Карункавыя дзівосы

Людзі і лёсы Нумары

Аб людзях, якія мелі асаблівую вагу ў грамадстве, былі на віду ў сваёй дзейнасці, заўсёды прыемна даведацца тое, што скрыта ад вачэй, што з’яўляецца іх аддушынай. Для стаўбчанкі Алы Бабіцкай такім хобі з’яўляецца вязанне кручком і спіцамі. Асабліва цяпер, калі яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Ала Аляксандраўна з удзячнасцю ўспамінае сваю маці, якая адкрыла ёй гэты цудоўны свет мастацтва. У дзяцінстве Ала Аляксандраўна моцна захварэла, на працяглы час ёй быў прапісаны пасцельны рэжым. І каб заняць чымсьці  гэтыя нудныя дні, маці стала вучыць яе вязаць. З тых пор Ала Бабіцкая  не расстаецца з гэтым мастацкім заняткам. Колькі прыгожых рэчаў – сурвэтак, абрусаў і шмат іншага – выйшла з яе ўмелых рук. І не толькі рук. Кожная рэч – гэта сапраўдны твор мастацтва. Патрэбна прыдумаць узор, падабраць ніткі і перадаць свой стан душы.

Гэты занятак  – частка жыццця Алы Бабіцкай. Цудоўныя рэчы ўпрыгожваюць не толькі яе дом, але і пакоі сяброў. А яшчэ майстрыца заўсёды ўдзельнічае ў выставах народнай творчасці, якія арганізуюцца народным клубам майстроў народнай творчасці «Пралеска». Ала Аляксандраўна і сама ўпрыгожанне ўрачыстага адкрыцця кожнай выставы. Яна заўсёды нясе з сабою добры светлы настрой, умее  прывітаць усіх, парадавацца сустрэчы, падзівіцца на тварэнне рук іншых майстроў народнай творчасці раёна. Адметна, што ўпрыгожваюць Алу Аляксандраўну і рэчы на ёй, звязаныя сваімі рукамі. І тут праследжваюцца яе тонкі густ, багатая фантазія і прафесіянальнае выкананне. Гэтыя рэчы  такія ж аўтарскія, як і яе сурвэткі, носяць непаўторны адбітак індывідуальнасці майстрыцы, дэманструюць не толькі прыгажосць, але і характар.                      

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *