’яўляецца месцам канцэнтрацыі ДТЗ, з мэтай абмежавання выезду транспарту на сустрэчную паласу руху).

У ходзе сустрэчы работнікі лясгаса цікавіліся станам адзінаццацікласніцы, якая сёлета  пацярпела ў выніку наезду аўтамабіля на вуліцы Івянецкай у Стоўбцах.

Віктар Сачук расказаў пра дадатковыя меры бяспекі, якія будуць прыняты на гэтай вуліцы з інтэнсіўным транспартным патокам: з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я на праезджай частцы будзе ўстаноўлена штучная няроўнасць. Таксама ён пазнаёміў прысутных з праектам добраўпарадкавання аўтадарогі Р2, рэалізацыя якога дапаможа ў перспектыве разгрузіць пад’езд да мікрараёна Паўночны-2.

Пра ўзровень транспартнай дысцыпліны ў лясгасе 

Пасля сустрэчы мы задалі некалькі пытанняў галоўнаму механіку лясгаса Мікалаю Курылу.

– У складзе механізатарска-вадзіцельскага калектыву лясгаса працуе  каля 40 чалавек, – адзначае галоўны механік. – Большасць з іх занята на вывазцы лесу. Штодзённа з  07.30 да 08.00, перад выпускам на лінію, ажыццяўляецца прыборны кантроль гэтых работнікаў, а таксама работнікаў гаража згодна з дагаворам, заключаным з ЦРБ. Выпадкі адхілення ад работы ў сувязі з алкагольным ап’яненнем работнікаў адсутнічаюць.

Адначасова ідзе абнаўленне парку сучаснай тэхнікай. Ужо ў гэтым годзе набыты ў лізінг новы сартыментавоз, у планах – набыццё дзвюх трактарных цялежак для вывазкі драўніны. За апошнія гады лясгасам закуплены два аўтамабілі МАЗ.

– Як наладжана ўзаемадзеянне вашай службы з аддзелам ДАІ?

– Штомесяц у лясгасе выступае старшы інспектар аддзела ДАІ Віктар Сачук.  З ДАІ наладжана цеснае супрацоўніцтва. Некалькі гадоў таму здарылася ДТЗ  (падчас руху з лесавоза выпала бярвенне і траўміравала пешахода), з тых пор грубых парушэнняў правілаў дарожнага руху і тэхнікі бяспекі вадзіцелямі лясгаса не дапушчана. Высокі ўзровень транспартнай дысцыпліны пацвердзіла і леташняя праверка з боку Транспартнай інспекцыі.

Вадзіцелі, якія працуюць на велікагрузнай тэхніцы, маюць не ніжэй за другі кваліфікацыйны клас. Пераважная большасць – гэта першакласныя спецыялісты.  Для маладых арганізуем навучанне і стажыроўку на месцы. Нядаўна з прыцягненнем спецыялістаў вучэбнага цэнтра прайшло групавое навучанне аператараў гідраманіпулятараў.

Як адзначыў Віктар Сачук, па лініі ДАІ ў працоўных калектывах раёна праводзяцца інструктажы, маніторынгі, перадрэйсавы кантроль вадзіцеляў і механізатараў, адсочваецца бяспека перавозкі грузаў. Акрамя таго, перыядычна адбываецца зверка ўсіх работнікаў, уключаючы інжынерна-тэхнічных, наконт таго, ці не былі яны пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *