«Альбуцкі куфэрак». Свет захапленняў Алены Кубрынай

Альбуцкі куфэрак Важное Спецвыпускі «Праменя»

Алена Кубрына з пераможцамі міжнароднага японскага конкурсу Анастасіяй Смірновай і Дар’яй Кажамяка

У нашым раёне шмат творчых людзей, у якіх багаты свет захапленняў. Да такіх адносіцца Алена Кубрына. Усё яе працоўнае жыццё звязана з мастацкай творчасцю. На сучасны момант яна выкладае ў сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы, з’яўляецца настаўніцай выяўленчага мастацтва. Дадаткова вядзе факультатыўныя заняткі па класічных дысцыплінах, такія як малюнак, жывапіс, кампазіцыя. Працуе з рознаўзроставай аўдыторыяй – вучнямі 1–9 класаў. Дае ім азы мастацтва, што многім саслужыць добрую службу пры здачы ўступных экзаменаў на творчыя факультэты.

Свет асабістых захапленняў у Алены Аляксандраўны багаты, яркі, добры і прыгожы. Лягчэй сказаць, чаго яна не можа выканаць сваімі рукамі, чым пералічыць яе таленты. Яна прызнаны жывапісец. Ёй падуладны батык. У сучасны момант з’яўляюцца новыя віды рукадзелля і новыя дэкаратыўныя матэрыялы для гэтага. Адзін з іх – фааміран. З мяккага і гібкага палімеру майстрыха вырабляе цудоўныя кветкавыя кампазіцыі, упрыгажэнні для валасоў, іншыя мастацкія рэчы. Асвоіла квілінг. Гэта стварэнне надзвычай прыгожых кампазіцый з палосак паперы шляхам іх накручвання.

Алена Кубрына паспяхова паспрабавала сябе ў скрапбукінгу. Пры гэтым відзе рука-дзелля ствараюцца фотаальбомы ў розных формах, эксклюзіўныя паштоўкі і іншыя патрэбныя ва ўжытку рэчы.

Выдатныя арыгінальныя работы майстрыхі можна было не раз бачыць на выставах майстроў народнай творчасці народнага клуба «Пралеска», членам якога яна многія гады з’яўляецца. Алена Кубрына актыўна супрацоўнічае са Стаўбцоўскім цэнтрам народнай творчасці. Праводзіць майстар-класы. Яна дае свае работы для выстаў, як стацыянарных, так і выязных, якія падарожнічаюць не толькі па нашым раёне, але і за яго межамі падчас абласных мерапрыемстваў.

Для Алены Аляксандраўны занятак любімай справай можна параўнаць з глытком, які наталяе смагу. Гэтае пачуццё знаёмае многім творчым людзям, якой бы справай яны ні займаліся. З’яўляючыся педагогам у школе, праводзячы майстар-класы для дарослых людзей, Алена Аляксандраўна такім чынам папулярызуе традыцыйныя і сучасныя віды мастацкай творчасці, памнажаючы кола ўмельцаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *