У чэрвені з МТФ «Целяхі» ТАА СЖК «Налібакі» малако паступае на малочны завод толькі гатункам «экстра».
– Адпраўляем адсюль перапрацоўшчыкам па шэсць тон штодзень, – гаворыць галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі. – Гэта амаль трэцяя частка ўсяго валавага надою ў таварыстве. Зразумела, маем і большы прыбытак – за кожны літр дадаткова атрымліваем 593 рублі.
Уладзімір Іосіфавіч расказвае, што дабіцца высокай якасці дазволілі некалькі фактараў. У першую чаргу, гэта сумленная праца даярак, якія строга прытрымліваюцца тэхналогіі даення. Дарэчы, людзі матэрыяльна зацікаўлены, бо атрымліваюць даплату. Набылі спецыяльныя сродкі гігіены для жывёлы. Аздаравілі дойны статак. У далейшым будуць прымаць усе неабходныя захады для таго, каб малако, што адгружаецца з таварыства, адпавядала найвышэйшаму гатунку па максімуме.