Змайстравалі адмысловы прычэп

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Здавалася б, купіць новую тэхніку для сельгаспрадпрыемства сёння можна без праблем – фірмы прапануюць, і выбар ёсць. Але не заўсёды здзелку можна ажыццявіць, бо дзеля гэтага патрэбны немалыя сродкі, якіх у гаспадарках нестае. І вось тады на дапамогу кіраўніцтву прыходзяць людзі, якіх звычайна называюць «самадзелкінымі», або «кулібінымі». Пашанцавала той гаспадарцы, дзе працуюць такія спецыялісты і работнікі, здольныя вырашаць, іншы раз, даволі складаныя задачы.  

Размаўляючы з намеснікам дырэктара ААТ «Рубяжэвічы» Ірынай Атрушкевіч на тэму нарыхтоўкі кармоў, даведалася, што рулоны з сенажом і сенам перавозяць з сенажацяў на прычэпе-рулонавозе, які зрабілі ў таварыстве. Каштуе такі прычэп сотні мільёнаў рублёў, а абышоўся гаспадарцы практычна дарэмна.

– Сабралі мы яго з металалому,  –  расказвае галоўны інжынер Валерый Лагеня, – а дакладней – выкарысталі патрэбныя нам часткі са спісанай тэхнікі. Прататыпам паслужыў прычэп рочавіцкіх калег. А ажыццявілі агульную задумку наладчык Анатолій Урбановіч, наша светлая галава, і зваршчык Станіслаў Чарнец.

Варта дадаць, што з майстрам на ўсе рукі Анатолем Урбановічам даводзілася сустракацца раней. Працаваў ён тады ў сельгаскааператыве «Тонава». Анатолій Іванавіч  – чалавек неардынарны, улюбёны ў тэхніку. Ён сабраў, калі можна так сказаць, з падручных сродкаў, уласны трактар. І будаўнік адмысловы. А пра тое, што наладчык ад Бога, дык аб гэтым і гаварыць не трэба: працаўнік даказвае гэта штодзённай работай.

Прычэп, які змайстравала каманда аднадумцаў, практычна не адрозніваецца ад заводскага. І паслужыць ён гаспадарцы не адзін год. Дарэчы, Валерый Іосіфавіч прагназуе яму некароткае жыццё, маўляў, нават на дзесяць гадоў  хопіць, бо зроблены на сумленне.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *